Суд аштрафаваў Глеба Рубанава на 40 базавых

ІТ-кансультанта Глеба Рубанава абвінавачвалі ў тым, што 5 сакавіка ён распаўсюдзіў у Фэйсбуку абрэвіятуру A**AB, прызнаную экстрэмісцкай.

Глеб Рубанаў. Фота Мікалая Дзядка

Глеб Рубанаў. Фота Мікалая Дзядка

«Нарэшце стала вядома што мне інкрымінуюць размяшчэнне чатырохлітарнай абрэвіятуры ПАД постам (у каментарах) на старонцы Hleb Rubanau. Прычым тэхнічна гэта выглядае так: каментар ад імя Hleb Rubanau пад постам утрымлівае лінк на пост іншага карыстальніка Фэйсбук. Фэйсбук аўтаматычна адлюстроўвае preview таго поста, на які ідзе спасылка, і ў межах гэтага preview бачна фатаграфія, на якой выяўлены плакат з абрэвіятурай. І нават калі другі карыстальнік памяняе фатаграфію ў сваім допісе (напрыклад, дадасць выяву з забароненай абрэвіятурай), яна гэтак жа зменіцца і ў лінку карыстальніка з іменем Hleb Rubanau, — заявіў Глеб Рубанаў перад пачаткам судовага пасяджэння. — У мяне вельмі шмат пытанняў, і я буду намагацца, каб яны былі разгледжаныя ў гэтым жа пасяджэнні».
Глеб вінаватым сябе не прызнаў, таму што не ўстаноўленая асоба, якая размясціла выяву з абрэвіятурай у сетцы Фэйсбук. Як IT-спецыяліст, Глеб лічыць, што ўстанаўленне МУС такіх асоб прынцыпова немагчыма. Такімі дадзенымі валодае толькі амерыканскі сегмент Фэйсбука. Адзіная інфармацыя, якую могуць дкладна ўстанавіць беларускія сілавікі разам з Фэйсбукам, — гэта ІР-адрас карыстальніка. Аднак наўрад ці карпарацыя Фэйсбук выдасць беларускім сілавым органам, з якога ІР-адрасу быў пакінуты пэўны каментар. Нават калі так — даказаць асобу, якая размясціла допіс, амаль немагчыма. Гэта можа быць любы чалавек, які, напрыклад, ведае пароль ад вай-фая. Так што магчымасці ідэнтыфікаваць асобу ў сеціве амаль няма, калі справа не з’яўляецца выключнай і да яе не падключаць Інтэрпал.  
ІТ-кансультант адмовіўся адказваць на пытанне суддзі, ці зарэгістраваны ён у сетцы Фэйсбук, паколькі ён не павінен даказваць сваю невінаватасць і сведчыць супраць сябе.
Як патлумачыў Глеб Рубанаў у судзе, 21 сакавіка паміж 19 і 20 гадзінамі вечара яму на хатні тэлефон пазваніў чалавек, які прадставіўся як участковы Белы, і запрасіў прыйсці на гутарку ў рамках праверкі па справе флэшмобу «#яэкстрэміст». Глеб спытаў, у якім статусе яго запрашаюць. Капітан Белы сказаў, што адміністрацыйнага працэсу няма, праводзіцца праверка. Аднак у той момант у Глеба не было магчымасці прыйсці ў апорны пункт. Капітан Белы прапанаваў прыйсці дамоў да Глеба, але апошні не меў магчымасці стасункаваць з супрацоўнікамі міліцыі ў той вечар.
Глеб прапанаваў сустрэцца ў наступныя дні, але яму сказалі, што гэта немагчыма. Пры гэтым ён заўважыў, што гатовы з’явіцца ў апорны пункт пры належным афармленні выкліку.
Аднак міліцыянты не здолелі гэтага зрабіць. Тады яны склалі некансістэнтны пратакол і без подпісаў асобы, у дачыненні да якой вядзецца справа, накіравалі ў суд. Але суд вярнуў яго назад.
Затым 16 красавіка Глебу ў Вайбер без якіх-кольвечы каментароў з нумару, падпісанага іменем Дзяніс, даслалі фатаграфіі пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні з незразумелай фабулай. Таксама былі дакументы з тлумачэннямі правоў і абавязкаў і аб накіраванні справы ў суд. Аднак і іх суд завярнуў.
І вось у 4.30 раніцы 7 траўня Глебу Рубанаву зноў пазванілі на хатні і паведамілі, што нейкі вандал граміць у раёне машыны, і папрасілі выйсці на вуліцу, каб агледзець Глебаў аўтамабіль. Як выявілася, дадзеная аперацыя была разыграная для таго, каб выманіць ІТ-кансультанта з кватэры. Яго завезлі ў Савецкі РУУС (прычым ён паехаў туды добраахвотна, але ў пратаколе напісана, нібыта затрыманне ўжо адбылося). На Глеба склалі новы пратакол, але па-ранейшаму з некансістэнтнай фабулай. Мужчына правёў 30 гадзін пад вартай на Акрэсціна. Аб тым, што супраць яго вядзецца адміністрацыйны працэс, Глебу стала вядома толькі 7 траўня падчас знаходжання ў РУУС.
У суботу 11 траўня Глеба зноў выклікалі ў РУУС і склалі новы, ужо трэці пратакол. Разгляд справы па ім прызначылі на сёння, 13 траўня. Глеб звяртае ўвагу, што ў гэты дзень сыходзіць максімальны тэрмін для прыцягнення яго да адказнасці. Ён не выключаў, што на гэтай падставе справу хацелі спыніць. Да таго ж пасяджэнне пачалося ў 10 гадзін, а на 10.30 у суддзі Галаўкова, якая яго вяла, ужо быў прызначаны наступны працэс.  
Напачатку пасяджэння Глеб Рубанаў заявіў хадайніцтва аб выкліку сведак — маёра Варанішча і капітана Белага. Першы непасрэдна затрымліваў Глеба і вядзе супраць яго адміністрацыйны працэс. Другі ўзгаданы як выканаўца ў многіх дакументах справы. Суддзя хадайніцтва задаволіла.
Другое хадайніцтва Глеба тычылася візуальнага агляду справы, каб пераканацца, што дакументы ў суддзі маюць той жа выгляд, з якімі знаёміўся Глеб з адвакатаму РУУСе. Суддзя гэтае хадайніцтва таксама задаволіла.
Яшчэ адно пісьмовае хадайніцтва — аб разглядзе законнасці затрымання Глеба 7 траўня. Ён лічыць яго адвольным, што парушае артыкул 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Глеб папрасіў прызнаць за ім права на кампенсацыю шкоды, нанесенай затрыманнем.
І, нарэшце, хадайніцтва даследаваць пратакол агляду прадметаў і дакументаў ад 14 скавіка, які знаходзіцца ў матэрыялах справы, на прадмет фальсіфікацыі. 
«У пратаколе ўказана дата 5 сакавіка 2019 года, час 15.13. Гэты час Фэйсбук фіксуе як час пакідання каментара са спасылкай. Але на скрыншоце са звестак сеткі Фэйсбук таксама бачна, што фізічна ён быў зроблены праз 9 тыдняў пасля 5 сакавіка. Я паглядзеў па календары — гэта 7 траўня, дзень майго затрымання. Такім чынам ёсць вялікая верагоднасць, што пратакол агляду (які і з’яўляецца нібыта падставай для пачатку адміністрацыйнага працэсу) быў складзены пасля таго, як я быў змешчаны пад варту альбо непасрэдна перад маім затрыманнем, а не 14 сакавіка», — зазначыў Глеб Рубанаў.
Адвакат Аляксандр Галіеў папрасіў накіраваць згаданы пратакол не ў Савецкі РУУС, а дзеля ацэнкі ў Следчы камітэт па Мінску.
У судзе старшы ўчастковы Савецкага РУУС маёр міліцыі Дзяніс Варанішча распавёў, што 7 траўня 2019 года каля 4 — 5 раніцы ён затрымаў Глеба Рубанава ў двары аднаго з дамоў на вуліцы Гамарніка па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.
«Выклікала падазрэнні ваша машына: было спушчана кола, дах і капот мелі пашкоджанні. Вы былі выкліканыя аператыўным дзяжурным для агляду», — патлумачыў участковы. Ён пацвердзіў, што Глеб пагадзіўся праехаць у РУУС добраахвотна, але пры гэтым затрыманне адбылося пасля пасадкі ў міліцэйскую машыну.
Адміністрацыйны працэс пачаўся 14 сакавіка, з моманту складання пратаколу агляду старонкі ў Фэйсбуку. Ён сцвярджае, што час даследавання старонкі — 16.09. Аднак гэтыя звесткі разыходзяцца з тым, што напісана ў пратаколе агляду.
І яшчэ адзін момант: 10 траўня матэрыялы былі накіраваныя ў суд, а з пратаколам Рубанаў з адвакатам змаглі азнаёміцца толькі 11 траўня.
Варанішча сказаў, што Глеб быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, аднак у пратаколе сказана, што — для забеспячэння ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе. «Гэта не супярэчанне, а ўдакладненне», — патлумачыў участковы.
Якім чынам устанавілі, што акаўнт Hleb Rubanau у Фэйсбуку належыць Глебу Рубанаву, яму невядома — гэтым займалася ГУБАЗіК.
Наступны сведка, участковы Аляксандр Белы, патлумачыў, што ведае Рубанава, паколькі складаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Таксама сведка сцяврджае, што Рубанава запрашалі прыйсці ў міліцыю, у тым ліку дасылалі позву па пошце.  
Глеб Рубанаў заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд начальніка ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па супрацьдзеянні экстрэмізму, які ўстанаўліваў асобу Рубанава ў сетцы Фэйсбук. Да таго ж асоба Рубанава нібыта была ўстаноўленая 18 сакавіка, а пратакол агляду быў складзены 14 сакавіка. Аднак суд хадайніцтва адхіліў.
Глеб перакананы, што асоба, якая здзейсніла правапарушэнне, не ўстаноўленая, а грамадская небяспека ад яго — вельмі малая. Таму ён лічыць, што адміністрацыйны працэс у адносінах да яго неабходна спыніць за адсутнасцю падзеі правапарушэння.
У сваю чаргу адвакат Аляксандр Галіеў звярнуў увагу на поўную некампетэнтнасць і прававы нігілізм супрацоўнікаў МУС. Праз гэта чалавек, у якога на ўтрыманні знаходзіцца маці-інвалід 1 групы і чатырохгадовае дзіця, апошнія дні вымушаны амаль не спаць, пакутаваць ад павышэння ціску, а ўся яго сям’я — жыць у нервовай абстаноўцы. 
Аднак суддзя Галаўкова палічыла, што гэтага недастаткова, і аштрафавала Глеба Рубанава на 40 базавых велічынь (1020 рублёў).