Пра ролю запалак і воцату ў эканамічным крызісе

Адам Сміт не разглядаў пачуццё патрыятызму як крыніцу эканамічнага росту. Не выключана, што ён памыляўся.

Адам Сміт не разглядаў пачуццё патрыятызму як крыніцу эканамічнага росту. Не выключана, што ён памыляўся.
Я хачу пачаць «Азбуку паліталогіі», прысвечаную чарговаму пасланню «адзінага палітыка» (АП), з ключавой цытаты: «Наши основополагающие принципы и наш путь неизменны. Но это не означает, что Беларусь навсегда остаётся прежней. Изменяется время, и надо смело идти дальше. Мы не должны отстать! Необходим мощный, стремительный рывок вперед. Это касается всех сфер жизнедеятельности государства. И прежде всего фундамента — экономики».
Пра неабходнасць рыўку я ўжо дзесьці чуў. Адкрываю тэчку «АП» і з дапамогай пошукавіку знаходжу адпаведную цытату ў Пасланні–2008: «Беларуси нужен качественный рывок, новое качество жизни». Няцяжка заўважыць, што канчатковая мэта «імклівага рыўку» не супадае з мэтай «якаснага рыўку». Чатыры гады таму гаворка ішла пра «новую якасць жыцця», сёння — пра «жыцця­дзейнасць дзяржавы».
 Тут няма нічога нечаканага. Звычку грувасціць планы па паляпшэнні жыцця насельніцтва наша ўлада атрымала ў спадчыну ад «адданых ленінцаў». Ад іх жа яна навучылася незаўважна падмяняць старыя планы-абяцанні новымі. Хрушчоў абяцаў праз 20 гадоў пабудаваць камунізм, Брэжнеў у 1980 годзе з размахам правёў Маскоўскую алімпіяду. Наш галоўны кандыдат у прэзідэнты ў 2006 годзе браў на сябе абавязак за пяць гадоў давесці якасць жыцця беларусаў да ўзроўню, параўнальнага з заходнееўрапейскім, а калі абяцаны час скончыўся, запэўніў, што яшчэ праз пяць гадоў узровень жыцця ў Беларусі толькі наблізіцца да еўрапейскага.
Рыбку з’есці і…
Аднак вернемся да імклівага рыўку. АП, які паабяцаў здзейсніць яго ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы, у пасланні засяродзіўся выключна на эканоміцы. Крыўдна. Мне ўжо не адзін раз даводзілася звяртаць увагу чытачоў на архаічнасць беларускай дзяржавы. Яна, паводле філосафа Юргена Хабермаса, працягвае канцэнтраваць свае высілкі на вытворчых задачах, у той час як сучасная дзяржава — дзяржава адміністрацыйная, кола непасрэдных абавязкаў якой абмежавана «ўсеагульнымі ўмовамі вытворчасці», г. зн. прававымі рамкамі і інфраструктурай, неабходнай для рынкавага абароту.
Сярод дваццаці сусветных лідараў па ўзроўні прыбыткаў на душу насельніцтва — толькі чатыры нафтаздабываючыя краіны: Катар, ААЭ, Кувейт і Бруней. Уся чацвёрка мае невялікую колькасць насельніцтва. Інакш высокіх прыбыткаў на сярэднестатыстычную душу за кошт нафты не атрымаць. Сярод жа астатніх 16-ці краін мы не сустрэнем прыкладаў, калі б палітычныя эліты разглядалі эканоміку ў якасці падмурку дзяржавы (дзяржаву неабходна адрозніваць ад краіны).
Але гэта іх праблемы. «Наши основополагающие принципы и наш путь, — как уже было отмечено, неизменны». Не адстаць ад астатняга свету нам дапаможа мадэрнізацыя эканомікі. У яе аснове ляжаць добра знаёмыя па ранейшых выступах АП праекты: імпартазамяшчэнне, экспарт, арыентацыя на мясцовую сыравіну і інш. Не абышлося і без чарговых ноў-хаў. Па-першае, ураду і ўсёй «вертыкалі» ўлады прапанавалі ў загадным парадку «радикально менять психологию», што ў перакладзе з эзопавай мовы на побытавую азначае канчатковае расстанне з надзеямі на «щедрый поток государственного финансирования». Па-другое, на той жа склад кіраўнікоў будзе ўскладзена адказнасць за «реализацию нескольких проектов, под которые привлекаются прямые инвестиции». Адкрывае спіс прэм’ер-міністр. Яму давядзецца «радикально менять психологию», узяўшы пад кантроль мадэрнізацыю баваўнянага прадпрыемства ў Баранавічах.
Тут неабходна тлумачэнне. На Захадзе мадэрнізацыя — бесперапынны працэс, які самаразвіваецца і ідзе «знізу». Галоўным суб’ектам такой мадэрнізацыі выступае само грамадства. У савецкі і дасавецкі час мадэрнізацыі ў рэжыме, які даганяе, ажыццяўляліся дзяржавай «зверху», і зводзіліся яны да закупкі імпартнага абсталявання і запазычання гатовых тэхналогій.
Адкрыйце любы слоўнік: «мадэрнізацыя — гэта пабудова грамадства мадэрну, гэта значыць сучаснага грамадства еўрапейскага кшталту». А далей звыклыя словы пра грамадзянскія свабоды, незалежныя СМІ і іншыя прыбамбасы, без якіх грамадства не здольнае трансфармавацца з пакорлівага выканаўца каманд (аб’ектнага стану) у актыўнага ініцыятара змен (суб’ектны стан). Чаму ж тады на працягу стагоддзяў родная ўлада абмяжоўвала свае мадэрнізатарскія парывы закупкай абсталявання? А таму, што яна ўвесь час адчувала патрэбу «рыбку съесть и ноги не замочить», іншымі словамі, заставацца адзіным палітычным суб’ектам і пры гэтым падтрымліваць устойлівы эканамічны рост.
Хто друкаваў пустыя грошы?
Гісторыя вучыць, а тэкст Паслання–2012 пацвярджае, што наяўнасць палітычнага суб’екта ў адзіночным ліку не спрыяе яго адказнасці перад грамадствам. Спынюся, напрыклад, на прамых замежных інвестыцыях. «Говорим мы об этом много, а толку пока не очень». Здаецца, і са стабільнасцю ў нас усё добра, і ўзровень карупцыі нізкі, а не спяшаюцца да нас замежныя бізнэсмэны.
АП тлумачыць маруднасць інвестараў сцяной бюракратызму і абыякавасці, «с которой они сталкиваются в исполкомах и министерствах». Чатырма гадамі раней у Пасланні–2008 бюракратычны воз, які стаяў на шляху інвестараў, апісваўся ў тых жа выразах. Інвестар, маўляў, да нас «сам идёт, а мы его отталкиваем или пропускаем через такие круги волокиты, что отбиваем всякое желание работать». Каб вырашыць гэту праблему, ураду было даручана неадкладна распрацаваць механізм суправа­джэння інвестыцыйных праектаў, адным з ключавых элементаў якога павінен быў стаць абавязак чальцоў урада вадзіць фундатараў «за руку по кабинетам». Тады ж была пастаўлена задача па ўваходжанні Беларусі ў трыццатку найлепшых у свеце дзяржаў паводле інвестыцыйнага клімату. Задача пастаўленая і забытая. Традыцыя, аднак.
Не буду хаваць, я з нецярпеннем чакаў аналізу прычынаў эканамічнага крызісу, які захлынуў Беларусь ва ўмовах досыць спрыяльнай знешняй кан’юнктуры ў 2011 годзе. Гэтым ён адрозніваўся ад свайго папярэдніка — крызісу 2009 года. Працытую ключавы фрагмент: «Почему мы скатились — вы прекрасно знаете. Меня обвинять и государство в этом не надо. Мы хотели скупить уксус, спички, спирт и прочее. Под кровать, в гаражи всё сложили. Там сегодня целые склады. Обрушили национальную валюту. По 20 автомобилей на брата завозили. Виноваты в этом все мы. А если государство там чего-то напечатало, то вы знаете, куда эти деньги пошли».
Вось, высвятляецца, у чым справа! Беларусы, якія пачалі скупляць воцат і запалкі, абрынулі нацыянальную валюту. Вось тут я разгубіўся. Ва ўступнай частцы Паслання–2012 усведамленне неабходнасці жыць па сродках АП назваў галоўным урокам сусветнага крызісу. Далей ён растлумачыў: «Нельзя тратить больше, чем заработал. Есть деньги — трать их. Нет — зарабатывай. Печатать пустые деньги или жить в долг — это путь в тупик». Прабачыце, а хто ў нас друкуе пустыя грошы? Сярод маіх знаёмых і знаёмых маіх знаёмых спецыялістаў па друкаванні грошай няма. Дый што значыць: «Есть деньги — трать их»? Мы ж іх і выдаткоўвалі (на воцат, на запалкі, спірт і іншае). Якія да нас прэтэнзіі? У беларускіх крамах у пазыку тавары не адпускаюць. Такім чынам, выдаткаваць больш, чым зарабілі, мы не ў стане.
Па выніках 2011 года ўнёсак дробнага гандлю ў фармаванне тэмпу росту ВУП склаў 2,4% (у 2010 годзе — 1,4%). Мы ж, калі скуплялі воцат і складалі яго пад ложак, дапамагалі роднаму ўраду нарошчваць ВУП. Я так разумею сувязь паміж скупкай воцату і асноўным эканамічным макрапаказчыкам. Хто лічыць, што я не мае рацыю, хай кіне ў мяне камень.
Не дзякуючы, а насуперак
Пасланне–2012 у чарговы раз зафіксавала факт заўчаснага скону дзяржаўнай ідэалогіі. АП не згадаў пра яе ні разу, працягнуўшы тым самым традыцыю, закладзеную ў Пасланні–2011. Нагадаю, ідэалагічны падмурак дзяржаўнай ідэалогіі трымаецца на трох сланах: калектывізме, патрыятызме і сацыяльнай справядлівасці, якія ў сваю чаргу стаяць на чарапасе грамадска карыснай працы без разліку на матэрыяльную ўзнагароду.
З трох сланоў на сённяшні дзень у жывых застаўся адзін — патрыятызм. Жывая і чарапаха, гэта пацвярджае наступная цытата: «Богатство — не самоцель. Убежден: движущей силой прогресса являются не материальные блага, а патриотизм». Ніколі раней з падобнай роляй патрыятызму мне сутыкацца не даводзілася. Так, адзін з заснавальнікаў эканамічнай навукі Адам Сміт меркаваў, што для багацця народаў, г. зн. для эканамічнага росту, неабходныя ў першую чаргу мір, нізкія падаткі і разумныя законы.
Радзіма першага — «эканамічны цуд» — Галандыя, краіна, размешчаная ніжэй узроўню мора, якая разбагацелая не дзякуючы, а насуперак сваім прыродным умовам. Галандыя стала першай рэспублікай у Еўропе, якая вызначалася як рэлігійнай памяркоўнасцю (і гэта ў той час, калі па ўсім кантыненце квітнела дыскрымінацыя па рэлігійнай прыкмеце), так і надзейнымі гарантыямі правоў уласнасці. Адкрытасць ператварыла Амстэрдам у цэнтр прыцягнення прадпрымальных людзей Еўропы. Імігранты і зрабілі асноўны ўнёсак у будаўніцтва фінансавай і гандлёвай сталіцы з яе першай у свеце фондавай біржай.
 «Эканамічныя поспехі, якіх у розныя часы дамагаліся Гамбург, Ганконг, Сінгапур, Тайвань і Заходняя Германія, — сцвярджае канадскі эканаміст Рэйвен Брэнер, — па характары шмат у чым нагадваюць прыклад з Амстэрдамам. У кожным з гэтых выпадкаў дзяржава забяспечвала законнасць і парадак, спаганяла параўнальна невялікія падаткі і абуджала ў людзях зацікаўленасць у дзелавой актыўнасці, тым самым прыцягвала імігрантаў і прадпрымальнікаў з усяго свету».
У Беларусі мы назіраем адваротную карціну — эканамічна актыўныя грамадзяне пакуюць валізкі і адпраўляюцца на заробкі ў краіны блізкага і далёкага замежжа. Вось і даводзіцца бацьку-заснавальніку беларускай дзяржаўнай ідэалогіі спадзявацца на патрыятызм. А што яму яшчэ застаецца?