Ператрус у дырэктаркі «Экадому» цягнуўся 11 гадзін
У доме выканаўчай дырэктаркі грамадскага абʼяднання «Экадом» Марыны Дубінай прайшоў ператрус, канфіскаваныя кампутары і тэлефоны.
Пра гэта
паведаміла БелаПАН сябра «Зялёнай сеткі» эколаг Хрысціна Чарняўская.
Супрацоўнікі міліцыі пачалі ператрус у доме Дубінай у 7 гадзін раніцы, а з’ехалі адтуль праз 11 гадзін. Паводле Чарняўскай, міліцыянты ўварваліся ў жытло, выбілі дзверы.
«Ад удару Марына пацярпела. Увесь гэты час з сямі раніцы людзям не давалі паесці».
Таксама ператрус прайшоў у кватэры журналісткі-фрылансеркі Марыны Кастылянчанкі, а таксама ў некаторых актывістаў анархісцкага руху.
Канфіскаваныя кампутары, сродкі мабільнай сувязі, літаратура.
Праваабарончы цэнтар «Вясна»не выключае, што вобшукі з’вязаныя з крымінальнай справай па частцы 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў), узбуджанай па факце падпалу кактэйлямі Молатава білборда ў Івацэвічах 28 ліпеня.
Па гэтай крымінальнай справе праходзяць двое сацыяльных актывістаў: жыхар Івацэвіч Ігар і мінчанін Кірыл Аляксееў, які змешчаны ў Баранавіцкі СІЗА.
Тады група невядомых анархістаў спаліла рэкламны білборд «Сіла закона ў яго выкананні».
Пазней відэа падпалу патрапіла ў сацыяльныя сеткі.