«Вечернему Могилеву», вядомаму сваёй гамафобіяй, пагражае суд за экстрэмізм
Экспертная камісія пры Мінінфармацыі знайшла прыкметы экстрэмізму ў двух тэкстах магілёўскага рэгіянальнага выдання. Заключэнне накіраванае ў праваахоўныя органы, дзе будзе прынята рашэнне аб прыцягненні да адказнасці аўтараў матэрыялаў.

Малюнак J4T
Сайт праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за
талерантнасць» паведамляе, што да іх патрапіў дакумент за подпісам першага
намесніка міністра інфармацыі Паўла Лёгкага ад 2 траўня 2019 года. У ім
паведамляюцца вынікі працы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы
інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй праяў
экстрэмізму.
Праца камісіі была арганізавана па заяве ЛГБТ-актывіста з Маладзечна Валянціна Цішко. Раней Валянцін накіраваў у ведамства зварот са спісам з 14 публікацый «Вечернего Могилева» на тэму ЛГБТ, і прасіў праверыць іх на наяўнасць незаконнай інфармацыі. У двух артыкулах з чатырнаццаці эксперты знайшлі праявы экстрэмізму.
«Дадзенае экспертнае заключэнне накіравана ў праваахоўныя органы для вырашэння пытання аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 17.11 КоАП Беларусі», — паведамляе Павел Лёгкі.

Публікацыі «Судный день. Лиричных чувств натянутые струны...» и «Во что выливается нетерпимость к извращениям», у якіх экспертная камісія знайшла прыкметы экстрэмізму, усё яшчэ знаходзяцца ў адкрытым доступе. Пасля рашэння суда яны могуць трапіць у рэспубліканскі спіс забароненых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да гэтага часу ў гэтым спісе няма ні адной публікацыі афіцыйна зарэгістраванага ў Беларусі СМІ.
Газета «Вечерний Могилёв» неаднаразова займала першыя пазіцыі па распаўсюджванню мовы варожасці ў байнэце ў маніторынгах ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».
Кіраўнік маніторынгавай групы Віёла Ермакова лічыць працэс у дачыненні да «Вечернего Могилева» заканамерным:
— У маніторынгу 2015–2016 гадоў, калі мы аналізавалі, як медыя пішуць пра ЛГБТК +, усе пяць самых жорсткіх матэрыялаў у рэйтынгу належалі гэтаму СМІ. Мова варожасці ў іх проста зашкальвала... Радуе, што па пастаянсту агрэсіі яны ў Беларусі такія адны.
На думку лідара ініцыятывы Алега Ражкова, дадзенае разбіральніцтва павінна знізіць градус нянавісці, што прадукуецца газетай, аднак могуць быць і негатыўныя наступствы.
— Лічу, што найбольш бяспечным механізмам барацьбы з мовай варожасці ў медыяпрасторы з'яўляецца самарэгуляванне СМІ. Адукацыйныя праекты, дыскусіі і сумесная распрацоўка этычных стандартаў — гэта аптымальны шлях для таго, каб журналістыка развівалася і станавілася больш інклюзіўнай. У ідэальным свеце журналісцкая супольнасць павінна самастойна рэагаваць на парушэнне этыкі, — каментуе сітуацыю Алег Ражкоў. — У сектары незалежных СМІ ў асноўным так і адбываецца. Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў выдатна спраўляецца з гэтай функцый.
Аднак у выпадках з такімі праўладнымі газетамі, як «Вечерний Могилёв», гэты інструмент немагчыма прымяніць. Адпаведная ж камісія ў Саюзе журналістаў, як мы назіраем, у пытаннях этыкі свае функцыі не выконвае. У той жа час паводле міжнароднага права, калі мова варожасці дасягае крытычнага парога сур'ёзнасці, ён павінен быць забаронены. У гэтым выпадку зварот у Мінінфармацыі апраўданы.
Аднак пры гэтым трэба разумець, у краінах з аўтарытарным рэжымам заўсёды ёсць рызыка, што дзяржрэгуляванне пад выглядам праведнай барацьбы можа негатыўна адбіцца на свабодзе слова.
Да закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму, як метаду барацьбы з нянавісцю ў грамадстве ў экспертаў даўно ёсць пытанні. Юрыст БАЖ Алег Агееў распавёў аб практыцы злоўжывання законам, бо сам па сабе закон мае істотны недахоп:
— Калі паглядзець вызначэнне аб экстрэмізме, параўнаць яго, напрыклад, з артыкулам 33-м Канстытуцыі, то стане зразумела, што там намяшана абарона і грамадства, і дзяржавы, і правоў і свабодаў іншых асобаў. Гэтая расплывістая фармулёўка дае поле для вельмі шырокіх злоўжыванняў з боку дзяржавы: неабгрунтаванае абмежаванне свабоды слова і права на доступ да інфармацыі. Дзяржава прыцягвае людзей да адказнасці за банальнае выкарыстанне права на распаўсюд інфармацыі.
Паводле j4t.by