Паляванне на лішняга чалавека

«Кадры вырашаюць усё!» — любіў паўтараць бацька савецкай камандна-адміністрацыйнай сістэмы. Але кадры, дадам ад сябе, здольныя і заваліць любую даручаную справу.



babry_31_logo.gif

Сотні тысяч беларусаў, якія актыўна працуюць па-за дасягальнасцю падатковых органаў, сведчаць пра тое, што жыццё паступова сыходзіць з дзяржаўнай сістэмы.

Падставай для напісання гэтай «Азбукі паліталогіі» стаў савецкі мульцік «Казлянё, якое лічыла да дзесяці». Пра што ён? Пра ролю ўліку працоўных рэсурсаў у падтрыманні сацыяльнай стабільнасці. Гэтую ролю сёння многія не да канца разумеюць і недаацэньваюць. Адсюль паўстае жывёльны страх перад дзяржавай-кантралёрам, якая імкнецца «дайсці да кожнага».

Між тым, гісторыя ўліку працоўных рэсурсаў старая як свет. Абмяжуюся прыкладам з кнігі гісторыка Марціна ван Крэвельда«Росквіт і заняпад дзяржавы»: «У эліністычным Егіпце, калі меркаваць па адным дакуменце, які дайшоў да нас, сістэма імператарскага кантролю, што стала магчымай дзякуючы гэтым сродкам, была такой жорсткай, што нават прастытутка, якая прагне працаваць па спецыяльнасці ў сваім горадзе хоць бы адзін дзень, павінна была падаць прашэнне на ліцэнзію і, верагодна, мусіла заплаціць за яе». Пад «гэтымі сродкамі» ў дадзеным выпадку маюцца на ўвазе перапіс насельніцтва і сістэма ганцоў, што аператыўна дастаўляць указы імператараў са сталіцы ў правінцыі.

Кадры вырашаюць усё і ўсё правальваюць

А цяпер перанясемся ў Гродзенскую вобласць, якую 14 лістапада з рабочым візітам наведаў адзіны палітык (АП). Далей прыводжу фрагмент прэс-рэлізу, запазычаны на сайце president.gov.by: «По его словам, почти треть населения в приграничных районах нигде толком не работает и живет за счет поездок в соседние страны Европы. «Куда это годится, что мы порождаем? Поколение спекулянтов, которое плодит теневую экономику? От таких «предпринимателей» дельных инвестиций не дождешься», — подчеркнул глава государства».

Адчуваеце розніцу?! У эліністычным Егіпце прадстаўніца найстаражытнейшай прафесіі і дня не магла папрацаваць, не зарэгістраваўшыся. У Гродзенскай вобласці па-за дзяржаўнай сістэмай уліку зарабляе сабе на жыццё кожны трэці. Агульная ж колькасць беларусаў, незадзейнічаных дзяржавай «на поўную катушку», па інфармацыі АП, — каля 500 тысяч.

«Кадры вырашаюць усё!» — любіў паўтараць бацька савецкай камандна-адміністрацыйнай сістэмы. Але кадры, дадам ад сябе, здольныя і заваліць любую даручаную справу. Як тут ні пагадзіцца са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанідам Анфімавым, які растлумачыў невыкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў бягучым годзе неарганізаванасцю, някемлівасцю, марнатраўствам і залішняй самаўпэўненасцю кіраўнічых кадраў.

Перад кадрамі з такім букетам характарыстык АП і паставіў задачу да 1 студзеня «прымусіць усіх працаваць». Асабіста я сумняваюся ў дзеяздольнасці кадраў. АП — не кесар Аўгуст, а сучасным губернатарам далёка да консула Квірынія. Свой сумнеў растлумачу цытатай з Евангелля ад Лукі: «У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай».

Такі ўзровень асабістай адказнасці пры правядзенні перапісу ў нашы дні немагчымы. Звярніце ўвагу: Юзаф не чакае, калі да яго прыйдуць перапісчыкі, а адпраўляецца з цяжарнай жонкай у шматдзённае цяжкое падарожжа. Такі ў той часы быў парадак, і ён няўхільна выконваўся: «І пайшлі ўсе запісвацца». Слова «ўсе» ў дадзеным выпадку з’яўляецца ключавым.

Дынамічная сучаснасць

Безумоўна, арыфметычныя здольнасці сучасных чыноўнікаў пераўзыходзяць здольнасці казляняці з мульціка, і да эмацыйнага тлумачэння кіраўніка КДК варта ставіцца з пэўнай доляй скептыцызму. Але з біблейскіх часоў шмат вады сплыло. Сучаснае грамадства ўжо з цяжкасцю размяшчаецца ў дзяржаўных межах. Кажучы навукова, «сацыяльнае як грамадства» на нашых вачах трансфармуецца ў «сацыяльнае як мабільнасць».

Згодна з сацыёлагамі НІСЭПД, у кожнай чацвёртай беларускай сям’і на момант апытання (верасень 2013 г.) хто-небудзь працаваў за мяжой. Акрамя таго, ад 40 да 45% рэспандэнтаў пастаянна дэкларуюць сваю гатоўнасць пераехаць у іншыя краіны на ПМЖ (да 65% сярод моладзі ад 18 да 29 гадоў).

Канкурэнцыя ў наш час распаўсюджваецца не толькі на тавары і паслугі, але і на працоўныя рэсурсы, якія пасля падзення «жалезнай заслоны» атрымалі магчымасць «галасаваць нагамі». АП гэта разумее. Адсюль зварот да польскай тэмы падчас наведвання Гродзенскай вобласці: «Не мне вам объяснять, как живут в Польше. Это вы знаете лучше, и, если вы еще здесь до сих пор живете, значит, вы сделали правильный вывод. Там хорошо, где нас нет».

Праблема, аднак, заключаецца ў тым, што займеннік «нас» імкліва страчвае былую вызначанасць. Пра каго ў дадзеным выпадку ідзе гаворка, пра «вертыкальшчыкаў»? Тады варта пагадзіцца з АП. Эканамічны поспех несумяшчальны з «вертыкальным» прынцыпам арганізацыі жыцця, і міжнародная статыстыка гэта пацвярджае.

Але калі гаворка ідзе пра народ, то сучасны народ — гэта абстрактная сума індывідаў, якая не мае нічога агульнага з «адзіным народам», пра які рэгулярна разважае АП. «Ісціна, — адзначаў за 350 гадоў да нашай эры Арыстоцель у «Палітыцы», — палягае ў тым, што поліс з’яўляецца сукупнасцю многіх чальцоў». І гэтыя чальцы аб’ядноўваюцца ў групы з рознымі інтарэсамі. Больш за тое, кожная група сёння імкнецца набыць уласную дынаміку.

Сучаснасць стала бягучай, дынамічнай, таму спробы надаць ёй загадзя зададзеную форму аказваюцца ўсё менш прадуктыўнымі. «Грамадская большасць не накіравана на каланізацыі прыватнага. Якраз наадварот: менавіта прыватнае каланізавала грамадскую прастору, выціскаючы і выганяючы ўсё, што не можа быць цалкам, без астатку, выказана ў паняццях прыватных інтарэсаў, клопатаў і імкненняў», — сцвярджае польскі мысляр Зыгмунт Баўман.

Новае — гэта добра забытае старое

Але вернемся да народу, або папуляцыі, у тэрміналогіі гісторыкаў Юрыя Піваварава і Андрэя Фурсава. Народ па вызначэнні пазбаўлены суб’ектных характарыстык, што не перашкаджае яму высоўваць са сваіх шэрагаў лепшых прадстаўнікоў, з якіх і фармуецца ўлада. Вось як гэты працэс апісаў АП, завяршаючы 17 кастрычніка прэс-канферэнцыю журналістам расійскіх СМІ: «Все мы, дорогие мои мужики и девчонки, пришли оттуда, от того простого обычного дерьма, в котором ковыряется большая часть сегодняшнего нашего общества, которому мы не создали нормальные условия для жизни. Это надо помнить всегда».

Але акрамя ўлады і папуляцыі ў айчыннай гісторыі пастаянна прысутнічае трэці элемент — лішні чалавек (як тут ні прыгадаць школьны курс рускай літаратуры з яе Анегіным, Пячорыным і Базаравым). Лішні чалавек — гэта індывіды або групы, якія не «перамолатыя» ўладай і таму не сталі ні яе органам, ні часткай папуляцыі.

Калі наша Улада (прапісная літара ў гэтым выпадку абавязковая) ёсць спосаб усёпранікальнага кантролю над жыццём папуляцыі, то лішні чалавек — гэта мера незавершанасці сістэмы, пастаянны напамін Уладзе пра тое, што яна не здольная ўстаць поруч са сваімі вялікімі папярэднікамі — Аўгустам і Квірыніем.

Улада пазбаўленая рычагоў уплыву на лішніх людзей, колькасць якіх у памежных рэгіёнах Беларусі дасягнула ўжо адной траціны. Адсюль патрабаванне АП «любыми способами, которые мы знаем и умеем делать, заставить этих людей работать!» Тэрмін — да 1 студзеня.

Творчых прапаноў з боку профільных ведамстваў доўга чакаць не давялося. У прыватнасці, у МУС прапанавалі дапоўніць Адміністрацыйны кодэкс артыкулам, у адпаведнасці з якім ухіленне паўналетняга працаздольнага грамадзяніна, які пастаянна пражывае на тэрыторыі краіны, больш за шэсць месяцаў на працягу года ад фінансавання дзяржаўных выдаткаў павінна пацягнуць санкцыі ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

Аўтары ноў-хаў абгрунтоўваюць радыкальнасць сваёй прапановы спасылкай на арт. 56 Канстытуцыі, якая абавязвае грамадзян прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Прэс-сакратар МУС К. Шалькевіч падкрэсліў, што гэта толькі адна з высунутых міністэрствам прапаноў. Але пакуль увесь спіс не абвешчаны, я дазволю сабе скарыстацца паўзай, каб нагадаць знакамітую формулу: «Новае — гэта добра забытае старое». У нашым выпадку прапануецца замена падаходнага падатку падушным.

Калі падаходны падатак выплачваецца з даходаў і ўласнасці, што і дазваляе грамадзянам працаваць «у ценю», заставацца недасягальнымі для падатковай інспекцыі, то падушны падатак спаганяецца з кожнага чалавека па выніках перапісу. У Старажытным Рыме ён быў вядомы пад назвай «capitatio». У Расіі падушны падатак увёў Пётр I. Ён жа пачаў пагалоўны перапіс падданага насельніцтва.

Кола замкнулася, і мы зноў вярнуліся да праблемы, узнятай у мультфільме «Казлянё, якое лічыла да дзесяці», г.зн. да праблемы якасці сучаснай беларускай эліты. Аказваецца, бескарысліва лічыць да дзесяці (як, зрэшты, і да любой зададзенай лічбы) не так проста.

«У Расіі не крадзе толькі адзін чалавек — гэта я», — пастаянна падкрэсліваў імператар Мікалай I. Але першая асоба дзяржавы — гэта Улада з вялікай літары. Што да рускай улады з малой літары, дык публіцыст і крытык Вісарыён Бялінскі называў яе «корпорацией служилых воров».

Наколькі праблема ўзаемаадносін вялікай і малой літары «ў» характэрная для беларускай мадэлі — не мне вырашаць. Сам жа АП падымае яе рэгулярна. Апошні раз у ходзе наведвання Гродзенскай вобласці 14 лістапада.