Пенсіянеры пікетавалі за справядлівасць

12 траўня ў Мінску пенсіянеры — актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры правялі адзіночныя пікеты на плошчы Свабоды.

piket2_logo.jpg

Спачатку пенсіянеры накіраваліся ў прыёмную Адмінстрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каб згодна пададзеным заявам сустрэцца з намеснікам кіраўніка гэтай дзяржаўнай структуры Валерам Мацкевічам. Аднак, як патлумачылі грамадзянам, ім было адмоўлена ў прыёме, паколькі ўзнятыя імі пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю Адміністрацыі Прэзідэнта.  

 

Пасля такой адмовы пенсіянеры і выйшлі на плошчу Свабоды.

 

Першым з 12.00 па 13.00 пікетаваў 67-гадовы Аляксандр Каваленка. «Чыноўнікі суду,  дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі».


Сын спадара Александра адседзеў за кратамі 12 з 18 гадоў прысуду па абвінавачванню ў забойстве. Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура краіны апратэставала гэты прысуд, Вярхоўны суд не толькі адхіліў пратэст Генпракуратуры, але і не дае адказы па сутнасці пытанняў, пастаўленых у зваротах асуджанага і ягонага адваката. Апроч таго, па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў бацька асуджанага быў закратаваны на 9 гадоў, аднак праз 3 гады і 2 месяцы быў вызвалены, рэабілітаваны і атрымаў грашовую кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду ад незаконнага прысуду.

piket1_1_logo.jpg

Усе гэтыя пакуты адмоўна адбіліся на здароўі бацькоў асуджанага і дабрабыце сям’і.


Бацька перажыў аперацыю і інфаркт, зараз пакутуе ад экзэмы рук. З-за перажыванняў захварэла і маці асуджанага — спадарыня Валянціна Каваленка. Каб аплаціць паслугі адваката, сям’я вымушаная была прадаць прыватызаваную трохпакаёўку і зараз туліцца ў прыдбаным старым драўляным доме, які патроху добраўпарадкоўваецца. 

 

«Я думаю, што мой бацька — баявы лётчык, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну ад першага дня да апошняга, адзначаны многімі баявымі ардэнамі і медалямі, змагаўся за краіну, дзе шануюць, паважаюць і па-справядліваму адносяцца да грамадзянаў», — сказаў Аляксандр Каваленка.

 

Паколькі ягоная жонка, спадарыня Валянціна Каваленка з-за хваробы не змагла ўзяць удзел у пікеце, наступнымі расцягнулі свае плакаты 64-гадовая бабруйчанка Любоў Санкевіч і 72-гадовая жыхарка Мінскага раёну Вольга Юнкевіч.

 

Любоў Санкевіч трымала плакат наступнага зместу: «Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!». Жанчына 13 гадоў атрымлівае адпіскі на свае звароты па грамадзянскай справе ў сувязі з незаконным звальненнем з пасады бухгалтара Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў — філіі Мінскага трактарнага заводу.


Нягледзячы на тое, што па гэтай справе вынесены тры пракурорскія пратэсты, у тым ліку два з боку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны суд краіны адхіліў усе гэтыя пратэсты.

 

Апроч таго, для прыватызацыі жылля Любоў Санкевіч дамагаецца справядлівай ацэнкі кошту сваёй двухпакаёўкі, дзе пражыла 33 гады. 

 

«Адпіскі чыноўнікаў разбурылі маю сям’ю», — такі плакат быў у руках Вольгі Юнкевіч. Цягам дзевяці гадоў яна дамагаецца справядлівага вырашэння сваёй грамадзянскай справы, у выніку якой яе ўласны дом у Мінскім раёне падзелены на тры кватэры, а грошы, што жанчына павінна была атрымаць за падзел дома, зніклі з дэпазітнага рахунку суду Мінскага раёна. А праваахоўнікі па гэтаму факту адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальную справу.  

 

З-за таго, што праз паўгадзіны стаяння на сонцы спадарыні Любові Санкевіч стала кепска, пенсіянеркі ў 14:30 прыпынілі пікетаванне. 

 

За ім назіралі чацвёра невядомых у цывільным, якія здымалі акцыю на відэакамеры. Адзін з іх, супрацоўнік Цэнтральнага РУУС сталіцы, капітан міліцыі Дзяніс Прэсняк занатаваў сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя на пенсіянераў-пікетоўнікаў