Нафта ў абмен на незалежнасць

Новы час у рэспубліцы-партызанцы так і не надыходзіць, і беларусы працягваюць жыць ва ўмовах сярэднявечнай архаікі.

boczka2.jpg


Страціць можна толькі тое, што маеш. Аўтару «Азбука паліталогіі», напрыклад, ні пры якіх абставінах не пагражае страціць ключы ад асабістага аўтамабіля. Не турбуе яго і магчымая страта жонкай дыяментавага калье. Спіс выдатных рэчаў, ад валодання якімі не адмовіўся б ні адзін разважлівы беларус, можна працягваць да бясконцасці. Скласці спіс — рэч няхітрая. Толькі як яго напоўніць рэальным зместам?
На макраўзроўні ўсё інакш. Для бюракратыі нешта губляць — справа звыклая, вось толькі губляе яна не сваё, а тое, што належыць падаткаплацельшчыкам. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Ужо каторы год пад кіраўніцтвам бюракратыі ажыццяўляецца ў Беларусі будаўніцтва аб’екта коштам у 10 мільярдаў долараў (АЭС), а адзінаму палітыку (АП) так ніхто і не знайшоў час далажыць, «як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».
Рахунак ідзе на мільярдныя страты і ў сувязі з «падатковым манеўрам», якi ажыццяўляе Расія. Я паспрабую быць як мага больш дакладным і таму звярнуся да цытавання АП: «Раней пры пастаўках нафты была так званая вывазная мытная пошліна. Яе атрымлівалі, у бюджэт залічвалі і гэтак далей. Але ўвялі гэты манеўр, каб адысці ад гэтых мытных пошлін, і замянілі ўнутраным падаткам на здабычу карысных выкапняў. У выніку мы за тры гады пасля яго ўвядзення ўжо страцілі амаль 3,5 мільярда долараў. Страцім да 2024 года яшчэ прыкладна 10,8 мільярда долараў, гэта значыць гаворка ідзе пра пагаршэнне становішча» (сустрэча з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці, 14 снежня 2018 года).
Мы ўжо страцілі. Мы губляем. Мы будзем губляць. Мы губляем сваю крэўную рэнту з расійскай нафты. Цікава атрымліваецца, пагадзіцеся. Нафту здабываюць расіяне на сваёй тэрыторыі, а рэнта наша. Тут напрошваецца прамая аналогія з прыказкай пра тое, што чый бы бычок не скакаў, а цялятка нашае.

Арганізатар вакханаліі


Свае прэтэнзіі да «нашай Расіі» АП абгрунтоўвае артыкулам 23 «Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», дзе замацавана «адзіная палітыка ў галіне цэнаўтварэння, уключаючы пытанні рэгулявання цэн і тарыфаў».Прэтэнзіі, такім чынам, абгрунтаваныя. Але на колькі? На 100%, калі не звяртаць увагі на астатнія 70 артыкулаў дамовы. Праблема, аднак, у тым, што ў расійскім урадзе сабраліся ўедлівыя правазнаўцы, здольныя чытаць дамовы не выбарачна, а цалкам. Да іх шэрагаў далучыўся і старшыня ўрада Дзмітрый Мядзведзеў.
На пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 13 снежня ў Брэсце ён нагадаў пра існаванне двух сцэнараў развіцця саюза. Адзін — кансерватыўны, без павышэння існуючага ўзроўню інтэграцыі дзвюх краін. Другі — з больш цеснай інтэграцыяй.
Другі сцэнар, які прадугледжвае стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты, прапісаны ў дамове (артыкулы 13, 29, 50, 55). Кожны чытач НЧ, які мае магчымасць увайсці ў інтэрнэт, здольны лёгка ў гэтым пераканацца.
Пачынаць знаёміцца з дамовай не абавязкова з прэамбулы. Можна і з канца, г. зн. з даты яе падпісання і прозвішчаў дзяржаўных мужоў, якія змацавалі дамову. З расійскай боку гэта прэзідэнт Барыс Ельцын, з беларускага — яго калега, Аляксандр Лукашэнка.
Але хто мінулае прыгадае… Таму прапаную перамясціцца ў цяперашні час з дапамогай аднаго з выказванняў АП наконт наступстваў для Беларусі больш цеснай інтэграцыі: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі. Я заўсёды задаю пытанне: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне ды міжнародная супольнасць? Не кіем, дык палкай інарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
«Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» была падпісаная ў Маскве 8 снежня 1999 года. Галоўнаму інтэгратару на постсавецкай прасторы спатрэбілася 19 гадоў для таго, каб усвядоміць, да якіх наступстваў для незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь можа прывесці яе выкананне. Але час для ўсведамлення асабістай адказнасці за зробленае, мяркую, яшчэ не надышоў. Хоць прадчуванне такой адказнасці ўжо фармуецца. Як тут ні прыгадаць развагі з нагоды маючай адбыцца палітычнай «вакханаліі».
Арганізаваць вэрхал у маштабах краіны і падтрымліваць яго паўтара года — справа не для дылетантаў.

Выбарчае права


У Канстытуцыі (артыкул 1 раздзела «Асновы канстытуцыйнага ладу») Рэспубліка Беларусь вызначана як «унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава». Нельга агарнуць неабсяжнае, таму прапаную абмежавацца апошнім вызначэннем.
АП любіць разважаць пра традыцыйныя каштоўнасці, але выпускае пры гэтым з-пад увагі, што традыцыйныя каштоўнасці — гэта каштоўнасці саслоўнага аграрнага грамадства, і з апорай на іх ні сучаснай дзяржавы, ні сучаснай эканомікі не пабудаваць.
«Строга кажучы, — тлумачаць аўтары кнігі “Гісторыя Расіі: канец ці новы пачатак?”. — Толькі еўрапейскі Новы час адкрыў перспектыву пераходу ад мадэлі суіснавання дзяржаўнай і дадзяржаўнай культур да мадэлі, у якой дзяржаўная культура становіцца ўсеагульнай. Яе асноватворнай абстракцыяй стаў закон, які ўпершыню быў надзелены ўніверсальным вярхоўным статусам. З інструмента абароны дзяржавы і прывілеяў элітных груп ён ператварыўся ў інструмент абароны натуральных, г.зн. дадзеных ад прыроды, правоў і свабодаў грамадзян — роўных для ўсіх і ў гэтым сэнсе таксама ўніверсальных».
На жаль, Новы час у Беларусі, як і ў большасці постсавецкіх краін, так і не надышоў. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець, як самая салідная газета краіны адгукнулася на чарговую гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Абмяжуюся адной цытатай з артыкула «Аб правах і скаргах»: «Можна было б ужо і назваць гэты дзень “днём праваабаронцаў”. Бо як толькі з’явіліся замацаваныя ў дакуменце правы, знайшліся і людзі, гатовыя гэтыя правы «абараняць». Не так важна, ад каго, — мэта нішто, рух усё. Ёсць такія людзі і ў Беларусі».
Людзі ў Беларусі, гатовыя гэтыя правы «абараняць» сапраўды знайшліся. Вось толькі бессэнсоўна іх шукаць у дзяржаўных СМІ. Не для таго «дзяржавай для народа» яны шчодра фінансуюцца з бюджэту грашыма падаткаплацельшчыкаў.
Там, дзе ідэя права выкарыстоўваецца выбарачна, там не можа з’явіцца і замацавацца ў культуры развітая правасвядомасць. І ніякімі асветнымі і выхаваўчымі высілкамі прававую дзяржаву не пабудаваць.Калі захаванне юрыдычных нормаў залежыць ад добрай волі персаніфікатара дзяржаўнай улады, то прынцып законнасці спустошваецца цалкам, і тады не толькі «вертыкаль», але і грамадства пачынаюць жыць па паняццях, якія фармуе крымінал.

Праўда як версія, што найбольш задавальняе


Паміж палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферамі межы вельмі ўмоўныя. Таму там, дзе ўлада сама вызначае, якія артыкулы Канстытуцыі яна будзе выконваць, а якія не, наіўна чакаць, што на нізавым узроўні грамадзяне будуць паважаць законы і выконваць тэхналагічныя стандарты.
Прывяду фрагмент з інтэрв’ю АП тэлеканалу «Расія 24»: «І вось мне адзін амерыканец, які доўга працуе ўжо ў IT-сферы, кажа: “Ведаеце, калі хочаш нешта зрабіць у гэтай айцішнай сферы, то едзь у Амерыку, калі ты хочаш зрабіць нешта складанае — едзь у Індыю, але калі ты хочаш стварыць нешта і зрабіць немагчымае — едзь у Беларусь”».
Перад намі сучасны варыянт легенды пра Ляўшу, які падкаваў блыху. Безумоўна, падобнымі ўнікальнымі дасягненнямі можна ганарыцца, але сёння паспяхова вырабляюць масавыя прадукты толькі тыя краіны, дзе існуе высокая каштоўнасць стандартаў.
Беларусь да такіх краін не належыць. Таму рэдкі візіт АП на прадпрыемствы абыходзіцца без разваг аб неабходнасці захавання тэхналагічнай дысцыпліны. Здавалася б, не царская гэта справа, але інакш не атрымліваецца. У традыцыйнай культуры ўнутраныя крыніцы парадку занадта слабыя. З іх дапамогай можна каардынаваць фізічныя намаганні, напрыклад, цягаць камяні для будаўніцтва Крэўскага замка. Аднак разлічваць на масавае асваенне тэхналогій чацвёртай прамысловай рэвалюцыі не даводзіцца.
«Беларуская мадэль» без шматмільярдных датацый выжыць у сучасных умовах не здольная. Пра гэта, сам таго не жадаючы, і распавядаў расійскім журналістам АП 14 снежня. Вельмі пераканаўча распавядаў. А што тычыцца выбарачнага стаўлення АП да «Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», то яно ляжыць у агульным рэчышчы неправавой культуры.
Праўда, як любіць падкрэсліваць расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, — гэта версія, якая найбольш задавальняе. На момант падпісання дамовы яна была адна, у цяперашні момант — іншая, што не замінае ёй заставацца праўдай.