Памылка ці наўмысна адкінуты козыр?

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка сустракаўся ў Мінску з расійскім прэм’ерам Уладзімірам Пуцінам. Пазней ён заявіў, што ў беларуска-расійскіх адносінах назіраецца «прарыў», аднак гэта не перашкодзіла праз пару дзён дэпартаваць з краіны грамадзяніна Расіі кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Андрэя Юрава.



f58c9875ac84dfe1fbe91b918773d050.jpg

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка сустракаўся ў Мінску з расійскім прэм’ерам Уладзімірам Пуцінам. Пазней ён заявіў, што ў беларуска-расійскіх адносінах назіраецца «прарыў», аднак гэта не перашкодзіла праз пару дзён дэпартаваць з краіны грамадзяніна Расіі кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Андрэя Юрава.
Расійскі праваабаронца, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў па патрабаванні беларускіх праваахоўных органаў пакінуў Беларусь раніцай 18 сакавіка. Юраў мяркуе, што падставай была ўвага міжнародных арганізацый да матэрыялаў па Беларусі, якія рыхтавала місія. «Галоўнае, што мы рабілі, гэта рыхтавалі справаздачы, заявы і рэкамендацыі. Мы прытрымліваліся традыцыі ўсіх буйных, у тым ліку і міжурадавых арганізацый. У гэтым сэнсе мы імкнуліся, каб нашы справаздачы былі збалансаванымі, канструктыўнымі. Былі не істэрычным лямантам, а ў выглядзе канкрэтных рэкамендацый, у тым ліку і ўладам, што трэба змяніць, каб цалкам адпавядаць міжнародным стандартам, прынцыпам, пагадненням. Нашы справаздачы карысталіся вялікай папулярнасцю ва ўсіх міжнародных арганізацыях — Савет Еўропы, еўрапарламент, АБСЕ і гэтак далей. Я ацэньваю сваю дэпартацыю як вялікае глупства, што зрабілі, відаць, чыноўнікі сярэдняга звяна. Бо калі да гэтага ўлады маглі гаварыць: мы не перашкаджаем міжнародным назіральнікам, то цяпер гэтага козыра няма. Я магу адкрыта заяўляць, што на місію аказваецца вялікі ціск, і яна фактычна знаходзіцца пад пагрозай спынення працы. Тым больш, мы не ведаем, што будзе з іншымі людзьмі місіі, ці знаходзяцца яны ў гэтых спісах», — рэзюмуе Андрэй Юраў.
Ён пацвярджае, што сітуацыя ў Беларусі пасля выбараў змянілася ў горшы бок. «Тут ёсць атмасфера чакання непрыемных падзей. Я асабіста азнаёміўся з анкетамі трохсот чалавек з сямісот затрыманых. Мы не ацэньваем падзеі 19 снежня, але тое, што адбывалася з людзьмі падчас затрымання, як праходзілі суды, можна кваліфікаваць як масавае парушэнне правоў чалавека. Масавы характар рэпрэсій супраць незалежных журналістаў, супраць праваабаронцаў — гэта беспрэцэдэнтна для ўсёй прасторы СНД. Канешне, ёсць краіны, дзе стан выканання правоў чалавека не лепшы, але такога піку рэпрэсій у Беларусі не было даўно», — гаворыць дэпартаваны праваабаронца.
Міжнародная назіральная місія не спыняе сваёй дзейнасці нават у сувязі з «неўязным» статусам яе кіраўніка. Важная частка працы місіі (у тым ліку, кіраванне ёю) ажыццяўляецца дыстанцыйна, пры гэтым важная палявая праца будзе працягнутая яшчэ некалькі месяцаў. Андрэй Юраў будзе абскарджваць унясенне яго і іншых праваабаронцаў Міжнароднай назіральнай місіі ў спісы неўязных.