Папа Рымскі асудзіў анексію і заклікаў Пуціна і Зяленскага да перамоў

Паводле слоў Папы Рымскага Францішка, анексія ўкраінскіх тэрыторый стварае пагрозу ядзернай вайны, якой трэба пазбегчы.

Папа Рымскі Францішак падчас пропаведзі на плошчы Св. Пятра. Фота: «Associated Press»

Папа Рымскі Францішак падчас пропаведзі на плошчы Св. Пятра. Фота: «Associated Press»


Папа Рымскі Францішак заклікаў Уладзіміра Пуціна спыніць вайну, а Уладзіміра Зяленскага — пачаць перамовы. З такімі словамі ён выступіў падчас пропаведзі на плошчы Св. Пятра. Пантыфік раскрытыкаваў анексію ўкраінскіх абласцей, назваўшы гэта парушэннем прынцыпаў міжнароднага права, якое стварае пагрозу ядзернай вайны, перадае агенцтва «Associated Press».
«Ход вайны ва Украіне стаў вельмі сур'ёзным, разбуральным і пагрозлівым, і гэта выклікае вялікую занепакоенасць. Мой зварот адрасаваны ў першую чаргу да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі: я заклікаю яго спыніць гэтую спіраль гвалту і смерці, у тым ліку і дзеля любові да свайго народа.


Я з той жа цвёрдасцю звяртаюся і да прэзідэнта Украіны, заклікаю яго быць адкрытым да сур'ёзных прапаноў міру. Калі ласка, дазвольце маладым пакаленням дыхаць здаровым мірным паветрам, а не забруджаным паветрам вайны, якая ёсць вар'яцтвам!
Пасля сямі месяцаў ваенных дзеянняў давайце выкарыстоўваць усе дыпламатычныя сродкі, нават тыя, якія, магчыма, да гэтага часу не выкарыстоўваліся, каб пакласці канец гэтай жудаснай трагедыі».


Пасля падпісання ў Крамлі актаў аб анексіі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што яшчэ гатовы да дыялогу, але толькі з іншым прэзідэнтам Расіі.
Папа Рымскі Францішак з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну паслядоўна выступае супраць ваеннай агрэсіі і заклікае да спынення вайны і мірных перамоў. Ён неаднаразова публічна асудзіў гвалт і падтрымаў Украіну. У той час як праваслаўны патрыярх Кірыл заклікаў расійцаў «не баяцца паміраць за Расію».