Што ў галаве ў Лукашэнкі?

Галоўны герой маёй «Азбукі паліталогіі» пастаянна папаўняе свой слоўнікавы запас. Інакш статус адзінага палітыка не ўтрымаць, бо «хто не гаворыць, той слухае, а хто слухае, той слухаецца».

slova_1_1_logo.gif


Выдатная думка. Жывы прыклад адзінства формы і зместу. Яе аўтар — Уладзіслаў Суркоў. У сваім уменні ісці ад жыцця ён, мабыць, не саступіць адзінаму палітыку (АП). Суркоў служыў у ГРУ, працаваў токарам, кіраваў самадзейным тэатрам і дакіраваўся да пасады памочніка прэзідэнта РФ.

Але я адышоў ад тэмы. Слоўнікавы запас АП за апошнія месяцы папоўніўся дзеясловам «хайпіць» (ад англійскага назоўніка «hype», які азначае агрэсіўную і дакучлівую рэкламу, мэтай якой з’яўляецца фарміраванне густаў і ўпадабанняў спажыўца).

У працэсе асваення новага слова мой герой надаў яму негатыўную канатацыю і тут жа кінуў на пярэдні край ідэалагічнай барацьбы, каб дыскрэдытаваць нашы старыя знаёмыя словы — «інтэрнэт» і «апазіцыя». Абмяжуюся адным прыкладам: «Хтосьці хайпуе, хтосьці яшчэ нешта робіць у інтэрнэце. Наша справа — працаваць. Пройдзе крыху часу, і людзі ацэняць і зразумеюць, хто чаго варты» (3 красавіка, рабочая паездка ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці).

«Мова ёсць дом быцця», — справядліва заўважыў нямецкі філосаф Марцін Хайдэгер. З гэтага вынікае, што для чалавека сапраўды існуе толькі тое, што можа быць апісана словамі. З гэтага гледзішча я і прапаную перачытаць выказванне АП. Пажадана зрабіць гэта двойчы.


Такі вось узровень грамадзянскай адказнасці

Свет АП — гэта класічны чорна-белы свет. Усіх, каму выпала шчасце існаваць у гэтым свеце, ён дзеліць на тых, хто працуе, і тых, хто хайпуе ў інтэрнэце. Аддзяліць адных ад другіх — задачка на першы погляд руцінная, але толькі на першы погляд. Калі ж прыгледзецца больш уважліва, то ў ёй заўважны біблейскі маштаб: «Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, і збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; і паставіць авечак праваруч ад сябе, а казлоў — леваруч» (Евангелле ад Матфея, раздзел 25, вершы 31–33).

Для таго, каб аддзяліць сучасных авечак ад казлоў, і існуюць выбары. Механізм гэты грувасткі і спажывае шмат рэсурсаў. У Беларусі яго эфектыўнасць знаходзіцца ў прамой залежнасці ад сілы ўлады. Прыгадаем «ліхія 90-я» з іх разгулам дэмакратыі. Хто за каго хацеў, той за таго і галасаваў, а многія да таго расперазаліся, што наогул адмаўляліся выконваць свой грамадзянскі абавязак.

Адпаведна электарату паводзілі сябе і работнікі ўчастковых выбарчых камісій. Яны лічылі галасы па факце, што рэгулярна прыводзіла да адмены вынікаў галасавання з-за нізкай яўкі. На шчасце, усё гэта ў мінулым.

Неспадзяванкі, зразумела, перыядычна здараюцца. Самая вядомая адбылася ў 2012 годзе ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36, па якой у якасці кандыдата ўлады ў Палату прадстаўнікоў балатаваўся памочнік АП Ігар Пракапенка. Аднак у заканадаўчы рай яго не пусцілі грахі, і без пяці хвілін дэпутат напярэдадні галасавання быў арыштаваны ў межах справы аб кватэрных махінацыях у Гомельскім УКБ.

Здавалася б, у яго апанента, вылучэнца ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Мельнікава, верагоднасць быць абраным наблізілася да 100%. Але ж не! Вы не паверыце, але сваё слова нечакана сказаў электарат: 43,8% выбаршчыкаў адмовіліся ад выканання свайго грамадзянскага абавязку, а 81,1% ад тых, хто прыняў удзел у галасаванні, прагаласавалі супраць усіх, што і варта было чакаць у сувязі з адсутнасцю «правільнага» кандыдата. Такі вось узровень грамадзянскай адказнасці. Умеем жа, калі хочам, дагадзіць начальству!


Якая глыбокая думка!

Даследчыкам, якія вывучаюць беларускую мадэль, пашанцавала. Прычыну гэтага шанцавання лёгка зразумець, калі прыгадаць прыказку: «Язык мой — вораг мой». Усе мы не без граху, і схільнасць казаць лішняе — адзін з грахоў. Да гэтага нас часам падштурхоўваюць завышаная канцэнтрацыя алкаголю ў крыві або наяўнасць у кампаніі прыгожай жанчыны.

Але АП — асобны выпадак. Чвэрць стагоддзя знаходжання на пасадзе, якая не прадугледжвае наяўнасці апанентаў, не прайшла б бясследна і для чалавека па прыродзе нясмелага ды сарамлівага. Што ўжо казаць пра тыповага халерыка...

Прывяду адно з апошніх яго адкрыццяў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Потым, у нас — не Літва. Там прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзідэнт будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы» (29 траўня 2020 года падчас наведвання Мінскага трактарнага завода).

Мова ёсць дом быцця. Такім чынам, за словамі стаіць карціна свету, сістэма каштоўнасцяў таго, хто гаворыць. Параўноўваць жа парламент з гаварыльняй схільныя практычна ўсе архітэктары ўладных вертыкаляў. Гісторыя ведае шмат падобных прыкладаў.

Між іншым, першая беларуская Канстытуцыя, якая не прадугледжвае мужыка ў якасці прэзідэнта, не перашкодзіла ў студзені 1994 года зняць Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савета. У 1996 годзе Асноўны закон падкарэктавалі. З тых часоў мінулі 24 гады. І за што ж наш «мужык» хоць раз адказаў? Можа, пра гэта варта пацікавіцца ў родных Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара?

Але вернемся на Мінскі трактарны завод: «Канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная. Задача адна — якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны, і перш за ўсё МТЗ. Вось адзіная мая просьба і жорсткае патрабаванне да вас усіх».

Якая глыбокая думка! Самі трактарабудаўнікі да такога ўзроўню абагульнення падняцца не змаглі б, а тым больш аформіць яго ў выглядзе просьбы і адначасова жорсткага патрабавання. Не мужыкі!

Што ўжо тут казаць пра «бабаў», чые канстытуцыйныя паўнамоцтвы не ідуць далей за магчымасць прыйсці, паўсміхацца і пасядзець. І, тым не менш, у 2018 годзе Літва па ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці аказалася на 38-м месцы ($34 597), а Беларусь — на 65-м ($ 19 941). Ці ёсць сэнс за такое істотнае адставанне спытаць з нашага «мужыка»? Я лічу, што ёсць.


Колькі не кажы «халва»…

«Адзінства народа, мабілізацыя ўсіх яго сілаў — вось што трэба не толькі для таго, каб выстаяць у ліхую гадзіну, але і для таго, каб прадухіліць яе надыход». Залатыя словы, і сказаныя яны былі ў чэрвені 2016 года на Пятым Усебеларускім народным сходзе.

Ліхая гадзіна надышла. А як у нас справы з адзінствам? Мяркуючы па фармальных прыкметах, яе прыход не заспеў беларусаў знянацку. Калі за ўвесь 2001 год у газеце «СБ. Беларусь сегодня» было апублікавана 12 артыкулаў, якія ўтрымлівалі слова «адзінства», то толькі за травень бягучага года — 27!

Усялякае адзінства ў наш час адноснае. Нават у добрыя даіндустрыяльныя часы, калі звыш 90% насельніцтва амаль усё неабходнае для жыцця вырабляла ўнутры хатніх гаспадарак, ішоў працэс падзелу грамадства на саслоўі. Ён ішоў не дзеля карысці, а каб выжыць, бо нашым далёкім продкам даводзілася вырашаць адначасова дзве задачы — вырабляць матэрыяльныя даброты і абараняцца ад ворагаў. Рашэнне першай было ўскладзена на сялян, другой — на прафесійных ваяроў. Сацыяльнае расслаенне і спарадзіла патрэбу ў дзяржаве, якая ўзяла б на сябе ролю пасярэдніка, медыятара (ад лацінскага mediāna — «сярэдняя»).

Па меры паглыблення падзелу працы, роля медыятара, натуральна, узрастала. І ў нашы дні здольнасць дзяржавы эфектыўна ўзгадняць інтарэсы розных сацыяльных групаў з’яўляецца абавязковай умовай эканамічнага развіцця.

Але гэтая гісторыя — не пра айчынны варыянт «дзяржавы для народа», што адкрыта дэманструе сваё нежаданне выконваць ролю медыятара. Гэта выяўляецца ўжо на ўзроўні мовы, бо мова, на якой прамаўляюць дзяржаўныя «мужыкі», не здольная адэкватна апісваць усю складанасць сучаснага свету. Выяўляць ворагаў — няма праблем, аддаваць загады — лёгка і проста, але каб займацца пошукам кампрамісаў...

Аднак калі ў нашай мове няма сродкаў для апісання навакольнага свету, то мы не можам нарошчваць свой вопыт і абменьвацца ім з іншымі людзь­мі. «Мова і ёсць галоўная праблема, — тлумачыць эканаміст Віталь Найшуль, — усе астатнія праблемы ў параўнанні з гэтай — нязначныя. Гэта ёсць самы магутны сродак. Чаму? Таму што мова, як мы ведаем, нясе камунікатыўную функцыю. І калі ў вас ёсць мова, — значыць, у вас ёсць садружнасць людзей».

Колькі не кажы «халва», у роце саладзей не стане. Са словам «адзінства» — аналагічная гісторыя. Журналістаў дзяржаўных СМІ можна абавязаць уключаць яго ў кожны артыкул, але прорва паміж маладымі, адукаванымі жыхарамі вялікіх гарадоў і «мужыком», які сімвалізуе «дзяржаву для народа», ад гэтага не зменшыцца.