Павел Усаў: Ці можна ўратаваць АПК?

З нагоды сыходу Вольгі Гарбуновай з пасады прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях палітолаг Павел Усаў піша пра «глыбокі сістэмны крызіс» структуры і прапануе канкрэтныя варыянты яе рэформы. 

Ілюстрацыйны здымак. Павел Хадзінскі

Ілюстрацыйны здымак. Павел Хадзінскі

Павел Усаў: «Сыход Вольгі Гарбуновай з “пасады” прадстаўніка па сацыяльных пытаньнях АПК ў чарговы раз паказвае глыбокій сістэмны і арганізацыйны крызіс у “новаапазіцыйных” структурах.

Без шырокай унутранай трансфармацыі, структуры дэмакратычнай супольнасьці, якія стварыліся пасьля 2020 году чакае калапс. Гэта датычыць ОСТ, КР і АПК.

Ці варта ў такім выпадку нешта змяняць, ці проста чакаць іх заняпаду, што цалкам замацуе перамогу рэжыму на доўгія гады і пазбавіць дэмакратычную альтэрнатыву нават сымбалічных уплываў? Давайце паспрабуем змадэляваць сітуацыю, пры якой дзейнасьць АПК магла б выправіцца, а гэтая структура ўзмацніцца.

АПК (Урад у выгнаньні) — гэта выключна палітычны і ідэалагічны інструмент, задача якога мабілізаваць рэсурсы для сістэмнай і доўгатэрміновай дзейнасці ў выгнанні, а таксама з задачай перахапіць кіраванне краінай у момант, калі гэта будзе магчыма. Апошняя задача патрабуе, каб у Кабінеце былі людзі кампетэнтныя, гатовыя несці адказнасьць за лёсы краіны, гэта не пляцоўка для квазіпалітычных гульняў і “тусовак”. Толькі часткова такія задачы былі выкананы. Збольшага — не, што і прывяло да скандалаў і “адставак”, пачынаючы з 2020 году.

Адна з галоўных прычын сістэмных праблем — гэта наўпроставая прывязанасьць Кабінету да Офісу Ціханоўскай і залежнасьць функцыянаваньня кабінету ад уплываў “дарадцаў” Ціханоўскай і ад меркаваньняў сп. Ціханоўскай (якія на жаль, з'яўляюцца вынікам уплываў усе тых жа дарадцаў, прк. Вячорка). Трэба прызнаць, што Святлана Ціханоўская не мае дастаковых кампетэнцыяў ў кіраваньні такімі ды іншымі структурамі ў тым ліку ў працэсе падбораў кадраў.

Разам з гэтым, яна і яе атачэнне застаецца манапалістам у працэсе прыняцця (ці не прыняцця рашэнняў, у тым ліку аператыўных, ад якіх залежыць лес дэмакратычнай супольнасьці ды і Беларусі). Напрыклад, спатрэбілася амаль паўгады, з пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне, каб сфармаваць кабінет з вялікімі цяжкасцямі. Прычына — нежаданне палітычнай дэманапалізацыі.

Нават ў характарыстыках Фундацыі АПК, зарэгістраванай у Польшчы, сп. Ціханоўскай належаць неабмежаваныя функцыі: ФІЗІЧНАЯ АСОБА, ЯКАЯ АЖЫЦЦЯЎЛЯЕ НЕПАСРЭДНЫ КАНТРОЛЬ НАД ФОНДАМ ПРАЗ НАЯЎНЫЯ Ў ЯЕ ПАЎНАМОЦТВЫ, ЯКІЯ ВЫНІКАЮЦЬ СА СТАТУТА ФОНДУ (M.IN, ПРАВА ПРЫЗНАЧАЦЬ, ЗВАЛЬНЯЦЬ, АДХІЛЯЦЬ ЧЛЕНАЎ ПРАЎЛЕННЯ, ПРАВА ЗМЯНЯЦЬ СТАТУТ (УКЛЮЧАЮЧЫ ЗМЯНЕННЕ МЭТЫ ФОНДУ) І ПРЫМАЦЬ РАШЭННІ АБ ЛІКВІДАЦЫІ.

Канцэнтрацыя амаль усіх палітычных інструментаў у сваіх руках, пры недастатковай кампетэнцыі і разуменні таго, што і як рабіць далей, негатыўна ўплывае на сітуацыю ў саміх структурах. Пры такім закансерваваным укладзе, пры яўных уплывах “трэціх” асоб сітуацыя будзе пагаршацца. Зразумела, што АПК ствараўся з вялікім супрацівам і нежаданнем з боку ОСТ, бо ён мог стаць канкурэнтным целам са значна большымі ўплывамі, таму адразу былі ўведзены механізмы “падпарадкаванасці ОСТ” і амаль адразу праца Кабінета забуксавала.

У такой сітуацыі, я лічу – першым і неабходным крокам з’яўляецца аўтанамізацыя Кабінету (поўнага аддзяленьня ад ОСТ) і перадача паўнамоцтваў з боку сп. Ціханоўскай “калектыўнаму кіраванню АПК, ці прызначанаму ўнутры АПК + КР, новаму кіраўніку”. У сваю чаргу сп. Ціханоўская можа працягваць займацца справамі, звязанымі са знешняй актыўнасцю, каардынаваць сваю актыўнасьць з АПК, але не ўплываць на яго функцыянаванне.  Менавіта такая формула ад пачатку закладалася ў працэсе фармавання АПК, але была адрынута ОСТ.

Другім, важным пунктам ў зменах умоваў фукнцыянавання АПК павінна стаць ліквідацыя “кабальнага” дакументу аб неразгалошанні (калька з ОСТ і Байполу), што прыніжае і абмяжоўвае свабоды і правы, і адштурхоўвае людзей ад працы ў гэтай структуры, а таксама стварыла з АПК зачыненую карпаратыўную арганізацыю.

Пасля таго, як гэтыя дзьве ўмовы будуць выкананы, новаму калектыўнаму кіраўніцтву (пашыранаму тэхнічнаму складу) трэба хутка заняцца рэарганізацыяй працы і дзейнасці кабінету.

1. Думаю, што на пэўны час кіраўніком АПК (пры ўсім крытычным стаўленні да яго з боку розных груп і людзей) можа стаць Павел Латушка.

Склад Кабінету павінен быць пашыраны і не звязаны з нейкімі пасадамі. Як мне падаецца, для кансультацый варта запрасіць: Ягорава (адзін з тых, хто, акрамя амбіцый, мае добрае сістэмнае мысленне), Турарбекаву, Кныровіча і г.д. Зразумела, што ўжо назбіраўся негатыўны капітал узаемаадносін, але можна вырашыць гэта нейкімі супольнымі дзеяннямі. Лічу, што ў перспектыве, пасля стабілізацыі сітуацыі ўнутры АПК можна было б увесці функцыю «ратацыя кіраўніка АПК», кожныя 2-3 месяцы;

2. Сілавы блок застаецца фундаментальным. Таму варта ўзмацніць яго праз пашырэнне штату вакол Кабанчука (ён не знаходзіцца на стала ў Варшаве, таму сістэмная дзейнасць не можа быць эфектыўнай), у тым ліку са складу КР, блок “Воля” і былых дабраахвотнікаў. Адбудаваць і цэнтралізаваць лагістычныя ланцугі падтрымкі і дастаўкі/фінансавання ПКК ды іншых дабраахвотніцкіх структур. Сфармаваць вайсковыя прадстаўніцтвы беларусаў у Еўропе (накшталт народных амбасадаў – выдатны рэсурс, які быў амаль цалкам змарнаваны). Рэарганізаваць дзейнасць Паспалітага рушання (людскі рэсурс застаўся, як і засталося шмат жадаючых працягваць дзейнасць);

Глядзіце таксама

3. Рэанімаваць “Праваахоўны блок” з той часткі былых сілавікоў, якія не былі зацягнутыя ў аферы і скандалы;

4. Сфармаваць адзел “стратэгічнага планавання” АПК, які мог бы забяспечыць аналіз сцэнароў і накірункаў дзейнасці АПК на каротка- і доўгатэрміновую перспектывы.

Адной з праблем у функцыянаванні АПК была арыентацыя на самарэкламу праз “запуск” вялікіх праектаў: “войска”, “пашпарт”, “універсітэт” і г.д., без грунтоўнай і сур’езнай ацэнкі магчымасцяў па рэалізацыі такіх праектаў і без аналізу бягучай актыўнасці.

Гэта вынік старога падыходу з 2020 году: утрыманне інфармацыйнага шуму і ўвагі на пэўны перыяд, без дасягнення канкрэтных вынікаў. Што ў выніку прывяло да дэвальвацыі статусу АПК і аслаблення структуры. 

5. АПК не мае ствайго сталага інфармацыйна-кантактнага рэсурсу (інтэрнэт старонкі), дзе можна было азнаеміцца з дзейнасцю, праектамі, стратэгіямі і г.д. Усе інфармацыйныя каналы ідуць праз старонку сп. Ціханоўскай = ОСТ).

6. Рэгулярныя паседжанні АПК (а не раз/два на месяц). Кабінет — гэта аператыўны ворган, які павінен рэагаваць на любыя дзеянні праціўніка, змяняць сваю тактыку і падыходы. Адпаведна, варта сфармаваць у межах АПК камітэт па санкцыях (найбольш балючая і супярэчлівая тэма), які б запрапанаваў зменную гнуткую стратэгію з улікам сітуацыі ў Беларусі і дзеянняў Лукашэнкі;

7. Рэгулярныя сустрэчы раз на 2 тыдні з журналістамі (правядзеньне адкрытых паседжанняў) для фармавання пазітыўнага іміджу Кабінету. Яшчэ раз падкрэслю, што зараз гэта непублічная структура, на дзейнасць якой грамадзяне не маюць аніякага ўплыву і з якой не маюць ніякай камунікацыі. Фармальна "міністры" адказныя толькі перад Ціханоўскай;

Глядзіце таксама

8. Шырокія і адкрытыя кансультацыі і камунікацыі з іншымі палітычнымі групамі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Да апошняга часу ўсе “новаапазіцыйныя стркутктуры”, у тым ліку АПК, дзейнічаюць па прынцыпе “партыя Ціханоўскай”, што абмяжоўвае ўплывы АПК і ставіць яго ў залежнасьць ад узроўню даверу да сп. Ціханоўскай.

Атрымоўваецца, што галоўная мэта дзейнасці АПК — падмацаваць вобраз і статус сп. Ціханоўскай, а не агульна дэмакратычных структур і інстытутаў.

У выніку з падзеннем даверу да “кіраўніка”, падае давер да структур як такіх;

9. Невырашанай застаецца праблема фінансавай падтрымкі для АПК. Трэба разумець, што супрацьстаянне з рэжымам можа зацягнуцца на гады. Зараз, акрамя сістэмнага крызісу ў апазіцыі, назіраецца дэкансалідацыя рэсурсаў, як матэрыяльных, так і маральных. 4 гады — даволі вялікі тэрмін, каб урэшце пераасэнсаваць падыходы, стратэгіі і дзейнасць. Таксама варта разумець, што людзей хвалюе матэрыяльнае пытанне, час натхнення і самааданасці з верай у хуткую перамогу – мінуў. Людзі пачалі думаць прагматычна.

Апора на замежнае фінансаванне (праз гранты) – малаперспектыўная, апора і пошук нацыянальнага фінансаваньня магчымая пры ўмове, калі людзі сапраўды павераць у тое, што Кабінет варты таго.

Лічу, што ад таго, ці здолее дэмакратычная супольнасьць перафарматаваць дзейнасць сваіх структур, павялічыць іх эфектыўнасьць і жыццёздольнасць, залежыць не толькі характар перамен у Беларусі, але фармаванне дэмакратычных інстытутаў у самой краіне».