«Крымнаш» і аборт мадэрнізацыі

Займацца прагнозамі — справа няўдзячная. Хто ў здаровым розуме рызыкнуў бы прадказаць, што Год гасціннасці па факце апынецца Годам злому шматгадовых трэндаў, прычым не толькі лакальных?



rejtyng_5_1__logo.gif

Падзея, што змяніла свет, адбылася 1 сакавіка. У гэты дзень прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін унёс у Савет Федэрацыі прапанову аб выкарыстанні ўзброеных сіл РФ на тэрыторыі Украіны. Сенатары адпаведнае рашэнне прынялі аднагалосна і без абмеркавання.

За лічаныя тыдні намаганнямі дзяржаўнай прапаганды расійскае грамадства было пераведзена са стану палітычнай апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэння, у якім яно знаходзіцца і зараз.

Узбуджэнне расіян перадалося Беларусі і спарадзіла Анамалію–2014: рост рэйтынгу адзінага палітыка (АП) на фоне імклівага падзення тэмпаў росту рэальных даходаў насельніцтва (15% за 2013 год і 1,5% за студзень-кастрычнік 2014-га).

Пасля «Крымнаш» прадказаць нараджэнне Анамаліі–2014 было ўжо нескладана, бо існаваў прэцэдэнт «маленькай пераможнай вайны» Расіі ў Грузіі, якую многія беларусы ў жніўні 2008 года ўспрынялі як сваю «маленькую пераможную вайну».

Якім шляхам прасцей за ўсё падняць рэйтынг? Паказаць людзям, што «мы іх зрабілі!». У спорце, мастацтве і, вядома ж, на вайне. «Крымнаш» і баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны большасць беларусаў успрыняла ў трактоўцы расійскіх тэлеканалаў. Для 65% суайчыннікаў яна апынулася пераканаўчай!

Больш за 10 тысяч квадратных метраў

Снежная лавіна ў гарах можа сысці і ад гучнага крыку. Але крык — гэта дэтанатар. Для таго, каб ён спрацаваў, на схіле павінна назапасіцца крытычная маса снегу. У грамадстве, зразумела, назапашваецца не снег, а незадаволенасць.

Нішто не з’яўляецца з нічога, і нішто не знікае бясследна. Цэны растуць. Нацыянальныя валюты абясцэньваюцца. Факты, якія сведчаць пра няздольнасць патэрналісцкай дзяржавы выконваць свае абавязацельствы, генеруюцца бесперапынна. Падстаў для росту сацыяльнага напружання хапала і ў «тлустыя» нулявыя гады, а ў «худыя» 2010-я хуткасць негатыўных працэсаў істотна пабольшала.

Незадаволенасць назапашвалася ў грамадстве, але не стварала праблем для ўлады да таго часу, пакуль яна была дыфузнай (ёсць такое паняцце ў сацыялогіі). Але колькасць мае ўласцівасць спараджаюць новую якасць, і дзеля таго, каб дыфузная незадаволенасць не стала перадумовай непажаданых падзей, Крэмль вырашыў каналізаваць яе і перанесці на знешніх ворагаў: украінскіх «фашыстаў», Захад і «пятую калону».

Усё, сказанае вышэй, у першую чаргу датычыцца Расіі. У рамках Саюзнай дзяржавы яна з’яўляецца бясспрэчным лідарам па сацыяльнай няроўнасці. Беларусу, які нават не абдзелены ад прыроды фантазіяй, не так проста ўявіць загарадныя палацы дзяржчыноўнікаў плошчай больш за 10 тысяч квадратных метраў. Але гэта расійская штодзённасць, якой запоўнены інтэрнэт.

Тым не менш тыповы прадстаўнік беларускай «большасці» на «Крымнаш» адрэагаваў, як і належыць носьбіту імперскай ментальнасці. Больш за тое, увесь пазітыў ад «поспехаў» расійскай улады па абароне «сваіх», ён перанёс на АП і яго палітыку.

Насуперак папулярным у апазіцыйным асяроддзі паданням, беларусы прадэманстравалі масавы попыт на ідэнтыфікацыі сябе з «вялікай дзяржавай», тым самым у чарговы раз пацвердзіўшы, што тып «чалавека савецкага» працягвае паспяхова існаваць унутры беларускай мадэлі.

Функцыя асобы і сітуацыі

Перавод грамадства ў стан падвышанай эмацыйнасці актуалізаваў архаічныя пласты свядомасці і культуры. Архаічныя — у сэнсе, прымітыўныя паводле механізму кансалідацыі (вакол аўтарытарнага лідара, супраць знешніх і ўнутраных ворагаў).

Анамалія–2014 — гэта перамога ірацыянальнага пачатку ў чалавеку над рацыянальным. Як тут не ўспомніць папулярную тэорыю палітыка-дзелавых цыклаў, якая тлумачыць масавую падтрымку палітычнага статус-кво рацыянальным разлікам беларусаў. Апошняе дзесяцігоддзе сацыялогія ўпэўнена пацвярджала залежнасць узроўню даверу АП ад тэмпаў росту рэальных даходаў насельніцтва. Дык чаму ж адбыўся збой?

Каб знайсці адказ на лёсавызначальнае для змагароў з рэжымам пытанне, звернемся да вядомай гісторыі пра дрэннага танцора, якому пастаянна нешта замінае. Прычына яго нязграбны рухаў для нас (іншых назіральнікаў) відавочная — ён не ўмее танцаваць. Між тым, любыя паводзіны ўяўляюць сабой функцыю асобы і сітуацыі.

Нашу схільнасць празмерна раздзімаць значнасць уласных асобасных вартасцяў і адначасова няздольнасць прызнаць важнасць сітуацыі пры аналізе ўчынкаў іншых людзей амерыканскі псіхолаг Лі Рос назваў «фундаментальнай памылкай атрыбуцыі».

Чаму на рост рэальных даходаў беларусы адказваюць ростам даверу АП? Стандартны адказ — таму што яны рацыянальныя. Нестандартны ж адказ заключаецца ў тым, што АП з другой паловы 2003 года меў магчымасць падтрымліваць сітуацыю, пры якой тэмпы росту даходаў насельніцтва апярэджвалі тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Што заставалася рабіць беларусу ў такой сітуацыі? Натуральна, прыняць яе.

Але сітуацыя змянілася. Этап апераджальнага росту даходаў насельніцтва ў гісторыі беларускай мадэлі завяршыўся натуральным чынам. Безумоўна, асяроддзе прыхільнікаў АП ад гэтага не стане большым, але і чакаць масавага дэзерцірства я б не раіў. У «тлустыя» гады мы неяк развучыліся называць АП «бацькам», а дарма. Звернемся да яго афіцыйнай біяграфіі, размешчанай на сайце president.gov.by «А.Г. Лукашенко дорожит поддержкой людей и гордится тем, что в народе его называют «батька» — так всегда называли у нас людей авторитетных, мужественно защищавших интересы семьи и общины».

Залатыя словы! У такой сціслай форме перадаць дадзяржаўны прынцып успрымання ўлады я б не здолеў. Не той узровень інтэлекту. Але калі першая асоба дзяржавы ўспрымаецца як кіраўнік патрыярхальнай сям’і, то гэта азначае, што грамадства (частка яго, зразумела) паводле ўзроўню сваёй грамадзянскай сталасці так і не выйшла з часоў паклікання варагаў. Пра якую рацыянальнасць тады гаворка? Якая можа быць сувязь паміж даходамі дамачадцаў і аўтарытэтам мужнага абаронцы іх інтарэсаў?

Адзінства праз селекцыю

Падзеі, якія адбыліся пасля «Крымнаш», дырэктар «Левада-цэнтра» Леў Гудкоў назваў чарговым «абортам мадэрнізацыі» ў Расіі. Тут трэба даць тлумачэнне. Устойлівае развіццё не варта зводзіць да эканамічнага росту. Апошні ёсць толькі «пабочны» вынік структурна-функцыянальнай дыферэнцыяцыі грамадства, вылучэння адносна аўтаномных падсістэм і груп, ускладнення камунікацый паміж імі.

Аднак усё пералічанае стварае пагрозу для сістэмы аўтарытарнага панавання, што не здольная да ўзнаўлення ў асяроддзі незалежных палітычных і эканамічных суб’ектаў. Таму для захавання сваіх уладных пазіцый кіруючая група вымушана спрашчаць структуру грамадства. «Улада, — адзначае Леў Гудкоў, — у сітуацыях, калі грамадства набірае досыць сур’ёзны рэсурс аўтаномнасці і самадастатковасці, здзяйсняе аперацыю «рэдукцыі складанасці», пазбаўляючы грамадскі патэнцыял усякага сэнсу, каштоўнасці і значэння».

Вобраз «адзінага народа» (чытай, недыферэнцаванае грамадства) праходзіць чырвонай ніткай праз усе знакавыя выступу АП. Асноўны сродак для дасягнення такога роду адзінства — селекцыя. Г. зн. механізм гуртавання праз аддзяленне ўсяго сацыяльна чужога.

У сталінскія часы сацыяльна чужыя фізічна знішчаліся, чым і дасягалася адзінства «новай гістарычнай супольнасці». У сучасных умовах сацыяльна чужых маргіналізуюць, а іх інтарэсы (у першую чаргу, палітычныя) адкрыта ігнаруюць. У беларускім парламенце, як вядома, адсутнічаюць фракцыі, што наглядна дэманструе эфектыўнасць мясцовых селекцыянераў.

«Аборт мадэрнізацыі» ў Беларусі быў завершаны яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, у Расіі — у бягучым годзе, для чаго і спатрэбілася арганізаваць «Крымнаш». Такім чынам, атрымалася ліквідаваць чарговую нестыкоўку палітычных сістэм унутры Саюзнай дзяржавы.

Пад знакам дэкрэта

АП, які пазбавіўся або загнаў у гета ўсіх прэтэндэнтаў на статус аўтаномных суб’ектаў, застаўся сам-насам з уладнай «вертыкаллю». Яму б радавацца, але быўшы па сумяшчальніцтве ўладальнікам УП «Беларусь», ён вымушаны канкураваць за месца пад сонцам не толькі з іншымі ўладальнікамі УП, але і з прамыслова развітымі краінамі з рынкавай эканомікай.

Што ім можа супрацьпаставіць уладная «вертыкаль», акрамя сваёй здольнасці перадаваць хвалі лаяльнасці? Рэалізоўваць палітычныя і адміністрацыйныя рашэнні яна развучылася яшчэ ў гады застою пры «дарагім Леанідзе Ільічы».

Падмацую ўласны недавер да кіраўнічага патэнцыялу беларускай «вертыкалі» адпаведным выказваннем АП: «Исполнительская дисциплина у нас находится на крайне низком уровне — притом по всем статьям и на всех этажах власти».

Звярніце ўвагу, у прыведзенай цытаце гаворка ідзе пра выканальніцкую дысцыпліну. Без яе — няма спрэчкі — далёка не паедзеш. Але які паверх улады (скарыстаюся тэрміналогіяй АП) адказвае за выпрацоўку рашэнняў? Пагадзіцеся, цікавае пытанне. Хацелася б атрымаць на яго кваліфікаваны адказ.

2014 год прайшоў у АП пад знакам падрыхтоўкі дэкрэта «Пра ўзмацненне патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый». У красавіцкім пасланні ён абяцаў падпісаць «суровы, жорсткі, але справядлівы» дакумент «у бліжэйшы час». Такая рэальнасць. Перачытайце цытату. Выканальніцкая дысцыпліна ў Беларусі знаходзіцца на нізкім узроўні на ўсіх паверхах улады, уключаючы самы верхні!

Вось з такім адміністрацыйным патэнцыялам уладная «вертыкаль», чый дабрабыт падтрымліваецца за кошт расійскіх датацый, уступае ў год пікіруючых коштаў на нафту.