Канстытуцыя нам гарантуе…

Нашы правы, свабоды і абавязкі замацоўваюцца ў Канстытуцыі для таго, каб выкарыстоўвацца ў паўсядзённым жыцці. Галоўны ж абавязак дзяржавы — стварыць умовы і магчымасці для іх выканання.



article4.jpg

Галоўнае — умовы

Згодна з артыкулам 59 Канстытуцыі, дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Асноўным законам.

У частцы 2 артыкула 59 Канстытуцыі спецыяльна падкрэсліваецца: «Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў асобы». Гэта датычыцца кожнага прадстаўніка ўлады — ад кіраўніка дзяржавы да самага дробнага чыноўніка. Не збіваць, не прынiжаць грамадзян, не патрабаваць ад іх выплаты новых падаткаў, а ствараць умовы для лепшага жыцця.

Канстытуцыя пісалася ўсё ж разумнымі людзьмі. І гэтыя асобы разумелі: галоўнае — даць магчымасць грамадзяніну рэалізоўваць свае правы і свабоды. У такіх варунках грамадзянін добраахвотна падзеліцца часткай сваіх заробкаў (падаткамі) з тымі, хто гэтыя правы, свабоды і магчымасці яму забяспечвае. Грамадзянін будзе і адказным у выкананні сваіх абавязкаў. А калі свае абавязкі не выконвае дзяржава, паводзячы сябе часам па-хамску? Чаму тады грамадзянін павінен выконваць свае абавязкі перад дзяржавай? Лагічнае пытанне, ці не праўда?

Прадстаўнік улады — гэта слуга грамадзян і народа ў цэлым. Калі ён забываецца на сваё прызначэнне і пачынае «забаўляцца» (злоўжываць уладай), яму трэба адмовіць у даверы — то бок, пазбавіць пасады. На гэта дакладна ўказвае частка 3 артыкула 59 Канстытуцыі: «Органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы».

Ці выконваецца гэтая норма на практыцы? Відавочна, што органы ўлады не прымаюць «неабходных мер» для ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян, і ніхто не нясе адказнасці за дзеянні, «якія парушаюць правы і свабоды асобы». Такога кшталту дзеянні можна кваліфікаваць у адных выпадках як «бяздзейнасць службовай асобы», а ў іншых — і ўвогуле як «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

 

Суд — абаронца?

Па ідэі, абскарджваць парушэнне сваіх правоў можна ў судзе. Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі, кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і неперадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

Гэтая норма — адкрыццё для тых, хто яшчэ не зразумеў, у чым па законе павінна быць прызначэнне суда. Не караць тых, хто паўстаў перад ім, а абараняць! Суд існуе, перш за ўсё, для абароны грамадзян, а не для іх асуджэння. У гэтым — прынцыповае адрозненне суда ў дэмакратычнай дзяржаве ад суда ў таталітарнай сістэме ўлады.

Тое ж кажа і Кодэкс «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў». Паводле яго, прыярытэтная задача судоў — абарона гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правоў і свабод грамадзян. У Кодэксе таксама адзначаецца, што суды ажыццяўляюць правасуддзе у адпаведнасці з Канстытуцыяй і «... іншымі нарматыўнымі прававымі актамі».

Аднак зараз суддзі практычна не ажыццяўляюць праваабарончую функцыю. Суды, як правіла, не прымаюць да разгляду скаргі на неправамерныя дзеянні органаў кіравання і службовых асоб. Шмат разоў грамадзяне Беларусі спрабавалі падаць у суд на Аляксандра Лукашэнку і вышэйшых чыноўнікаў. Але заяўнікам прыходзяць адпіскі з фармулёўкай: «Разгляд іску не ў кампетэнцыі суду». Хацелася б даведацца, у чыёй жа ён тады кампетэнцыі?

У адміністрацыйных справах рашэнні суда нярэдка прымаюцца на падставе сведчанняў работнікаў міліцыі, якія нават не бачылі асоб, прыцягнутых да адказнасці. І добра яшчэ, калі сведкі-міліцыянты асабіста з’яўляюцца ў суд. Іншым разам «суткі» можна атрымаць толькі паводле напісаных міліцыянтамі шаблонных пратаколаў. У крымінальным працэсе суддзі часцей за ўсё аддаюць перавагу дзяржаўнаму абвінаваўцы, пакідаючы без увагі аргументы абароны.

Канстытуцыйны суд не ўпаўнаважаны разглядаць скаргі грамадзян на парушэнне іх правоў і свабодаў. Па сутнасці, ён «бесстаронне» назірае, як парушаюцца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, у тым ліку ў нарматыўных актах, выдадзеных вышэйшымі органамі ўлады.

Абарона — справа доўгая

Пасля рэферэндуму 1996 года ў Канстытуцыю быў уключаны артыкул 61, згодна з якім кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Пакуль што грамадзянам Беларусі можна скардзіцца толькі ў адну інстанцыю — Камітэт ААН па правах чалавека ў Жэневе. Ён прымае да разгляду індывідуальныя скаргі на дзеянні нацыянальных уладаў, калі тыя парушаюць правы і свабоды, прадугледжаныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У гэтую інстанцыю могуць звяртацца грамадзяне ўсіх дзяржаў-сябраў ААН, а такіх зараз — 193 краіны. Адпаведна, скаргаў там больш чым дастаткова. Таму чакаць «чаргі» на разгляд прыходзіцца гадамі. Але найбольш прынцыповыя грамадзяне туды ўжо «праклалі дарожку».

КПЧ ААН вынес каля 60 рашэнняў па скаргах грамадзян Беларусі, і амаль ва ўсіх выпадках прызнаў, што ўлады краіны дапусцілі парушэнне сваіх міжнародных абавязацельстваў.

Здавалася б, трэба прызнаць свае памылкі і выканаць патрабаванні ААН. Але ўлады не хочуць лічыцца ні з міжнароднымі абавязацельствамі, ні з нормамі Канстытуцыі. Усе рашэнні КПЧ ААН у адносінах да грамадзян Беларусі застаюцца не выкананымі. Юрыдычна гэта можна кваліфікаваць як злачынную бяздзейнасць, якая носіць працяглы характар.

А ў вас ёсць адвакат?

У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 62 Канстытуцыі, кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны сваіх правоў і свабодаў. Гэта значыць, што ў любы момант можна карыстацца дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, у адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. Згодна з часткай 2 гэтага артыкула, супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Такім чынам, дзеля абароны сваіх інтарэсаў грамадзянін мае права запрасіць не толькі адваката, але і «іншых прадстаўнікоў». Прычым абраць гэтых прадстаўнікоў па сваім жаданні. Чалавек можа карыстацца іх дапамогай не толькі ў судзе, а ў любых дзяржаўных органах (міліцыі, пракуратуры, судах, следчых ізалятарах, турмах, калоніях і інш.), прадпрыемствах, установах, арганізацыях і г.д. Для гэтага дастаткова аформіць дакументы аб прадстаўніцтве.

На самай жа справе суддзі «адводзяць» прадстаўнікоў простым пытаннем: ці ёсць у яго юрыдычная адукацыя? У заканадаўстве не замацавана такое патрабаванне, але гэта часцяком з’яўляецца падставай для нядопуску прадстаўніка, напрыклад, да ўдзелу ў судовым працэсе. Аказанне ж юрыдычнай дапамогі ў Беларусі фактычна манапалізавана адвакатамі.

З аднаго боку, гэта апраўдана, бо адвакаты з’яўляюцца найбольш кваліфікаванымі юрыстамі. Але з іншага, не кожнаму паслугі адваката «па кішэні», а бясплатная юрыдычная дапамога аказваецца толькі ў выключных выпадках.

Дый наконт якасці «бясплатнай абароны» даволі шмат пытанняў. Існуе нават показка: «Дзяржаўны адвакат — памочнік пракурора».

Самі адвакаты і іх арганізацыі знаходзяцца пад шчыльным кантролем дзяржаўных органаў. Ужо неаднаразова адвакатам самім была патрэбная абарона — за абарону палітычных апанентаў улады іх проста пазбаўлялі адвакацкай ліцэнзіі.

Каму патрэбная такая дарагая і ў той жа час падкантрольная ўладзе юрыдычная дапамога? Чаму ўлады не жадаюць дапусціць шырокае прадстаўніцтва з боку іншых грамадзян, як таго патрабуе Канстытуцыя? Відавочна, што сістэма юрыдычнай дапамогі павінна быць больш даступная і разнастайная, і манаполію адвакатуры ў гэтай сферы варта скасаваць.

Абмежаванні — выключэнне

Канстытуцыя зыходзіць з таго, што грамадзянін можа разлічваць на поўнае ажыццяўленне ўсіх сваіх правоў і свабод. Абмежаванне на іх выкананне можа дзейнічаць толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Згодна з артыкулам 63 Канстытуцыі, — толькі ў выпадку ўвядзення ў краіне надзвычайнага або ваеннага становішча.

Зразумела, што ваеннае ці надзвычайнае становішча ўводзіцца не проста так, і яно павінна ўводзіцца па законе. Але і ў такім становішчы «скасоўваюцца» не ўсе правы і свабоды грамадзянаў. Так, не дапускаецца абмежаванне права на абарону жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў, у тым ліку з боку ўладаў (арт. 24); права не падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму годнасць абыходжанню або пакаранню (ч. 3 арт. 25); права не прызнавацца вінаватым у здзяйсненні злачынства да таго часу, пакуль віна не даказаная ва ўстаноўленым законам парадку (арт. 26); права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі (арт. 31).

Але ж, і без увядзення надзвычайнага або ваеннага становішча канстытуцыйныя гарантыі правоў і свабод грамадзян практычна «не працуюць». Дзяржава, яе органы і службовыя асобы не выконваюць сваіх абавязацельстваў перад грамадзянамі, пакідаючы іх бяспраўнымі і безабароннымі. Што з гэтым можна зрабіць?

Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце novychas.info.