Моўная разнастайнасць ці моналінгвістычны від?

Толькі за апошняе стагоддзе вымерла каля 400 моваў, і большасць лінгвістаў лічыць, што 50% з 6500 моваў свету знікне да канца гэтага стагоддзя. Некаторыя сцвярджаюць, што не 50%, а 90%. Ці магчыма захаваць моўную разнастайнасць альбо мы ператвараемся ў моналінгвістычны від?



maxresdefault1_800x450.jpg

У свеце існуе шмат небяспекаў для моваў, і немагчыма адзначыць самую рэдкую. Ёсць як мінімум 100 моваў, носьбітаў якіх можна пералічыць на пальцах рукі. Мова звычайна трапляе ў крызісны стан пасля таго, як замяшчаецца сацыяльна, палітычна і эканамічна даміноўнай. У гэтым выпадку большасць гаворыць на даміноўнай мове, бо яна з’яўляецца ключом доступу да працоўных месцаў, адукацыі і магчымасцяў. Часам, асабліва ў супольнасцях імігрантаў, бацькі вырашаюць не вучыць дзяцей роднай мове, бо гэта, на іх думку, абмяжоўвае поспех тых у жыцці.

Носьбіты моваў меншасцяў зазналі доўгую гісторыю пераследу. Пераслед адбываецца і цяпер.

Выміраючыя мовы

budzma.by__wp_content_uplo_8a70819ec57c2d648765c0d86af57142.jpeg

З тых ці іншых прычынаў мовы паміраюць ва ўсім свеце. ЮНЭСКА стварыла атлас моваў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, і ён налічвае 576 моваў, і яшчэ тысячы, што класіфікуюцца як знікаючыя. Найбольшая колькасць моваў знікае ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. “Я хацеў бы сказаць, што практычна ўсе мовы меншасцяў у ЗША і Канадзе знаходзяцца пад пагрозай знікнення”, — кажа Пітэр Осцін, прафесар палявой лінгвістыкі ва Універсітэце Лондана. “Нават такая мова, як наваха, з тысячамі носьбітаў, падпадае пад гэтую катэгорыю, таму што ёй навучаецца вельмі мала дзяцей”. Калі мераць прапорцыямі да насельніцтва, то Аўстралія трымае сусветны рэкорд па знікаючых мовах. Калі еўрапейцы ўпершыню прыбылі туды, абарыгены размаўлялі на 300 мовах ва ўсёй краіне. З тых часоў каля сотні з іх зніклі, і лінгвісты лічаць, што 95% захаваных — на апошнім дыханні. Каля дзесяці з 300 яшчэ вывучаюцца дзецьмі.

Але ці мае значэнне, калі знікае нейкая незразумелая мова, на якой размаўляюць некалькі чалавек у нейкім ізаляваным кутку свету?

Некаторыя людзі сцвярджаюць, што страта мовы — гэта проста факт жыцця на планеце, што пастаянна змяняецца. Але контраргументаў багата. “Многія людзі спасылаюцца на сацыяльны дарвінізм і кажуць “каму ёсць да гэтага справа, — кажа Марк Турын, антраполаг і лінгвіст Ельскага ўніверсітэта. — Але мы выдаткоўваем вялікія грошы, каб абараніць віды і біяразнастайнасць, дык чаму гэта не мусіць распаўсюджвацца на вельмі чалавечае і чаму не павінна быць аналагічна падмацаваным і абароненым?”

Больш за тое, мовы — носьбіты чалавечай спадчыны. Пісьмо з’явілася параўнальна нядаўна ў нашай гісторыі (пісьмовыя сістэмы маюць каля траціны сусветных моваў), так вусная гаворка часта з’яўляецца адзіным спосабам перадаць супольнасці песні, апавяданні і вершы. “Іліяда” была вусным аповедам перад тым, як была напісаная, як і “Адысея”. “Мы не будзем ведаць пра шмат якія традыцыі ў свеце, бо іх ніхто не запісаў, перш чым знікла мова”, — кажа Осцін.

budzma.by__wp_content_uplo_e48b098917b23096201be2241757b04e.jpeg

Мовы перадаюць унікальнасць культуры. У чэрокі, напрыклад, няма слова для развітання, толькі “Я пабачу вас зноў”. Таксама не існуе фразы для “мне шкада”. З іншага боку, існуюць іншыя выразы, свае ўласныя. Адно слова — “оо-ках-хух-сдэе” — з’яўляецца выразам захаплення, калі чалавек бачыць мілае дзіця ці кацяня. “Усе гэтыя рэчы перадаюць культуру, з’яўляюцца спосабам інтэрпрэтацыі чалавечых паводзінаў і эмоцый, якія перадаюцца не так, як у англійскай”, — кажа Том Бэлт, чэрокі. Без мовы культура робіцца няўстойлівай і можа знікнуць. “Калі мы хочам выжыць, жыць і развівацца як народ з асобнай і унікальнай культурай, мы павінныя мець мову”, — працягвае ён.

“Гэта вельмі складана зразумець носьбіту англійскай мовы, — дадае Ленор Грэнобль, лінгвіст ва Універсітэце Чыкага. — Але мы пастаянна чуем, што людзі вельмі асабіста перажываюць страту сваёй мовы”.

Багацце мудрасці

 Яшчэ адзін аргумент адлюстроўвае структуру захавання біяразнастайнасці. Гэтак жа, як экасістэмы забяспечваюць мноства паслуг для чалавецтва — адны вядомыя, іншыя яшчэ не адкрытыя, і іх трэба адкрыць — мовы таксама ўтрымліваюць магчымасці. Яны маюць назапашаную сукупнасць ведаў, у тым ліку геаграфіі, заалогіі, матэматыкі, навігацыі, астраноміі, фармакалогіі, батанікі, метэаралогіі і многае іншае. “Ніводная культура не валодае манаполіяй на чалавечы геній, і мы не ведаем, адкуль прыйдзе наступная бліскучая ідэя, — кажа Харысан. — Мы губляем старажытныя веды, калі губляем мовы”.

budzma.by__wp_content_uplo_64187ff34394bdcdda3b8bbda4099064.jpeg

Нарэшце, мовы — гэта спосабы інтэрпрэтацыі свету, і няма дзвюх аднолькавых моваў. Мовы даюць уяўленне пра неўралогію, псіхалогію і лінгвістычныя здольнасці. “Розныя мовы забяспечваюць розныя спосабы мыслення і рамкі для мыслення і вырашэння праблем”, — кажа Харысан. Вяртаючыся да чэрокі: у адрозненне ад англійскай, яна больш пабудаваная на дзеясловах, чым на назоўніках, і гэтыя дзеясловы могуць быць спалучаныя мноствам спосабаў, у залежнасці ад таго, як і кім ажыццяўляецца дзеянне. І ў залежнасці ад суфікса носьбіты мовы могуць паказаць, дзе знаходзіцца назоўнік — ад сябе ці ад іх; вышэй або ніжэй. Гэта больш дакладны спосаб стасавацца са светам, чым у англійскай мове. “Гэта памылковае меркаванне, што мовы простыя толькі таму, што многія з іх ненапісаныя, — кажа Турын. — Большасць з іх утрымлівае неймаверна складаныя граматычныя сістэмы, якія нашмат перавышаюць англійскія”.

Змагацца, каб захаваць

Лінгвісты робяць усё, каб дакументаваць і архіваваць мовы, што хутка знікаюць. Іх намаганні ўключаюць слоўнікі, запісы гісторый і традыцый, пераклады вусных апавяданняў. “Калі ёсць добрая дакументацыя, ёсць шанец, што гэтыя мовы можна ажывіць у будучыні, нават пасля таго, як яны перастануць існаваць”, — кажа Турын.

Аднак без носьбітаў ці асобаў, зацікаўленых у аднаўленні моваў, гэтыя намаганні — як “захаванне музейных экспанатаў”.

budzma.by, паводле Рэйчэл Нувар, BBC