Ліберальна берцамі па нырках

З пачатку года па Беларусі пракацілася хваля «лібералізацыі». На Дзень любові 14 лютага яна ўвасобілася ў брутальным разгоне мірнай акцыі. Калі ацэньваць выказванні кіраўніцтва краіны, гэта — не выпадковасць.

Словы «лібералізацыя» і «дыялог» апошнім часам гучаць ледзь не з кожнага слупа, прыжываюцца нават у гаспадароў высокіх кабінетаў. Масавыя запрашэнні прадстаўнікам апазіцыі ў каардынацыйныя рады далі надзею, што іх хочуць пачуць. Некаторыя пабачылі ў «лібералізацыі» магчымасці для новага вітку развіцця — усё ж шматгадовае змаганне з рэжымам стамляе нават самых апантаных. А тут такое!



979d472a84804b9f647bc185a877a8b5.JPG

З пачатку года па Беларусі пракацілася хваля «лібералізацыі». На Дзень любові 14 лютага яна ўвасобілася ў брутальным разгоне мірнай акцыі. Калі ацэньваць выказванні кіраўніцтва краіны, гэта — не выпадковасць.
Словы «лібералізацыя» і «дыялог» апошнім часам гучаць ледзь не з кожнага слупа, прыжываюцца нават у гаспадароў высокіх кабінетаў. Масавыя запрашэнні прадстаўнікам апазіцыі ў каардынацыйныя рады далі надзею, што іх хочуць пачуць. Некаторыя пабачылі ў «лібералізацыі» магчымасці для новага вітку развіцця — усё ж шматгадовае змаганне з рэжымам стамляе нават самых апантаных. А тут такое!

Паказальна арыштоўваюць з недарэчнымі абвінавачваннямі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенку. Праз тыдзень арыштоўваюць на ўкраінска-беларускай мяжы актывіста «Маладога Фронта» Арцёма Дубскага, які з’ехаў на Украіну, калі даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу па арт. 415 Крымінальнага кодэкса за парушэнне парадку адбыцця пакарання, да якога яго прысудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў зімою 2008 года. Арцём Дубскі быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі без адбыцця тэрміна ў спецыяльных установах. Гавораць, што Арцём не першы раз прыязджаў у Беларусь да сваякоў.
У дзень традыцыйнай штогадовай акцыі любові 14 лютага, якую «Малады Фронт» ладзіў у дванаццаты раз, на кватэрах актывістаў моладзевай арганізацыі адбыліся вобшукі. Без тлумачэнняў і прад’яўлення санкцыі пракурора супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі дакументы, датычныя дзейнасці арганізацыі, а таксама прыватныя рэчы (ноўтбукі, фотаапараты) актывістаў Мікалая Дземідзенкі, Валерыя Мацкевіча, Кацярыны Галіцкай і Вадзіма Ханяўкі. Ці вернуць гэта гаспадарам — не вядома. Вечарам таго ж дня супрацоўнікі міліцыі і байцы спецназу брутальна разагналі мірную акцыю ў цэнтры горада. «Малады Фронт» падаваў заяўку ў Мінгарвыканкам з просьбай дазволіць правесці акцыю на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.
Натуральна, арганізатары атрымалі адмову, але ад сваіх планаў вырашылі не адыходзіць. Вечарам у цэнтры горада сабралася каля ста чалавек, некаторыя прыйшлі са сваімі дзецьмі — акцыя ж «любові». Але тэатралізаванае свята хутка ператварылася ў пабоішча. Не зважаючы на тое, што ў натоўпе былі дзеці, дзяўчаты, міліцыя і АМАП з прымяненнем сілы людзей разагналі. Былі збітыя лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, актывісты арганізацыі Мікалай Дземідзенка і Павал Кур’яновіч. Зміцер Дашкевіч ацаніў вынікі акцыі як сапраўдную праяву волі ўладаў, падкрэсліўшы, што лібералізацыя ёсць толькі на словах, а ў дзеянні гэта — хлусня і фарс.
Сцэнар разгону, хіба што ў менш брутальнай форме, паўтарыўся на Дзень салідарнасці 16 лютага. Каля 70 чалавек у знак падтрымкі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў цэнтры сталіцы з партрэтамі маладафронтаўца Арцёма Дубскага, прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі. Сярод удзельнікаў акцыі салідарнасці былі палітыкі Анатоль Лябедзька, Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў. Хвілін праз пятнаццаць АМАП выціснуў людзей з цэнтральнай вуліцы. Былі збітыя Уладзь Сяргееў і Зміцер Бародка.
Вулічныя акцыі апошніх дзён наўрад ці пагражалі чым-небудзь уладам. Маладафронтаўцы ў касцюмах анёлаў і людзі з партрэтамі зняволеных не збіраліся браць штурмам адміністрацыйныя будынкі, дык навошта было пускаць у ход гумавыя дручкі, кулакі і берцы? Для чаго ўвогуле ўладам спатрэбілася арганізаваць новыя паказальныя арышты: дэманстрацыя сілы Захаду, які ставіць умовы беларускаму рэжыму палепшыць сітуацыю з правамі чалавека? Ці пробныя каменьчыкі: што важней еўрапейскім палітыкам — эканамічныя інтарэсы ці дзесятак збітых апазіцыянераў?
Прыхільнік эвалюцыйнага развіцця дзяржаўнага строю Беларусі Аляксандр Мілінкевіч падчас канферэнцыі руху «За Свабоду» заявіў, што разглядае новыя крокі ў знешняй палітыцы «не як дыялог асобаў, а як дыялог Еўрасаюза і Беларусі». «Трэба глядзець, што выгадна нашай краіне, яе народу, што спрыяе дабрабыту людзей, умацоўвае незалежнасць. Калі мы любім сваю Бацькаўшчыну, мы абавязаныя думаць пра будучыню нашых дзяцей сёння, нават ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, — лічыць палітык. — Эгаістычна разглядаць тое, што адбываецца зараз у Беларусі толькі з пункту гледжання барацьбы апазіцыі з Лукашэнкам. Бесперспектыўна для нас заняць пазіцыю выключна старонніх ацэншчыкаў працэсу дыялога. Сённяшняя ўнутраная палітыка — гэта не толькі бокс, а ўсё больш — шахматы. Гуляць трэба не эмоцыямі, а розумам».
Дарэмна Аляксандр Мілінкевіч не прыйшоў на акцыю салідарнасць 16 лютага ці Дзень любові 14-га: на свае вочы мог бы ўпэўніцца, што ўлады пакуль прапануюць толькі «бокс». Лідэр руху «За свабоду» нагадвае, што ўлада мусіць спыніць палітычна матываваныя пераследы. «Трэба рэалізаваць «нулявы варыянт»: рэальная дэмакратызацыя пачынаецца з поўнай адсутнасці рэпрэсіяў і ўціску супраць іншадумцаў. Упэўнены, што Еўрасаюз падзяляе такую пазіцыю». Так і хочацца ўсклікнуць: залатыя словы! Праўда, праблема ў тым, што яны застаюцца толькі словамі. І ЕС з гэтым маўкліва пагаджаецца.
Каб прыхільнікі дыялогу не песцілі залішніх ілюзій, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Магілёў расказаў журналістам, якую ролю ў перамовах з Захадам ён адводзіць апазіцыі, якую “і праз павелічальнае шкло не ўбачыць».
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ёсць план перамоў паміж Мінскам і Бруселем, які ўтрымлівае важныя пытанні, «а не тое, што патрабуе апазіцыя». Каб канчаткова паказаць сваім апанентам на іх месца, Лукашэнка зрабіў недвухсэнсоўны намёк на справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў: «У нас, як толькі кагосьці прыдушылі за злачынныя справы — ён адразу ж становіцца «апазіцыянерам». Натуральна, ствараючы такі імідж для апазіцыі, Лукашэнка забяспечвае сабе апраўданне ў вачах беларусаў, якія больш за эканамічны крызіс баяцца толькі вайны. Але куды больш непрыемна і небяспечна будзе, калі ў гэта захоча паверыць Еўропа, не пакінуўшы супрацьвагі гумавым дручкам і берцам АМАПу.
З 16 лютага ў Беларусі знаходзіцца місія дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы пад кіраўніцтвам старшыні Палітычнага камітэта асамблеі Гарана Ліндблада. У яе складзе — старшыня падкамітэта ПАСЕ па Беларусі Сініка Хурскайнен і дакладчык Парламенцкай асамблеі па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні. 18 лютага ў Мінск з афіцыйным візітам прыбыў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Салана. Ён мае сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым, лідэрамі апазіцыйных партый, у тым ліку і з Мілінкевічам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, са старшынёй БАЖ Жаннай Літвіной. Гэта першы візіт еўрачыноўніка такога ўзроўню ў Беларусь.