Місія невыканальная — 2

Што такое «эканамічна абгрунтаваныя выдаткі», якія нясе дзяржава?

Фота cdni.rt.com

Фота cdni.rt.com

Грамадзян больш не называюць «дармаедамі» і не патрабуюць ад іх грошай на «фінансаванне дзяржаўных выдаткаў». Дэкрэт №1, які замяніў сумнавядомы дэкрэт №3 пра лайдакоў, зараз называецца «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».

Эксперты ўжо абсмакталі гэты дакумент ад самай шапкі. Першае адрозненне ад старога дэкрэта ў тым, што папярэдні дакумент быў скіраваны супраць «сацыяльных утрыманцаў». Зараз такой катэгорыі няма — ёсць «максімальнае садзейнічанне грамадзянам у працаўладкаванні» з боку дзяржаўных органаў і «рэсацыялізацыя асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця». Праўда, хібы і ў новага, і ў старога дакумента аднолькавыя. Як у дармаедскім дэкрэце не было дакладна прапісана, хто з’яўляецца «сацыяльным утрыманцам», так і зараз не вызначана, што такое «асацыяльны лад жыцця».

І таму пакуль не вядома, хто трапляе пад дзеянне дэкрэта №1: Савет Міністраў яшчэ павінен вызначыць парадак аднясення грамадзян да «асацыяльных элементаў». З логікі дэкрэта, які скіраваны на «садзейнічанне грамадзянам у працаўладкаванні», вынікае, што гэта беспрацоўны грамадзянін. А сыходзячы з тэксту дэкрэта — «працаздольны чалавек, не заняты ў эканоміцы».

Мы звыклі называць «асацыяльным элементам» алкаголіка дзядзьку Васю, які штовечар смокча «чарніла» і лаецца матам на дзіцячай пляцоўцы, дзе гуляе з дзецьмі цвярозніца і выдатная маці трох спінагрызаў цётка Галя. Але, згодна з дэкрэтам, дзядзь­ка Вася, які працуе грузчыкам у бліжэйшай краме, — «сацыяльны элемент», бо мае працу і заняты ў эканоміцы. А цётка Галя нідзе не працуе, бо выхоўвае дзяцей. Яна, атрымліваецца, элемент асацыяльны. Так?

У дэкрэце прадугледжваецца, што з 1 студзеня 2019 года «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць паслугі, вызначаныя Саветам Міністраў… па коштах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне». У дакуменце па-ранейшаму няма выняткаў, якія б тычыліся маці, якія знаходзяцца ў адпачынку па даглядзе за дзіцём, салдат тэрміновай службы, студэнтаў і гэтак далей. Ёсць толькі панятак грамадзян, якія «не занятыя ў эканоміцы», бо «трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю». Іх адпаведныя мясцовыя камісіі могуць вызваліць ад аплаты «эканамічна абгрунтаваных выдаткаў» поўнасцю альбо часткова.

Што такое «эканамічна абгрунтаваныя выдаткі», якія нясе дзяржава? Найперш на розум прыходзяць нібыта бясплатная ў нас медыцына і адукацыя. Але ж бясплатныя яны ў нас менавіта «нібыта»: за лекі, за дзіцячы садок, за спартовыя секцыі, за падручнікі ў школе (!!!) даводзіцца плаціць.

Дзяржава нібыта субсідуе транспарт. У нас з’явяцца асобныя, «дармаедскія» квіткі на аўтобус? Дзяржава ўтрымлівае пажарных, войска і міліцыю. Пажарныя перад тушэннем пажару будуць патрабаваць даведку аб працаўладкаванні, а дактары «хуткай дапамогі» — цікавіцца ў пацыента, дзе ён працуе?

Вернемся да дзядзькі Васі і цёткі Галі. Калі цётцы Галі надакучыць лаянка дзядзькі Васі, яна выкліча ўчастковага. Участковы скажа дзядзьку Васю: «Ай-яй-яй». А з цёткі Галі запатрабуе аплаціць «эканамічна абгрунтаваныя выдаткі» за выклік, бо яна «працаздольны грамадзянін, не заняты ў эканоміцы»?

Мы нават не будзем казаць, што дзяржава, насамрэч, нічога не субсідуе і нічога не аплачвае. Усе яе грошы — гэта нашы грошы, сплочаныя намі ў выглядзе падаткаў. Гэта мы плацім і міліцыі, і пажарным, і дактарам — дзяржава гэтыя грошы толькі размяркоўвае. За што, дарэчы, бярэ неблагі працэнт дзеля ўтрымання чыноўнікаў — так званага «дзяржаўнага апарату».

Бадай, адзіная сфера, дзе можна нешта ўзяць з «працаздольнага грамадзяніна, не занятага ў эканоміцы», — гэта поўная аплата паслуг ЖКГ. Але і тут вялікая праблема.

Па-першае, камунальнікі і самі не ведаюць, колькі гэта — поўная аплата паслуг ЖКГ. Тройчы Лукашэнка патрабаваў прадставіць яму гэтыя лічбы — і тройчы мы іх не пабачылі. Па-другое, з 2019 года, калі павінна запрацаваць аплата «эканамічна абгрунтаваных паслуг», нам абяцаюць дайсці да стопрацэнтнай аплаты ЖКГ усімі, а не толькі «не занятымі ў эканоміцы». І, па-трэцяе, калі ў кватэры адзін працуе, а другі — не, як вылічыць гэтую «поўную аплату ЖКГ»?

Дэкрэт №1, які прыйшоў на замену «дармаедскаму падатку», выклікае столькі ж пытанняў (а можа і больш), як і дэкрэт №3. А значыць, і працаваць ён будзе, як дэкрэт №3, — то бок, ніяк. Адзінае, у чым згодныя эксперты: гэты дакумент, як і дэкрэт пра дармаедаў, ставіць крыж на «сацыяльнай дзяржаве» і цалкам разрывае сацыяльны кантракт паміж дзяржавай і насельніцтвам. Што можа выклікаць непрадказальныя наступствы ў час маючых адбыцца парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.

Дык чаму б дэкрэт не адмя­ніць увогуле?