На беларуска-расійскай мяжы часткова адновяць мытны кантроль (відэа)
Як перадухіліць паступленне еўрапейскіх харчоў у Расію праз Беларусь? Гэта — адна з тэмаў сённяшніх перамоваў у Мінску кіраўніка Рассяльгаснагляду Сяргея Данкверта з міністрам сельскай гаспадаркі нашай краіны Леанідам Зайцавым, прысвечаных замяшчэнню еўрапейскіх харчоў на расійскім рынку.
12.08.2014: Магчымасці для шэрых схемаў
УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ВЫДАННЕ «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:
«Беларусь адна з першых заявіла, што гатовая дапамагчы Расіі ў пастаўках харчавання. Цалкам натуральны і цалкам разумны падыход у гэтай сітуацыі. Тут няма нічога палітычнага, гэта
выключна эканоміка. Ёсць магчымасць, чаму б з яе не скарыстацца».
Іншая справа — як скарыстацца. Яшчэ на пачатку года віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзій Дварковіч збіраўся ўводзіць санкцыі супраць беларускіх прадуктаў харчавання. А ўдзельнікі рынку
наўпрост вінавацілі Менск у пастаўках на расійскі рынак прадукцыі трэціх краінаў пад выглядам беларускіх.
АНДРЭЙ ДАНІЛЕНКА, СТАРШЫНЯ «САЮЗМАЛАКА»:
«Беларусь не здольная забяспечыць усіх патрэбаў Расеі ў малочнай прадукцыі. Летась мы ўжо бачылі, што беларускія вытворцы вычарпалі свае магутнасці павелічэння аб’ёмаў паставак
на расейскі рынак. І, на жаль, гэта прыводзіць да ўсялякіх спробаў іншымі спосабамі гэта зрабіць. Або за кошт рээкспарту з другіх краінаў. Бо ў нас агульная мяжа, або выкарыстанне сыравіны, якая не
на 100 % малочная».
Але сёння галасы з Масквы адносна беларускага рээкспарту ў Расію гучаць дыяметральна супрацьлегла.
АНДРЭЙ ДАНІЛЕНКА, СТАРШЫНЯ «САЮЗМАЛАКА» (тэлефон):
«Ёсць абавязанні з беларускага боку, і ў нас няма прычынаў не верыць гэтым абавязанням».
І хоць абавязанняў не парушаць мытных дамоваў улады Беларусі не здымалі з сябе і раней, эксперты адзначаюць: цяпер Расія можа не толькі прыкрываць вочы на беларускі рээкспарт, але нават наадварот:
нефармальна заахвочваць да яго беларускі бок. Гэткім чынам Крэмль можа імкнуцца, з аднаго боку, не дапусціць дэфіцыту ў расійскіх крамах, а, з другога, захаваць дыпламатычны твар, не паслабляючы
ўведзеных раней абмежаванняў супраць еўрапейскіх, амерыканскіх ці аўстралійскіх прадуктаў.
УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ВЫДАННЕ «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:
«Калі будзе жаданне нейкія патокі пусціць у абыход санкцыяў, каб фармальна захаваць прылік, то яны будуць зробленыя. Але гэта зноў жа будзе вырашацца не тут, у Беларусі, а будзе менавіта
вырашацца ў Маскве».
Канкрэтныя метады кантролю за плынню тавараў з Еўропы ў Беларусь і далей у Расію, пасля сённяшняй сустрэчы ў Менску абмяркуюць у пятніцу на адмысловым паседжанні Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Сёння ж прадстаўнік Беларусі ў гэтай структуры Сяргей Румас заявіў, што будзе настойваць на праве нашых вытворцаў рээкспартаваць еўрапейскую харчовую сыравіну ў Расію ў выпадку, калі яна пройдзе
перапрацоўку ў Беларусі. Пазіцыю, якую напярэдадні агучыў Аляксандр Лукашэнка.
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Трэба нам далікатэсы нейкія нямецкія — мы іх купляем для ўнутранага спажывання. Трэба нам нешта перапрацоўваць і гэтак далей — мы купляем і
перапрацоўваем».
За кошт рээкспарту еўрапейскіх тавараў пасля мінімальнай або ўвогуле намінальнай перапрацоўкі Беларусь, паводле некаторых артыкулаў, можа гіпатэтычна падвоіць свой экспарт. Напрыклад, у малацэ
патрэба Расіі ў імпарце складае 40 %, з якіх палову Беларусь задавольвае цяпер, а яшчэ палова застаецца цяпер незапоўненая. Нішы могуць адкрыцца і ў іншых прадуктах.
БАРЫС НЯМЦОЎ, ПАЛІТЫК:
«Хутка будзем есці беларускія яблыкі, сыр, а нехта — беларускі хамон, сібас і вустрыцы»
Беларускаму бюджэту гэтыя схемы могуць абяцаць істотныя прыбыткі. Праўда, як уладам удасца выканаць сваё абяцанне — не дапусціць скачку коштаў у Беларусі — для экспертаў загадка.
Адзначаюць эксперты і яшчэ адзін момант. Праз год, калі санкцыі будуць знятыя і кантрабандны канал, адпаведна, прыкрыты, беларуская сельская гаспадарка можа сустрэць вяртанне еўрапейскіх канкурэнтаў
на расійскі рынак у яшчэ менш канкурэнтаздольным выглядзе, чым дагэтуль.
Станіслаў Івашкевіч, «Аб’ектыў», belsat.eu