Кэтрын Эштан асудзіла смяротны прыгавор Аляксандру Грунову

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан зноў асудзіла чарговы смяротны прыгавор, вынесены ў Беларусі, і ў чарговы раз заклікала беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротную кару. 



smert_lagatyp.jpg


Заява Эштан была распаўсюджана ў Бруселі ў мінулую пятніцу ў сувязі з новым (другім на працягу месяца) смяротным прыгаворам, які Гомельскі абласны суд вынес 24 снежня 25-гадоваму Аляксандру Грунову — забойцы гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года, ёй было нанесена больш чым 100 нажавых раненняў. Забойства студэнткі Груноў учыніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіванне сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той памёр. 
У сваёй заяве кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі адзначае, што ўсведамляе ўсю сур'ёзнасць злачынстваў, у якіх прызналі вінаватым Грунова. Тым не менш, падкрэслівае Кэтрын Эштан, ЕС выступае супраць смяротнай кары пры любых абставінах, паколькі "смяротная кара з'яўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараннем, якое не ў стане быць стрымальным фактарам, і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і цэласнасці". 
Еўракамісар выказала надзею на тое, што права Грунова на абскарджанне будзе поўнасцю ажыццёўлена, і ў чарговы раз заклікала ўлады Беларусі далучыцца да ўсеагульнага мараторыя на вышэйшую меру пакарання, зрабіўшы такім чынам першы крок да поўнай адмены смяротнай кары. 
З аналагічнай заявай Эштан выступіла 19 снежня, пасля таго як стала вядома аб вынясенні ў канцы лістапада Мінскім абласным судом смяротнага прыгавору 53-гадоваму Эдуарду Лыкаву. 
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара. Менавіта наяўнасць смяротнай кары з'яўляецца асноўнай перашкодай для ўваходжання Беларусі ў Савет Еўропы. На шматлікія заклікі праваабаронцаў і сусветнай супольнасці ўвесці мараторый на смяротную кару або адмяніць яе беларускія ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, у ходзе якога большасць беларускіх грамадзян выступілі за захаванне смяротнай кары.
БелаПАН