Каталонія—Беларусь: хто больш любіць сваю мову

Галоўная адметнасць амаль любой краіны свету — мова. Таму, да Міжнароднага свята дня роднай мовы параўнаем моўную сітуацыю ў Каталоніі з Беларуссю.  



mova_6.jpg

Шматлікія каталонцы лічаць, што ўсе, хто размаўляе па-каталонску, маюць каталонскую нацыянальную ідэнтычнасць і, адпаведна, павінны быць складнікамі аднаго дзяржаўнага фармавання. Прыкладнымі межамі гэтай дзяржавы лічыліся кардоны сярэднявечнага Арагонскага Каралеўства, якое ў найлепшыя часы ўключала Корсіку, Сіцылію, Неапаль і г.д.

Каталонскія патрыёты лічаць тую эпоху залатым часам сваёй гісторыі, хаця каталонская мова, хоць і была сапраўды вельмі распаўсюджанай, не мела статусу дзяржаўнай. Справаводства ў каралеўстве вялося на лацінскай або на іспанскай мовах.

Знакавая дата для каталонцаў — 11 верасня 1714 года — лічыцца нацыянальным святам Каталоніі, бо нацыянальных дух і незалежніцкі характар засталіся назаўсёды, хоць іспанцы тады перамаглі. Пасля паразы ў вайне за іспанскую спадчыну (1705–1714гг.) была адменена аўтаномія і прывілеі.

Два з паловай стагоддзі іспанцы разбуралі нацыянальную ідэнтычнасць каталонцаў, забаранілі мову ў справаводстве, канстытуцыю, зачынілі каталонскія ўніверсітэты, сярэднія і пачатковыя школы… але, каталонскай мове здрадзіла спачатку заможная вярхушка, пазней і шмат іншых.

Страціўшы незалежнасць у сярэднія вякі, каталонцы неяк захавалі сваю мову і адметнасць. У ХХ ст. пры Франку мова амаль знікла з ужытку, але пасля падзення дыктатуры адбылося імклівае адраджэнне.

Сёння працоўная мова ў парламенце амаль цалкам каталонская.

Беларусы, маючы незалежнасць шмат гадоў, не маюць магчымасці мець увесь палітычны спектр краіны ў заканадаўчым органе. Мова ў беларускім заканадаўчым органе — руская. Беларуская — як выключэнне ў некаторых дэпутатаў. Справаводства (за рэдкім выключэннем) таксама ў незалежнай дэ-юрэ Беларусі пасля 1995 года вядзецца на мове былой метраполіі. А ў іспанскай аўтаноміі Каталонія—на каталонскай.

Пачатковая і сярэдняя адукацыя ў Каталоніі таксама толькі па-каталонску.

Гэта як бы кампенсуе тыя галіны гаспадаркі, дзе дамінуе іспанская — у войску, важнейшых галінах паліцыі, цэнтральных тэлеканалах.

Дзякуючы школьнай адукацыі на роднай мове дзеці выдатна валодаюць і роднай, і іспанскай — праз СМІ, навакольныя стасункі паміж людзьмі. Каталонскія выпускнікі школ, дзякуючы і двухмоўю на ЦТ па іспанскай мове паказваюць больш высокі ўзровень ведаў, чым сярэднія паказчыкі па Іспаніі...

У Беларусі тых, хто размаўляе дома па-беларуску, толькі за адно дзесяцігоддзе — з 1999 па 2009 гг. — дзякуючы “дзяржаўнай падтрымцы” стала менш на 14%. Дзяржава больш удзельнічае ў папулярызацыі не беларускай, якая гэтага чакае, а рускай мовы ў СМІ, школе, ВНУ. Таму яе месца паступова займаюць грамадскія ініцыятывы, якім фактычна не толькі не дапамагаюць, а часамі чыняць розныя перашкоды. Але чаму пры аднолькавых падатках, большыя прывілеі мае мова суседняй краіны, якой нічога не пагражае?

За апошнія 20 гадоў прэстыж мовы ў вышэйшых навучальных установах таксама значна знізіўся. У 1991 годзе ў Гродна быў адчынены факультэт беларускай мовы і літаратуры, на які быў аграмадны конкурс жадаючых там вучыцца.

…Сто гадоў таму, у часы Першай сусветнай вайны, немцамі быў дадзены дазвол на адкрыццё беларускіх школ (па розных звестках, ад 150 да 350 школ) і настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У Расійскай імперыі мова была на дзясяткі гадоў забаронена. Першыя прыватныя падпольныя беларускія школы з’явіліся ў 1907 годзе — у год заснавання нелегальнага беларускага настаўніцкага саюза, дзе актыўна працаваў і за што атрымаў 3 гады імперскага астрогу беларускі класік літаратуры Якуб Колас. Славутая Цётка (Алаіза Пашкевічанка) ў 1912 годзе стварала з іншымі сябрамі падпольныя беларускія школы ў Вільні, Лідзе... Дазвол на адкрыццё школ у часы Расійскай імперыі (1905 г.) атрымалі палякі і летувісы, беларусам мець свае школы ўлады імперыі забаранялі фактычна да кастрычніцкай рэвалюцыі.

Парадаксальна, але толькі пры немцах першая беларуская публічная школа афіцыйна з’явілася ў Вільні ў лістападзе 1915 г., (дагэтуль навучанне на беларускай мове вялося патаемна) у Гродна — у красавіку 1916 г.

Сёлета ў Гродна — юбілей, 100 гадоў першай афіцыйнай беларускай школе!

На жаль, сёння — праз 100 гадоў! — у Гродна няма ніводнай беларускай школы. У Гродзенскім раёне засталіся 2 школкі. Усё трэба пачынаць спачатку.

Беларускія школы ў Гродна былі ўсе пераведзены на рускую мову. Дзякуючы актыўным бацькам, ТБМ і аддзелам адукацыі ў некалькіх школах з 2010 года з’явіліся беларускія класы. Колькасць вучняў паступова павялічваецца. За апошнія 20 гадоў улады моцна перагнулі палку, бацькі будучых першакласнікаў баяцца аддаваць сваіх дзяцей у беларускія класы, бо да канца не ўпэўнены, што рашэнне ўладаў па адкрыцці беларускіх класаў і школ — не новая гульня. Яны чакаюць далейшых крокаў ад дзяржавы і грамадства. Напрыклад, было б вельмі добра, каб нехта з вышэйшага кіраўніцтва краіны хоць раз на месяц (лепш у тыдзень) прамаўляў па тэлебачанні па-беларуску, каб гэтыя “сігналы” паўтаралі па ўсёй вертыкалі і былі адкрыты (пераведзены) некалькі невялікіх (дзяржаўных ці прыватных) беларускіх ВНУ.

…У Каталоніі ва ўніверсітэтах выкладчыкі выбіраюць самастойна мову выкладання, бо ведаюць, што мясцовыя студэнты валодаюць мінімум дзвюма мовамі, а замежнікі прыкладуць намаганні, каб іх вывучыць.

У Гродзенскім універсітэце — наадварот. Каб зменшыць уплыў беларускамоўных выкладчыкаў на студэнтаў, адпаведныя структуры знайшлі надуманыя прычыны і тэхналогію выключэння іх з універсітэту. Нават студэнтаў з Сярэдняй Азіі нехта заахвоціў пісаць заявы ў дэканат на перавод навучання з беларускай на рускую. Грамадскія ініцыятывы гадамі стараюцца захаваць маленькія выспы беларускасці, а адпаведныя службы за адзін міг робяць зачыстку гэтага, надумаўшы розныя прычыны. Дастаткова ўзгадаць найбольш знакавыя: забарону прэзентацыі кніг В. Булгакава, забарону прэзентацыі кнігі В. Марціновіча, зарабону кампакт-дыску пра культурных дзеячаў Гарадзеншчыны, шыльды назваў вуліц і прыпынкаў транспарту, закрыццё факультэта беларускай мовы, неатрыманне памяшкання для курсаў беларускай мовы "Мова нанова" і “Моваведа” ад гарадскіх уладаў у 2015 годзе.

…У Каталоніі тэхналогіі працуюць наадварот —для пашырэння роднай мовы. Тэхналагічнае “ моўнае пагружэнне” адмыслова распрацавана мясцовым Каталонскім парламентам каб мова магла сапраўды адрадзіцца…

...У Каталоніі мова дакументацыі — каталонская, але калі грамадзянін звяртаецца па-іспанску, то і чыноўнік адразу “пераключаецца” ў размове на іспанскую…

У нас гэта —хутчэй выключэнне.

Паводле закона 1998 г. у Каталоніі ўсе шыльды, вывескі павіны быць па-каталанску. Ёсць і сімвалічны штраф за невыкананне закону. І гэта ў краіне, якая называецца Іспанія!

У Беларусі назіраецца адваротны працэс. Шыльды з назвамі вуліц, крамаў, назвы тралейбусных прыпынкаў нават пры шматлікіх зваротах і заўвагах працягваюць пісаць з вялікай перавагай па-руску. Канстытуцыйны суд у студзені гэтага года ўжо ў другі раз (першы быў у 2003 годзе) прызнаў, што «пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моваў на практыцы баланс іх выкарыстання не заўсёды захоўваецца».

У Беларусі большасць насельніцтва прызнае роднай беларускую. Але дзяржаўныя механізмы па інерцыі і з-за кансерватызму яшчэ працуюць супраць гэтай большасці.

У Каталоніі перавагу аддаюць іспанскай 45%, каталонскай — 35%. Каля 20% актыўна карыстаюцца трасянкай, ці абедзвюма мовамі…

Пасля аднаўлення ў 1978 годзе дэмакратыі, атрымаўшы аўтаномны статус, аўтахтоны і мігранты выступілі за падтрымку каталонскай мовы. Напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя амаль усе жыхары Каталоніі навучыліся разумець і гаварыць на ёй. Убачылі, што для грамадства мова станавілася цэментам, які трымае ўсю канструкцыю.

З Міжнародным днём роднай мовы!