Лукашэнка зноў сустрэнецца з Пуціным 29 снежня

29 снежня Аляксандар Лукашэнка паедзе з рабочым візітам у Расію, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, піша svaboda.org.

37874b4c_19fd_40f0_a2a5_0f7c942091da_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


У Маскве Лукашэнка і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін «працягнуць размову па актуальных пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 снежня», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Апошняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным адбылася 25 снежня. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі з невялікімі перапынкамі і зменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.

Чытайце таксама:

Вялікі блеф Мядзведзева


Пасля гутаркі першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расіі Антон Сілуанаў распавёў журналістам, што Расія і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэнні спрэчных пытанняў.
«У нас цэнаўтварэнне на газ — з гэтым пытаннем мы павінны вызначыцца і, пачынаючы з 2020 году, выпрацаваць прапановы па фармаванні цэн на гэты від энэргіі», — цытуе Сілуанава агенцтва ТАСС.​


Напярэдадні Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэнне мытнага рэжыму з боку Беларусі.
«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка ТАСС.
Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэнне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.
У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Мінска па цэнах на газ і кампенсацыі за падатковы манеўр нафтавай галіны.


Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расіі кампенсацыі за падатковы манеўр, які прывядзе да падаражэння нафты для беларускіх НПЗ. Мінск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн долараў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцанняў не даваў.
Прэм’ер-міністар Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 13 снежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўвання ў пытаннях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, да правядзення адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.
Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі СМІ выказаў меркаванне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расіі. І запэўніў, што такога ніколі не здарыцца.