Маўчанне — золата?
Даўно, калі расійскі алігарх і апанент Крамля Міхаіл Хадаркоўскі яшчэ сядзеў за кратамі, а яму навешвалі ўсё новыя і новыя абвінавачванні па нібыта зладзействах шматгадовай даўніны, па інтэрнэце гуляў жарт: «Хадаркоўскі працягвае здзяйсняць у мінулым усё больш жорсткія злачынствы». Сёння выглядае, што ў падобнай сітуацыі апынулася ці не большасць беларускіх карыстальнікаў сацыяльных сетак.
Мінскі гарадскі суд 23 траўня прысудзіў 45-гадовага Змітра К. да трох гадоў «хіміі» за допісы ў сацыяльных сетках, дзе фігураваў зварот «м***калі» (нібыта, зняважлівую назву для жыхароў Расіі). Мужчына мае цяжарную жонку, невялічкі бізнес: відавочна, што працэс і прысуд паставяць крыж на шмат якіх планах сям’і… Раней гэты грамадзянін ніколі да судовай адказнасці не прыцягваўся, прэтэнзіяў да яго не было.
Што ж не так са словам «маскаль»? У сваёй творчасці яго шырока выкарыстоўваў Тарас Шаўчэнка ва Украіне, у нас — Каліноўскі і Багушэвіч. У Беларусі 100–150 гадоў таму «маскалямі» называлі рэкрутаў, што вярталіся з царскага войска, а часам і старавераў. Ёсць на Гродзеншчыне нават вёска Маскалі. Зрэшты, каму тое цікава: апынулася, што юрыдычна слова можа трактавацца як распальванне міжнацыянальнай варожасці.
Канешне, гэта смешна ў краіне, дзе днямі і начамі з расійскіх каналаў (якія ніхто не адключаў) льецца бруд на тую ж Украіну і «калектыўны Захад» у значна больш нястрыманых формах. Канешне, гэта смешна ў краіне, дзе «Бульбаш» — не абраза, але алкагольны (і не толькі) брэнд. Канешне, гэта смешна ў краіне, дзе тытульная нацыя мае кожны раз адстойваць сваё права на нацыянальную сімволіку, мову, герояў… Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Выпадак са Змітром К. мог бы стаць нетрывіяльным выключэннем, каб не шэраг падобных працэсаў апошняга часу. Спачатку суд на Аляксандрам Галавенкам з Гродна за рэпост кліпу «Rammstein» шматгадовай даўніны. Пасля — гвалтоўнае затрыманне і суд над Глебам Рубанавым — таксама за допіс у Facebook... Раней былі штрафы, зараз — рэальныя тэрміны. Прыклад Змітра К. — першая ластаўка.
А зараз, шаноўныя, уявіце сабе, колькі ў Беларусі карыстальнікаў сацыяльных сетак — Facebook, «ВКонтакте», Instagram ды іншых? Мільёны людзей, а значыць, мільёны профіляў, і ў кожным — тысячы і тысячы допісаў, якія самі сабой нікуды не знікаюць, але назапашваюцца. Вы, напрыклад, памятаеце, пра што пісалі на сваёй старонцы пяць ці сем гадоў таму? Напэўна, не. Я таксама. Але наўпрост можа стацца, што канкрэтны допіс, слова, абрэвіятура ці яшчэ немаведама што сёння ўжо трактуецца як прапаганда варожасці, экстрэмізму ці, крый Божа, парнаграфія.
За савецкім часам, каб выявіць іншадумцаў, КДБ было змушанае арганізоўваць грувасткія сеткі «асведамляльнікаў», прасцей кажучы — «стукачоў». Афіцыянты, таксісты, праваднікі ў цягніках… Кажуць, былі нават разнарадкі па шматкватэрных дамах — колькі і на якую колькасць насельніцтва мае быць «вушэй», якія прыбягуць і пра ўсё дакладуць куды трэба. Сёння тэхналогіі перамаглі, і патэнцыйная ахвяра, замест таго, каб спавядацца цётачцы-буфетчыцы, што падлівае гарэлку, сама ўсё напіша ў сваім профілі ў «ВКонтакте».
Пры ўсёй артадаксальнасці нашых сілавых структураў, за гэтую нітачку разумныя людзі ў пагонах ухапіліся. У выніку профілі ў сацыяльных сетках сталіся цудоўнай магчымасцю для прыцягнення да адказнасці фактычна каго-заўгодна. Там слоўца, тут абрэвіятура, а тут — фота са свастыкай: справа гатовая! База доказаў — усяго толькі «скрыншоты» са старонкі, сведкі наогул не патрэбныя. Адным словам, ідэальнае злачынства… Прабачце — ідэальнае раскрыццё злачынства!
Канешне, судзіць, а тым больш саджаць усіх направа і налева дзяржаве няма аніякай патрэбы. Навошта? Нават у 1937-м судзілі не ўсіх (а маглі ж!). Механізм з рэпрэсіямі «за рэпосты», хутчэй, будзе выкарыстаны як універсальная мера для тых жа нязгодных, якіх раней цягалі па судах за «лаяўся матам», «бытавуху» ці падкінутыя пару набояў. Тады ўсю брудную справу рабілі на судзе сведкі-міліцыянты. Сёння — Цукерберг.
Чаму пералічаныя на пачатку артыкула людзі і выпадкі — невыпадковыя? Зміцер К., які пісаў пра «м***калёў», меў таксама ў сваім профілі фота з «Пагоняй» ды сцягам украінскага «Правага Сектару». Аляксандр Галавенка, які посціў «Rammstein», быў у складзе аховы на сёлетнім Дні Волі ў Гродна. Глеб Рубанаў наогул усім вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. То-бок, людзі абраныя зусім не выпадковыя.
Разам з тым, мяркую, і апалітычным беларусам рана расслабляцца. Калі зноў вярнуцца да логікі сталінскіх рэпрэсіяў і 1937 года, мы ўбачым дынаміку: спачатку бяруць нязгодных, пасля — салідарных з нязгоднымі, за імі — тых, хто браў першых і другіх, пазней — тых, хто праходзіў побач, ды тых, хто чуў краем вуха, ну а ўрэшце цэлыя народы і нацыянальныя меншасці, якія не ўпісваліся ў стандарт «савецкага чалавека». Тыя ж, хто застаўся, павінны былі стаць ідэальнымі савецкімі грамадзянамі: калі нават падумаюць лішняе, дык дакладна нікому не скажуць, тым больш — не зробяць.
Безумоўна, кантроль за сацыяльнымі сеткамі патрэбны. Сапраўды, праз маніторынг можна выявіць цэлы спектр сур’ёзных правапарушэнняў: ад гандлю наркотыкамі да суполак накшталт «Сіняга кіта», якія схіляюць юнакоў да суіцыду. І гэта сусветная практыка, роўна як і кантроль дарожнага руху, які без святлафораў і ДАІ ператварыўся б у хаос. Пытанне ж, як заўжды, тычыцца меры і мэты: робіцца ўсё для бяспекі грамадзянаў альбо гэта кантроль дзеля кантролю? Урэшце, у якім месцы прымаўка «Маўчанне — золата», перарастае ў замагільную цішу?