Краіна свабоднага выбару

Украіна абрала новага прэзідэнта. Як адзін з назіральнікаў ад CIS-EMO (Міжнароднай арганізацыі па назіранні за выбарамі ў краінах СНД), магу засведчыць, што гэта выбарчая кампанія прайшла дастаткова дэмакратычна і празрыста, а тыя парушэнні, якія былі адзначаны і без якіх не абысціся ў любой краіне, не паўплывалі на вынікі галасавання. Але хацелася б сказаць і пра іншае.



6351bf9dce654515bf1ddbd6426dfa97.jpg

Украіна абрала новага прэзідэнта. Як адзін з назіральнікаў ад CIS-EMO (Міжнароднай арганізацыі па назіранні за выбарамі ў краінах СНД), магу засведчыць, што гэта выбарчая кампанія прайшла дастаткова дэмакратычна і празрыста, а тыя парушэнні, якія былі адзначаны і без якіх не абысціся ў любой краіне, не паўплывалі на вынікі галасавання. Але хацелася б сказаць і пра іншае.
Цяпер, калі з украінскімі прэзідэнцкімі выбарамі ўсё ўжо больш-менш ясна, варта адзначыць не вельмі прыгожыя паводзіны падчас кампаніі і дэпутатаў Вярхоўнай рады, і палітыка, які апошнія пяць гадоў кіраваў Украінай і якога многія лічылі «гарантам дэмакратыі». Гаворка ідзе пра Віктара Юшчанку. Тое, што адбылося паміж першым і другім турам прэзідэнцкіх выбараў, не ўпісваецца ў рамкі дэмакратычнай дзяржавы. Ну не магу я сабе ўявіць, каб у цывілізаванай дзяржаве выбарчае заканадаўства мянялася, прычым істотна, паміж двума турамі адной кампаніі.
Тыя змены, у сутнасць якіх тэрмінова давялося ўнікаць назіральнікам (ды і самім удзельнікам выбарчай кампаніі), насілі прынцыповы характар і стварылі падмурак для фальсіфікацыяў, якія цяпер могуць быць апраўданыя законам, бо ён дае дзеля гэтага вялікія магчымасці. Так, заканадаўцы адмянілі кворум на пасяджэннях участковых выбарчых камісій, што дазваляе кожнаму з бакоў правесці сваё пасяджэнне, скласці пратакол і падаць яго ў тэрытарыяльны выбаркам з патрэбным частцы першаснай камісіі вынікам галасавання. Тое ж можа зрабіць і другая частка ўчастковага выбаркаму. І што рабіць далей?
Апроч таго, пратакол участковай камісіі цяпер можа быць прызнаны сапраўдным, калі яго падпісаў нават адзін сябар выбаркаму. І нават калі, урэшце, гэты самы выканкам будзе складацца з аднаго толькі таго самага сябра. Каментар залішні.
Яшчэ адно новаўвядзенне — галасаванне «на даму» без прадастаўлення дакументаў, якія сведчаць пра неабходнасць такога захаду выбаршчыка. Раней ён мусіў прадаставіць участковай камісіі абгрунтаванне немагчымасці свайго з’яўлення на выбарчым участку. І ёсць яшчэ шэраг навацыяў, якія адкрываюць дадатковыя магчымасць зрабіць выбарчы працэс менш празрыстым.
Але самае дзіўнае — нават не прыняцце паправак у выбарчае заканадаўства, а тое, з якой хуткасцю (праз дзве гадзіны!) падпісаў гэты спрэчны дакумент прэзідэнт Юшчанка. Такой маланкавасці ў найважнейшым пытанні з боку кіраўніка дзяржавы не чакаў ніхто. Практычна ўсе еўрапейскія структуры рэзка выступілі супраць змянення заканадаўства ў разгар выбарчай кампаніі, але ні на ўкраінскага прэзідэнта, ні на парламент гэта не паўплывала.
Падчас размоваў з назіральнікамі, з журналістамі, з сябрамі выбаркамаў, рабілася зразумелым, што толькі недахоп часу не дазволіў першасным выбаркамам «перабудавацца», таму склад камісій да самага апошняга моманту застаўся кворумным, парытэтным (кожны з кандыдатаў у прэзідэнты меў у выбаркамах палову ад складу камісій). Назіральнікі ад бакоў удзельнікаў на абсалютнай большасці ўчасткаў (прынамсі, у Львове і Львоўскай вобласці) заявілі, што не маюць прэтэнзій да ходу галасавання. Празрыстыя скрыні для галасавання, па меншай меры, да пачатку працэсу волевыяўлення людзей і падчас яго, выключалі магчымасць укідвання бюлетэняў.
Былі і адмоўныя з’явы. Напрыклад, у некаторых рэгіёнах Украіны адбыліся падпалы выбарчых участкаў; у асобных абласцях краіны выбаршчыкаў абзвоньвалі ад імя выбаркамаў і раілі ставіць адзнаку на супраць прозвішча пажаданага грамадзяніну кандыдата, а прозвішча другога выкрэсліваць, а гэта, паводле заканадаўства, аўтаматычна зрабіла б бюлетэнь несапраўдным. І яшчэ былі пэўныя моманты, якія, аднак, сур’ёзна не паўплывалі на вынікі выбараў.
Атмасфера ў дзень галасавання, прынамсі ў Заходняй Украіне, была спакойнай. Людзі без прымусу ішлі галасаваць, шмат хто — адразу пасля заканчэння набажэнстваў. Актыўнасць выбаршчыкаў у некаторых раёнах была нават большай, чым у першым туры, больш за 60 працэнтаў.
Нягледзячы на тое, хто будзе кіраваць дзяржавай наступную пяцігодку, можна быць упэўненым, што звароту да таталітарызму ва Украіне не будзе, і падчас наступнай кампаніі ўкраінцы змогуць зноў зрабіць свой свядомы выбар. У іх, у адрозненне ад Беларусі, такая магчымасць ёсць. І магчымасць гэта, як бы хто таго не адмаўляў, была закладзена менавіта ў 2004 годзе «памаранчавым» Майданам.