На які падарунак разлічвае Лукашэнка ў Маскве?

25 снежня кіраўнік Беларусі зноў выправіцца ў Маскву дзеля сустрэчы са сваім расійскім візаві. Гэта будзе далёка не першая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў бягучым годзе. На што спадзяецца афіцыйны беларускі лідар гэтым разам?

17987500_303_1.jpg

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, галоўным застаецца пытанне пра кампенсацыю Расіяй наступстваў стратаў Беларусі ў выніку нафтавага падатковага манеўра.

— Лукашэнка ўсё яшчэ спадзяецца пераканаць Пуціна, каб Расія зрабіла гэтую кампенсацыю і не прывязвала яе да пытання пра саюзную дзяржаву. Чаму Пуцін пагадзіўся на гэтую сустрэчу? Мажліва, ён пагадзіўся на нейкі кампраміс, я б гэтага кампрамісу не выключаў.

— Чаму раней не атрымлівалася дамовіцца па гэтых праблемах?

— Расія ў свой час змяніла палітыку ў дачыненні да Беларусі. Гэтую новую палітыку агучыў расійскі прэм’ер Мядзведзеў у Брэсце — працяг субсідый Беларусі ў абмен на далейшую інтэграцыю з Расіяй. Беларусь такая канцэпцыя не задавальняе. Чаму Расія памяняла сваю палітку, цяжка сказаць. Як адзін з варыянтаў, Расія палічыла, што яна занадта шмат плаціць Беларусі. І плануе скараціць субсідыі, але не поўнасцю іх адмяніць. Апроч нафтавага гранту ёсць яшчэ некалькі накірункаў, праз якія Расія эканамічна дапамагае Беларусі.

Для таго, каб пазбавіцца ад гэтага нафтавага гранта, у Маскве выдумалі такую схему: прапануем Лукашэнку інтэгравацца на падставе дамовы пра Саюзную дзяржаву. Калі Лукашэнка адмовіцца, то мы і не будзем вам кампенсаваць падатковы манеўр.

— Наколькі Лукашэнка гатовы да такога сцэнару?

— Ён не гатовы, ён будзе рабіць супраціў, абурацца, мажліва, калі не атрымаецца дамовіцца 25 снежня ў Маскве, ён будзе скандаліць, апеляваць да расійскага грамадства, як гэта ўжо было не аднойчы. Як апошні варыянт, ён можа звязаць пытанне пра падатковы манеўр з пытаннем пра працяг дамовы аб знаходжанні ў Беларусі дзвюх расійскіх вайсковых аб’ектаў.

— Гэта адзіны аргумент, які можа выставіць на адрас Расіі прэзідэнт Беларусі?

— Гэта адзіны рэальны аргумент. Ёсць і іншыя, але менш рэальныя. Былі словы Лукашэнкі ды іншых афіцыйных асобаў, што калі Расія не будзе кампенсаваць, то навошта нам Еўразійскі эканамічны саюз? Але я не думаю, што Беларусь рэальна рашыцца на заяву аб выхадзе з ЕАЭС. Гэта толькі пагрозы, і не больш за тое.   

— Што можа дапамагчы Беларусі пазбегнуць ціску з боку Расіі?

— Пазбегнуць ціску з боку Расіі наўрад ці атрымаецца. Іншая справа, што калі Расія канчаткова прыняла рашэнне адмовіцца ад кампенсацыі падатковага манеўра, то ў палітычнага кіраўніцтва Беларусі павінен быць план Б, то бок, нейкі план пераменаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі, да прыкладу, узяць курс на актыўную падтрымку бізнесу, зрабіць нейкія крокі, каб перавесці эканоміку з рэнтавай мадэлі на інавацыйную. Рэнтавая мадэль — гэта залежнасць ад той жа нафты. Заўважце, бюджэт Беларусі прывязаны да кошту на нафту, пры абмеркаванні бюджэту казалася, што бюджэт прывязаны да 60 долараў за барэль.

Гэта паказвае, наколькі моцна беларуская эканоміка залежыць ад нафты. Таму варта пазбаўляцца ад рэнтавай эканомікі і пераходзіць на інавацыйную. А дзеля гэтага патрэбны цэлы шэраг дзеянняў — ад эканомікі да сістэмы адукацыі, да рэфармавання нават палітычнай сістэмы.

Трэба нешта рабіць, паколькі нафтавы падатковы манеўр — моцны ўдар па беларускай эканоміцы. Прычым не ў наступным, а ў 2024 годзе, калі выпадае амаль 10% прыбытковай часткі бюджэту.