Лешак Шарэпка: адносіны паміж нашымі краінамі не паўнавартасныя

Польшча не фінансуе апазіцыю, гранты атрымліваюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, заявіў надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шарэпка.
 



shariepka.jpg

Паводле яго слоў, звычайна праектная дакументацыя празрыстая і даступная для азнаямлення. У выпадку ж з беларускімі партнёрамі грантадаўцы вымушаныя думаць пра іх бяспеку і хаваць інфармацыю ад старонніх вачэй.

Так польскі пасол адказаў 14 лістапада на пытанне аднаго з дзяржаўных журналістаў, якое тычылася дакумента, што нядаўна з’явіўся ў інтэрнэце. У ім былі абнародаваныя звесткі аб фінансавай дапамозе польскага МЗС, у тым ліку беларускай апазіцыі. Журналіст, у прыватнасці, пацікавіўся, ці не з’яўляецца гэта, з пункту гледжання пасла, умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі.


— Калі размова ідзе не пра Беларусь, мы друкуем падобныя дакументы. Вашы спецслужбы такую інфармацыю выкарыстоўваюць у барацьбе з грамадзянскай супольнасцю. Таму ў выпадку з Беларуссю мы мусім ахоўваць падобную інфармацыю. Мы не фінансуем беларускую апазіцыю, мы фінансуем грамадзянскую супольнасць, а гэта розныя тэрміны, — падкрэсліў дыпламат.


Лешак Шарэпка адзначыў, што цяпер фон адносінаў паміж Беларуссю і Польшчай вызначаюць міжнародныя інстытуцыі, гэта не толькі ЕС, але і ААН. Так, Савет па правах чалавека ААН заснаваў пасаду спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі. «Абстаноўка з правамі чалавека ў Беларусі была на абмеркаванні ў іншых арганізацыях. Як вы ведаеце, ацэнка АБСЕ апошніх выбараў не вельмі добрая, іх выснова — Беларусь не выкарыстала сваіх магчымасцяў. На гэтым тле Еўрасаюз мае свой пункт гледжання на развіццё адносінаў: мы чакаем, што тут не будзе палітычных вязняў, а пацярпелыя будуць рэабілітаваныя, змогуць прымаць удзел у палітычным жыцці краіны. Польшча ў поўнай меры гэта падтрымлівае, мы чакаем, што будуць прынятыя рашучыя крокі з боку Беларусі. Мы думаем, што Беларусь ёсць часткай еўрапейскай сям’і, а ў Еўропе крыху іншыя стандарты. Нават Расія пагадзілася ўвесці мараторый на смяротную кару, каб мець магчымасць уплываць на працу Савета Еўропы», — заявіў польскі дыпламат.


Ён заўважыў, што з канца 1990-х гадоў адносіны Беларусі і Польшчы «не да канца паўнавартасныя».


«Мы б хацелі, каб адносіны былі лепшыя, бо гэта было б на карысць нашым краінам, — працягнуў Лешак Шарэпка. — Польшча ёсць адным з важнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. Летась наш тавараабарот склаў 3,2 мільярда долараў, сёлета можа быць невялікі спад. Але, мяркую, калі зменіцца палітычны, інвестыцыйны клімат, то польскі бок будзе зацікаўлены ў развіцці дзелавых адносінаў. Эксперты ацэньваюць, што без намаганняў можна будзе павялічыць абарот у два разы. Але гэта найперш звязана з інвестыцыйным кліматам у Беларусі».


Лешак Шарэпка мяркуе, што Мытны саюз — добрая нагода для прысутнасці польскага бізнэсу ў Беларусі. «Але польскі бізнес на 80 працэнтаў прыватны, дзяржава не надта можа ўплываць на яго. І калі людзі зацікаўленыя, яны прыходзяць. Мы можам толькі дапамагаць, каардынаваць. Але ў нас цяпер увогуле праблемы з тым, каб гаварыць на высокім узроўні, а ў Беларусі сітуацыя такая, што часта эканамічныя пытанні трэба вырашаць акурат на самым высокім узроўні. Мы зацікаўленыя ў энергетычным супрацоўніцтве. Я ў многіх сферах гатовы супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі, незалежна ад таго, якая тут палітычная абстаноўка», — адзначыў польскі дыпламат. Паводле яго слоў, на беларускім рынку цяпер працуюць блізу 200 польскіх фірм, ёсць сярод іх і буйныя кампаніі з салідным капіталам, напрыклад, мэблевая фірма «Black Red White».


Па словах польскага пасла, не надта добры палітычны ўзровень стасункаў уплывае і на іншыя пытанні, напрыклад, консульскія. Апошнія гады імкліва расце колькасць жадаючых атрымаць польскія візы. У 2011 годзе было выдадзена больш за 300 000 візаў польскім консульствам у Мінску, а за 10 месяцаў бягучага года — 294 000 візаў. Польскае консульства хацела б павялічыць штат супрацоўнікаў, але беларускі бок адпаведнага рашэння не дае.


«Беларусь не зацікаўленая, каб весці лібералізацыю ў візавых пытаннях, — заявіў польскі дыпламат. — З ліпеня мінулага года ёсць прапановы Еўрасаюза пачаць перамовы наконт лібералізацыі візавага рэжыму, але беларускі бок не рэагуе на гэта. Наконт малога памежнага руху: польскі бок завяршыў юрыдычныя працэдуры восенню 2010 года, беларускі бок быццам бы таксама падпісаў дакументы. Але мусіць быць абмен нотамі, каб працэс увайшоў у жыццё. Мы пыталіся, чаму не рухаемся далей, і нам прамым тэкстам у МЗСе казалі, што гэта звязана з палітычнымі працэсамі. У аднабаковым парадку гэта немагчыма зрабіць».


Каментуючы ініцыятыву ЕС «Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі» Лешак Шарэпка адзначыў, што «гэта форма падтрымкі дыялога з беларускім бокам». «Старт быў у сакавіку, цяпер тут працуюць рабочыя групы — прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Але ўлады гавораць, што гэты праект узнік без іх удзелу, і таму яны адмаўляюцца ад яго. Мне цяжка сказаць, што будзе далей, але мы будзем спрабаваць супрацоўнічаць, бо ёсць ідэя стварыць праект рэформаў у розных галінах. Мы будзем дапамагаць фінансава, але я не ведаю, чым гэта завершыцца», — заўважыў дыпламат.


Між іншым, сёлета 20-я ўгодкі ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў Польшчы і Беларусі, падпісання дамовы добрасуседства з Беларуссю. Сёлета ж польскае пасольства ўпершыню яшчэ з савецкіх часоў змяніла свой юрыдычны адрас. Цяпер пасольства Польшчы ў Мінску будзе месціцца на вуліцы Бядулі, 11, пакуль жа дыпламаты будуць працаваць у памяшканнях консульства на Крапоткіна.