Мінскі форум: паўтысячы ўдзельнікаў

«Беларусь і Еўрасаюз пасля крызісу» — такую назву мае сёлетні Мінскі форум, які ладзіцца ў беларускай сталіцы ўжо трынаццаты раз.

Па словах арганізатараў, у форуме, які працягнецца тры дні і завершыцца ў пятніцу, 5 лістапада, маюць узяць удзел больш за 450 гасцей з Беларусі, Германіі, іншых краін Еўропы, у тым ліку федэральны міністр ураду ФРГ Рональд Пафала, кіраўнік Адміністрацыі беларускага прэзідэнта Уладзімір Макей, прадстаўнікі бізнесу, палітыкі, грамадскія дзеячы, эканамісты, творчая інтэлігенцыя.



e8a642ed6a9ad20fb159472950db3d65.gif

«Беларусь і Еўрасаюз пасля крызісу» — такую назву мае сёлетні Мінскі форум, які ладзіцца ў беларускай сталіцы ўжо трынаццаты раз.
Па словах арганізатараў, у форуме, які працягнецца тры дні і завершыцца ў пятніцу, 5 лістапада, маюць узяць удзел больш за 450 гасцей з Беларусі, Германіі, іншых краін Еўропы, у тым ліку федэральны міністр ураду ФРГ Рональд Пафала, кіраўнік Адміністрацыі беларускага прэзідэнта Уладзімір Макей, прадстаўнікі бізнесу, палітыкі, грамадскія дзеячы, эканамісты, творчая інтэлігенцыя.
Напярэдадні форума яго арганізатары распавялі журналістам пра мэты і задачы мерапрыемства і ацанілі абставіны, у якіх яно ладзіцца.
Па словах кіраўніка Мінскага форума прафесара Райнера Лінднера, словазлучэнне ў назве мерапрыемства «пасля крызісу» пакуль яшчэ выглядае спрэчным.
«Ні Германія, ні Беларусь пакуль яшчэ не ведаюць, ці знаходзімся мы ўжо пасля крызісу, тым не менш, ёсць эканамічныя паказчыкі, паказчыкі эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку і ў гандлі паміж нашымі дзяржавамі, якія сведчаць, што мы ўжо сапраўды расцём у эканамічным плане, — адзначыў Райнер Лінднер. — У гэтым годзе на Мінскім форуме з’явіліся новыя акцэнты, на якіх мы хацелі б засяродзіцца. Беларусь знаходзіцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, таму ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць дастаткова напружаныя пытанні эканамічнага, палітычнага і грамадскага характару, у тым ліку з прадстаўнікамі палітычнай прасторы, уключна кандыдатаў на пасаду прэзідэнта».
Прафесар Лінднер лічыць, што Беларусь зараз знаходзіцца ў стане эканамічнай пераарыентацыі, у сітуацыі вельмі няпростых стасункаў з Расіяй. «Узаемадачыненні паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам таксама з’яўляюцца вельмі важным чыннікам, важным пытаннем, якое будзе дыскутавацца на гэтым форуме», — падкрэсліў спадар Лінднер.
Кіраўнік Мінскага форума звярнуў увагу на тое, што ўпершыню за час існавання ў ім бярэ ўдзел дзейны федэральны міністр ураду Германіі — у дадзеным выпадку Рональд Пафала, які ў сваім шчыльным працоўным графіку знайшоў 24 гадзіны, каб прыехаць у Мінск і паўдзельнічаць у мерапрыемстве.


«Федэральны канцлер добра ведае пра Мінскі форум і падтрымала ўдзел у ім міністра Пафалы. Тое, што на адным тыдні ў Беларусі знаходзяцца два федэральных міністра — Рональд Пафала, а таксама міністр замежных спраў, віцэ-канцлер Гіда Вестэрвеле, сведчыць пра тое, што мы выходзім на новую стадыю нашых узаемадачыненняў, і я спадзяюся, што гэта толькі пачатак нашага далейшага супрацоўніцтва», — адзначыў Райнер Лінднер.
Вельмі важнай тэмай Мінскага форума, па словах яго кіраўніка, з’яўляецца сітуацыя з малым і сярэднім бізнесам. У рамках Мінскага форума працуе эканамічны блок (у гатэлі «Crown Plaza»), у якім удзельнічаюць прадстаўнікі бізнесколаў Германіі і Беларусі. «Важна, што гэта адбываецца напярэдадні вялікага Беларускага інвестыцыйнага форума ў Германіі, які адбудзецца 17 лістапада ў Франкфурце-на-Майне», — сказаў прафесар Лінднер і дадаў, што не меншая ўвага Мінскага форума будзе нададзена кааперацыі Беларусі і Германіі ў сферы адукацыі.
Як адзначыў дарадца-пасланнік пасольства ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар, Мінскі форум з’яўляецца цэнтральнай падзеяй у білатэральных стасунках Беларусі і Германіі. «Тое, што сёлета Мінскі форум адбываецца ўжо ў трынаццаты раз, сведчаць пра тую вялікую ролю, якую адводзяць яму арганізатары і ўдзельнікі», — падкрэсліў дыпламат.
Вяртаючыся да тэмы прэзідэнцкіх выбараў, Райнер Лінднер адзначыў, што, з пункту гледжання Бруселя, яны стануць паказчыкам і індыкатарам таго, наколькі хутка будуць развівацца праекты ў супрацоўніцтве ЕС і Беларусі.
«Вельмі шмат будзе залежаць ад таго, як пройдуць выбары, якія ацэнкі дадуць ім міжнародныя назіральнікі, якія ўжо знаходзяцца тут. У гэтым годзе вельмі цікава будзе паглядзець, як будуць адрознівацца ацэнкі назіральнікаў ад СНД, ад АБСЕ і Еўрасаюза, — сказаў кіраўнік Мінскага форума. — Але ў мяне яшчэ ёсць вялікае пажаданне на адрас Бруселя. Мы ўсе ведаем, што зараз вельмі актыўна абмяркоўваецца пытанне візавага рэжыму для беларусаў і чакаецца спрашчэнне гэтага працэсу. Па меншай меры, чакаецца працэс перагляду гэтага рэжыму. І сэнс звароту да Бруселя ў тым, што не трэба рабіць прывязку вынікаў выбараў да вырашэння гэтага пытання, таму што пытанне спрашчэння візавага рэжыму тычыцца менавіта насельніцтва Беларусі, любога чалавека ў гэтай краіне. А ў тым, як праводзяцца выбары, шараговыя выбаршчыкі не вінаватыя».
Як сцвярджаюць арганізатары, сёлетні Мінскі форум з’яўляецца рэкордным не толькі па колькасці яго ўдзельнікаў, але і па ўзроўню прысутнасці і прадстаўніцтва.