Літоўцы выйдуць з праекта Еўракамісіі па бяспецы БелАЭС
Літоўскі бок сцвярджае, што Беларусь сама звярнулася ў Еўракамісію з просьбай выключыць Літву з праекта.
Навукоўцы Інстытута энергетыкі Літвы (ІЭЛ), якія кансультуюць беларускіх спецыялістаў у галіне ядзернай бяспекі, не павінны браць удзелу ў фінансаваным Еўракамісіяй міжнародным праекце па забеспячэнні бяспекі будаўніцтва БелАЭС, заявіла 26 верасня балтыйскаму інфармагенцтву BNS міністр адукацыі і навукі Літвы Юргіта Пятраўскене.
“З улікам палітычнага кантэксту навукоўцы ІЭЛ не павінны браць удзелу ў праекце БелАЭС”, — цытуе чыноўніцу навінавы партал delfi.lt.
Незадоўга да заявы міністра яе дарадца па вышэйшай адукацыі Эўгеніюс Буткус паведаміў агенцтву BNS: Беларусь сама звярнулася ў Еўракамісію з просьбай выключыць Літву з праекта “ў сілу яе жорсткай пазіцыі па пытанні пра БелАЭС”. Ён адзначыў, што навукоўцы ІЭЛ выйдуць з праекта, “калі будзе аб’яўленая афіцыйная пазіцыя [Еўракамісіі] не ўдзельнічаць”.
У той жа час дарадца міністра выступіў за ўдзел літоўскіх прадстаўнікоў у гэтым праекце, паколькі, на яго думку, у гэтым выпадку Літва мела б магчымасць “аказваць уплыў у справе дасягнення забеспячэння бяспекі” БелАЭС.
Раней кіраўнік ІЭЛ Сігітас Рымкявічус паведаміў балтыйскаму інфармагенцтву, што мэта гэтага праекта — укараненне ў Беларусі заходніх стандартаў ядзернай бяспекі, што, на яго думку, “прыносіць карысць”. Тым не менш МЗС Літвы запатрабавала ад інстытута перагледзець сваю пазіцыю з нагоды ўдзелу навукоўцаў у праекце.
Аналагічную пазіцыю заняло таксама Міністэрства энергетыкі Літвы, афіцыйны прадстаўнік якога Аўрэлія Вярніцкайтэ заявіла, што літоўскія арганізацыі не павінны ўдзельнічаць ні ў якіх праектах па БелАЭС, паколькі Вільнюс прызнаў гэтую атамную станцыю „пагрозай для нацыянальнай бяспекі”.
www.racyja.com, belapan.com