Мясцовыя саветы: перадвыбарчы пейзаж

Дзесьці ў студзені-лютым 2018-га, у Беларусі павінны адбыцца выбары ў мясцовыя саветы. Улады збіраюцца праводзіць выбарчую кампанію ў сваёй звыклай манеры, нічога асабліва мяняць не будуць, дый не могуць. Звычайна мясцовыя выбары ў Беларусі мала каго цікавяць. Але толькі не гэтым разам...

savety_1_logo.gif

Абыякавасць выгадная

Гэта ў Еўропе працэнт удзелу грамадзян у такіх выбарах звычайна вышэйшы, чым у парламенцкай выбарчай кампаніі. Бо штодзённае жыццё і побыт людзей больш залежыць ад мясцовай улады, чым ад парламента. А ў Беларусі ўсё па-іншаму. Бо, па-першае, насамрэч выбараў у нас няма з 1996 года. Усё, што адбываецца апошнія 20 гадоў, — гэта імітацыя выбарчага працэсу.

Па-другое, няма і мясцовага самакіравання. Саветы — гэты рудымент савецкага дзяржаўнага ладу. Яны не маюць рэальнай улады, з’яўляюцца пятым колам у дзяржаўнай калясніцы, дэкаратыўным фасадам беларускай палітычнай сістэмы (уласна, як і парламент, суд, прафсаюзы і інш.). Маўляў, трэба ж, каб і ў нас было, як людзей: у Еўропе ёсць мясцовае самакіраванне, няхай і ў нас будзе нешта такое.

Нават парламенцкія выбары ў Беларусі ўлады спрабуюць правесці па-за палітычнай прасторай, падштурхоўваюць кандыдатаў у бок абмеркавання толькі праблем выбарчай акругі. А ўжо мясцовыя выбары тым болей зводзяцца толькі да пытанняў, якія хвалююць жыхароў таго ці іншага рэгіёну.

Дарэчы, такая сітуацыя выгадная ўладам. Бо праўладныя кандыдаты — гэта, як правіла, нейкія начальнікі. У іх больш магчымасцяў вырашаць бытавыя праблемы населеных пунктаў. А ад апазіцыі кандыдатамі ідуць у лепшым выпадку інтэлігенты (дактары, настаўнікі), а ў горшым — беспрацоўныя ці прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У іх апрыёры менш магчымасцяў адрамантаваць дарогу, жытло ці арганізаваць аўтобусны маршрут.

Новыя ўмовы і вяртанне ў 1990-я

Але гэтыя выбары будуць праходзіць у пэўным сэнсе ў новых умовах. Вясновыя акцыі пратэсту паказалі, што адбываецца крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі. Эканамічная рэцэсія двух апошніх гадоў спарадзіла ў грамадстве ідэалагічны крызіс. Падобная сітуацыя здарылася ў пачатку 1990-х гадоў пасля краху СССР і сацыялістычнай сістэмы. Разбурэнне ранейшай карціны свету выклікала ў масавай свядомасці псіхалагічны шок. Стварэнне Лукашэнкам беларускай сацыяльнай мадэлі дазволіла пераадолець яго, стварыць новую светапоглядную сістэму каардынатаў.

І вось цяпер у нейкай меры мы вяртаемся да пачатку 1990-х гадоў. Ва ўяўленнях кіруючай эліты і грамадства бурыцца звыклы светапарадак, ранейшая сістэма каштоўнасцяў. Сярод насельніцтва з’явілася расчараванне і роспач. Прыходзіць усведамленне, што крызіс, падзенне ўзроўню жыцця — гэта не часовыя цяжкасці, выкліканыя вонкавымі чыннікамі, як спрабуе давесці ўлада, а надоўга, можа назаўсёды. Гэта ўжо знайшло адлюстраванне ў сацыялагічных апытаннях. З’яўляецца ўсведамленне, што беларуская сацыяльная мадэль — гэта тупіковы варыянт, што 20 гадоў Сусанін вёў краіну не туды.

Дэкрэт №3 аб дармаедах давяршыў агульную карціну. Ён ударыў па маральнаму аўтарытэту ўладаў і прэзідэнту, у прыватнасці, спарадзіў этычны крызіс у адносінах паміж дзяржавай і народам. Бо абвяшчаць дармаедамі людзей, якія апынуліся ў бядзе, без працы, ды яшчэ прымушаць іх плаціць за гэта штраф, — гэта насельніцтва палічыла дзікай несправядлівасцю.

Аляксандр Лукашэнка тое адчувае, таму ліхаманкава імкнецца памяняць сітуацыю. Ледзь урад і выканаўчая вертыкаль паспелі распрацаваць графікі выхаду да канца года на сярэдні заробак у краіне ў 1000 рублёў, як кіраўнік дзяржавы паспяшаўся ашчаслівіць беларусаў новай дзяржаўнай шчодрасцю. Мінулым тыднем ён даручыў у будучым годзе давесці сярэдні заробак да 1500 рублёў. Такім чынам, ён спрабуе аднавіць сацыяльны кантракт з грамадствам.

Не ўпэўнены, што такім спосабам гэта ўдасца. Бо беларусы памятаюць, што абяцанне давесці заробак да 500 долараў раней давалася ўжо два разы. І ўсялякі раз заканчвалася кепска — вялікай дэвальвацыяй. То бок у масавай свядомасці грамадства згадка пра гэты піяр-ход звязана з псіхалагічнай траўмай.

Акрамя таго, 70% беларусаў атрымліваюць менш афіцыйнага сярэдняга заробку. То бок ён выцягваецца за кошт росту даходаў у высокааплатных работнікаў. У рэгіёнах не тое, што 1000 рублёў, а нават 500 рублёў лічыцца добрым заробкам. Таму ўсе развагі Лукашэнкі пра 1000 ці 1500 рублёў выклікаюць у ягонага электарату толькі раздражненне, даюць адваротны эфект.

І гэта стварае большыя магчымасці для апазіцыі ў камунікацыі з электаратам. Думаю, гэтым разам «дзіцячая хвароба левізны» ў дэмакратычных сілах Беларусі ў выглядзе байкоту пераадоленая. Мясцовыя выбары ў меншай ступені патрабуюць адзінства апазіцыі, што, як вядома, з’яўляецца вялікай праблемай для апанентаў існага рэжыму.

Патрэбна альтэрнатыва

Недавер насельніцтва да ўлады стварае сітуацыю, калі ад апазіцыйных кандыдатаў у меншай ступені патрабуецца канструктыўная праграма. Галоўнае, апаненты рэжыму павінны дэманстраваць альтэрнатыву існай уладзе. Калі існуе крызіс даверу да ўладных інстытутаў, то крытыка ўладаў можа даць палітычныя балы. Так было падчас гарбачоўскай перабудовы, калі людзі станавіліся дэпутатамі на лозунгах «Далоў!», «Ганьба!», «Так жыць нельга!».

Таму апазіцыянерам наўрад ці варта спаборнічаць з прадстаўнікамі ўлады за тое, хто лепш адрамантуе дах, а акцэнтаваць увагу на няздольнасці вертыкалі вырашыць сацыяльныя праблемы насельніцтва.

Зразумела, апазіцыі таксама варта было б працягваць крытыку непапулярнага ў народзе дэкрэту аб дармаедах. Тым больш, што прэзідэнт не збіраецца яго адмяняць, а значыць, падстаўляецца. Пасланне апазіцыі магло б быць такім: кожны з грамадзян можа аказацца беспрацоўным, і тады яму давядзецца плаціць гэты падатак.

Даволі папулярнай з’яўляецца ідэя выбараў кіраўнікоў гарадоў, раёнаў і абласцей агульным галасаваннем насельніцтва рэгіёну. Думаю, апазіцыі варта было б яе прасоўваць.

Вельмі важна, каб у момант выбараў адбылася палітызацыя грамадства. Як гэта было падчас вясновых акцый пратэсту. Вось калі б выбары адбываліся вясной, то яны маглі б стаць цікавымі. Але за лета ўсё сціхла, зноў стала дамінаваць апалітычнасць і абыякавасць. Калі б апазіцыі ўдалося за восень неяк ажыццявіць палітычную мабілізацыю, то гэта пайшло б ёй на карысць.

Другі момант. Выбары будуць праходзіць у перыяд, калі ўлады імкнуцца зладзіць дыялог з Захадам. Для гэтага трэба прадэманстраваць прагрэс у плане дэмакратызацыі. Вось падчас парламенцкіх выбараў мінулага года двух прадстаўнікоў незалежнага грамадства (Ганну Канапацкую і Алену Анісім) прапусцілі ў Палату прадстаўнікоў. Трэба рабіць наступны крок. Які?

Апазіцыю прапусцяць?

Гледзячы па ўсім, дэмакратызаваць выбарчы працэс, уносіць сутнасныя змены ў заканадаўства аб выбарах улады не збіраюцца. За гэтую крэпасць яны будуць змагацца да канца. Таму ніякіх ілюзій на гэты конт у апазіцыі не павінна быць. Спадзяванні на тое, што Захад прымусіць Лукашэнку правесці дэмакратычныя выбары, марныя.

Паводле старшыні Цэнтрвыбаркама Ярмошынай, нейкія прапановы ў Выбарчы кодэкс былі гатовыя яшчэ ў пачатку года, нарада ў прэзідэнта анансавалася на сакавік. Сёння ўжо жнівень, а яе няма. Лідзія Ярмошына намякала, што хутка ўжо будзе позна нешта мяняць, бо перад самымі выбарамі ўносіць змены нельга.

Улады збіраюцца праводзіць выбарчую кампанію ў сваёй звыклай манеры, нічога асабліва мяняць не будуць, дый не могуць. За доўгі час існавання аўтарытарызму, адсутнасці рэальных выбараў, яны адвыклі ад канкурэнцыі развучыліся весці рэальную барацьбу. Больш за тое, яны проста не ўмеюць размаўляць з насельніцтвам. Варта ўзгадаць, якімі бездапаможнымі былі кіраўнікі гарадоў, калі А. Лукашэнка загадаў ім выходзіць на плошчу да народа падчас вясновых акцый пратэсту.

У такой сітуацыі прагрэс можна прадэманстраваць толькі ў тым, каб прапусціць у мясцовыя саветы пэўную колькасць апазіцыянераў. Прычым, пажадана, не ў Мінску ці нейкіх буйных гарадах, бо гэта больш небяспечна, а дзесьці на перыферыі.

Варта звярнуць увагу, што вясной адносна масавыя акцыі пратэсту прайшлі ў не ў Мінску, а ў рэгіёнах: у такіх гарадах, як Гомель, Пінск, Маладзечна, Бабруйск, Орша, Рагачоў. Бо крызіс закрануў правінцыю значна мацней, чым сталіцу. Там недавер да ўлады значна большы. Апазіцыі варта гэта ўлічваць, мець на ўвазе. Можа нават дэмакратычнаму актыву з’ехаць з Мінску ў рэгіёны. Бо там цяпер для іх больш спрыяльная глеба.

Таму можна меркаваць, што палітычная барацьба падчас гэтай выбарчай кампаніі раптам перамесціцца ў рэгіёны. Не выключана, што гэтым разам рэй можа весці правінцыя. І гэта новая з’ява ў беларускай палітыцы.