Глеба Рубанава будуць судзіць 13 траўня
ІТ-кансультанта Глеба Рубанава 11 траўня выклікалі ў Савецкі РУУС Мінска, дзе ўручылі позву ў суд на бліжэйшы панядзелак, 13 траўня.
Нагадаем, раніцай 7 траўня Глеба Рубанава падманам выманілі з кватэры і затым беспадстаўна затрымалі на 30 гадзін. Пасля часу, праведзенага ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, 8 траўня Глеба прывезлі ў суд Савецкага раёна. Але працэс не адбыўся, ІТ-кансультанту ўручылі позву ў суд на 16 траўня.
Але 11 траўня Глеба раптоўна выклікалі ў Савецкі РУУС, дзе разам з адвакатам ён азнаёміўся з новым пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні і матэрыяламі справы, а таксама даведаўся, што пасяджэнне ў яго адбудзецца не 16, а 13 траўня ў 10.00 у судзе Савецкага раёна Мінска.
– Мне ўручылі новы пратакол і далі нарэшце позву ў суд на 13 чысло. Супрацоўнік МУС, які выпісваў мне позву на 16 траўня, памыліўся, – сказаў Глеб Рубанаў.
Гэта ўжо трэцяя версія пратакола, складзенага на Глеба Рубанава, з цалкам новай фабулай.
– Урэшце стала зразумела, што мне закідаюць «размяшчэнне надпісу А**В на сваёй старонцы ў Фэйсбуку». Я разлічваю, што ў судовым пасяджэнні будзе даказаная мая невінаватасць, – перакананы ІТ-кансультант.
Як распавёў Глеб «Новаму Часу», у Савецкі РУУС ён ішоў, цалкам гатовы да чарговага затрымання.