Крыніца: Чацвёрты пакет санкцый ЕС супраць улад Беларусі разгледзяць у чэрвені
Чацвёрты пакет санкцый ЕС супраць кіраўніцтва Беларусі не будзе гатовы напярэдадні саміта Еўрасаюза па замежных справах 10 траўня, паведамляе карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Брусэлі Рыкард Юзвяк.

«Магчыма, да чэрвеньскай сустрэчы, калі Беларусь будзе адным
з асноўных пунктаў парадку дня. Дагэтуль незразумела, прапануе пакет група
краін ЕС ці Еўрапейская служба знешніх сувязей», — напісаў журналіст у сваім
Твітары.
Пра тое, што Еўрасаюз працуе над падрыхтоўкай чацвёртага
пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, заявіў 20 красавіка прадстаўнік Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Люк Дэйвін.
Першы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі ЕС увёў 2 кастрычніка 2020 году, нагадвае «Свабода». Пасля спіс асоб, якія падпадаюць пад іх дзеянне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 снежня адпаведна.
Адметнасцю трэцяга пакета стала тое, што, акрамя персаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Еўрасаюз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага спісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый. Акрамя таго, фізічным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЕС — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага спісу.
Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя
санкцыі ў дачыненні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і
юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.