Кісінджэр вярнуўся? Дасье ў карыкатурах

Візіт Сі Цзіньпіна ў Маскву многія параўноўваюць з вядомым візітам Рычарда Ніксана і Генры Кісінджэра ў Пекін у 1972 годзе, у выніку якога поўнасцю змянілася геапалітычная сітуацыя ў свеце.

9_143.jpg

Калі б нехта на пачатку 70-х сказаў, што ЗША і Кітай хутка стануць партнёрамі, яго б, напэўна, запісалі ў вар’яты. Па заканчэнні грамадзянскай вайны ў Кітаі, якая завяршылася перамогай камуністаў, краіны з'яўляліся непрымірымымі антаганістамі. Больш за тое, кітайцы змагаліся супраць амерыканскіх войскаў падчас вайны ў Карэі. Падчас В'етнамскай вайны КНР таксама падтрымлівала супернікаў ЗША. «Янкі» адносіліся да кітайскіх камуністаў люстэркава, пра што сведчаць карыкатуры тых гадоў. На адной з іх Кітай намаляваны як пачвара, якая ахутала сваімі шчупальцамі ўвесь азіяцкі рэгіён.

1_686.jpg

Росту напружанасці ў кітайска-амерыканскіх адносінах садзейнічала праблема Тайваня. Вашынгтон працягваў аказваць падтрымку ўладам Кітайскай Рэспублікі (КР), якія эвакуяваліся ў 1949-м на востраў Тайвань, і прызнаваў іх адзіным законным урадам Кітая. Акрамя таго, ЗША стала галасавалі супраць перадачы месца ў ААН ад Кітайскай Рэспублікі да КНР (у 1945-1971 гг. КР была чальцом ААН і займала месца ў Радзе Бяспекі ААН). Савецкі часопіс «Крокодил» бачыў гэтую абсурдную сітуацыю наступным чынам.

2_636.jpg

Шанец на паляпшэнне адносін Пекіна і Вашынгтона, безумоўна, даў канфлікт Хрушчова і Мао. Хрушчоўскую крытыку Сталіна кітайцы ўспрынялі як «рэвізіянізм» і «здраду сацыялізму». А ў 1969 годзе спрэчкі паміж дзвюма звышдзяржавамі выліліся ва ўзброены канфлікт на востраве Даманскі. Тое, як радыкальна змяніліся адносіны СССР і КНР літаральна за адну дэкаду, праілюстраваў у 1967 годзе часопіс «The Newsweek».

3_570.jpg

Зрэшты, аднаго толькі канфлікту Хрушчова і Мао для змены сусветнага балансу было мала. Амерыка доўгі час жыла ў атмасферы дзікай антыкамуністычнай істэрыкі. Рычард Ніксан, які стаў прэзідэнтам у 1968 годзе, таксама пазіцыянаваў сябе як кансерватар і антыкамуніст. Змяніць настроі ў амерыканскай эліце ўдалося прэзідэнцкаму дарадцу Генры Кісінджэру. Ён пераканаў Ніксана забыцца на старыя забабоны і прагматычна скарыстацца крызісам адносінаў паміж КНР і СССР. На малюнку таго часу Кісінджэр вучыць Ніксана есці кітайскімі палачкамі. Аўтар малюнка — Том Энгельхардт (Tom Engelhardt).

4_532.jpg


Так пачаўся славуты «Пекінскі манеўр» Кісінджэра. У жніўні 1971-га ён таемна наведаў Паднябесную і пераканаў Мао сустрэцца з прэзідэнтам ЗША. Апошні прыбыў у КНР у лютым 1972-га. Аднак першым практычным крокам на шляху нармалізацыі кантактаў стала нечаканае запрашэнне ў Кітай амерыканскай зборнай па настольным тэнісе ў красавіку 1971 года. Гэта стала першым візітам афіцыйнай амерыканскай дэлегацыі ў гэтую краіну. Так пастаў тэрмін «пінг-понгавая дыпламатыя». Не дзіўна, што дыялог Мао і Ніксана часта малявалі як матч у настольны тэніс. Малюнак часопіса «The Time» 1972 года.

5_495.jpg

Што тычыцца вынікаў візіту, то, безумоўна, гэта быў трыумф амерыканскай дыпламатыі. Амерыцы фактычна ўдалося перацягнуць Кітай на свой бок і ператварыць яго ў саюзніка. Не дзіўна, што сучасныя мастакі выяўлялі сустрэчы Ніксана і Мао як танцавальны дуэт пад акампанемент Кісінджэра. Малюнак часопіса «The New Yorker».

6_368.jpg


Вось так адным махам Ніксан з Кісінджэрам перачарцілі мапу свету, фактычна разваліўшы сацлагер. СССР і Кітай сталі ўсё часцей сутыкацца ў трэцім свеце. Іх адносіны яшчэ больш пагоршыў увод савецкіх войск у Афганістан (снежань 1979 года). Кітай, як і ЗША, расцаніў дзеянні СССР як агрэсію супраць незалежнай дзяржавы. У 1980 годзе кітайская зборная далучылася да байкоту Алімпійскіх гульняў у Маскве. Не дзіўна, што ў СССР карыкатурысты ў той час малююць Кітай выключна як вернага саюзніка ЗША. Малюнак кіеўскага часопіса «Перець» (УССР).

7_267.jpg

Аднак амерыканска-кітайская ідылія таксама працягнулася нядоўга. Першым званком стаў разгон дэмакратычнага мітынгу на пекінскай плошчы Цяньаньмэнь (1989 год). У 2000-х амерыканскі эстэблішмент пачынае называць Кітай «стратэгічным канкурэнтам» — маючы на ўвазе, што амерыканскай знешняй палітыцы неабходна перайсці да стрымлівання КНР. Акрамя таго, Вашынгтон пачынае актыўна падтрымліваць лідара тыбецкіх будыстаў і рух уйгураў. Пры Трампе паміж краінамі пачынаюцца гандлёвыя войны. Цяперашняя байдэнская адміністрацыя абяцае абараняць Тайвань ад кітайскай агрэсіі. Многія, як, напрыклад, ілюстратар газеты «Financial Times», малююць сучасныя адносіны паміж краінамі як сур'ёзнае супрацьстаянне.

8_178.jpg

І вось дэжа-вю. На фоне пагаршэння адносінаў Пекіна і Вашынгтона Масква пачынае флірт з кітайцамі. Візіт Сі Цзіньпіна ў Маскву на мінулым тыдні параўноўваюць са знакамітым турам Ніксана ў Кітай. Гэтая няхітрая аналогія займае розумы заходніх палітолагаў. Няўжо ў расійскім МЗС творча пераасэнсавалі дыпламатычную стратэгію Кісінджэра? Так бачыць, напрыклад, становішча амерыканскі мастак Branco. На яго малюнку Джо Байдэн, захапіўшыся тэмамі гендару і клімату, ігнаруе пагрозу кітайска-расійскага альянсу. Зрэшты, некаторыя лічаць, што паўнавартаснага пакта РФ і КНР не атрымаецца, паколькі ў гэтым тандэме Расія больш слабая і сваю волю ёй будзе дыктаваць больш моцны Пекін. Пажывём — пабачым.

9_143.jpg