Бабруйск: Аляксею Жалнову — тры гады "хіміі" і 50 мільёнаў рублёў кампенсацыі
У судзе г. Бабруйска скончыўся разгляд крымінальнай справы Аляксея Жалнова — сына вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова.
Аляксей Жалноў
25-гадоваму Аляксею інкрымінавалася парушэнне артыкула 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Жалноў-малодшы абвінавачваўся ў тым, што 4-га верасня 2013 года, калі яго разам з бацькам затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама (на думку праваабаронцаў — незаконна), ён прычыніў лёгкія цялесныя пашкоджанні капітану міліцыі Аляксандру Бутоўскаму (нібыта ўдарыў яго па галаве).
18 ліпеня, пасля сямі судовых пасяджэнняў, суддзя Юлія Беразюк агучыла прысуд: прызначыць Аляксею Жалнову пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову і спагнаць 50 мільёнаў на карысць Бутоўскага у выглядзе кампенсацыі маральнай шкоды.
Аляксей Жалноў вінаватым сябе не прызнае і збіраецца аспрэчыць прысуд у судзе вышэйшай інстанцыі.
Паводле яго слоў, увесь інцыдэнт, які разглядаўся ў судзе, выдуманы капітанам Бутоўскім. І сама справа, і прысуд — з'яўляюцца помстай за блогерскую дзейнасць яго бацькі.
Жалноў-старэйшы таксама лічыць, што ўсё гэта з'яўляецца помстай і запалохваннем. «Ніякіх правапарушэнняў Аляксей не здзяйсняў, — сцвярджае блогер, — ён толькі дапамог мне зафіксаваць на відэакамеру парушэнні закона супрацоўнікамі міліцыі».
У ходзе разгляду справы Жалнова-малодшага праваабаронцы звярнулі ўвагу на шматлікія нестыкоўкі: капітан ДАІ Аляксандр Бутоўскі спачатку заявіў медыкам, што яго ўдарылі па галаве на вуліцы, затым ён сцвярджаў, што гэта адбылося ўжо ў самім будынку ДАІ. Атрымаўшы страсенне мозгу, Бутоўскі, паводле яго слоў, самастойна, на службовай машыне, паехаў да медыкаў. Між тым вядома, што пры страсанне галаўнога мозгу фізічны стан пацярпелага не дазваляе яму кіраваць машынай, нармальна перасоўвацца, працягваць нясенне службы.
Нагадаем: 4 верасня 2013 г. бацька і сын Жалновы зафіксавалі на відэакамеру парушэнне правілаў дарожнага руху (незаконная паркоўка) супрацоўнікамі міліцыі і звярнуліся з гэтай нагоды з вуснай заявай да работнікаў ДАІ. У выніку абодвух затрымалі. У студзені 2014 г. супраць Аляксея Жалнова ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Праваабаронцы адзначаюць, што метады, якія прымяняюцца супраць Жалновых, вядомыя з савецкіх часоў, калі для таго, каб пасадзіць «непажаданага» чалавека, трэба было толькі абвінаваціць яго ў нападзе на супрацоўніка міліцыі ці пашкоджанні яго формы.