Праменьчык святла ў канцы еўрапейскага тунэля

Акруговы суд у Каліфорніі адхіліў просьбу Федэральнай гандлёвай камісіі заблакаваць здзелку Microsoft па куплі распрацоўніка відэагульняў Activision Blizzard за 68,7 мільярда долараў. Адхіліў — і што? Нам якая да гэтага справа? Па-праўдзе, зусім НІ-Я-КА-Я. У іх свая пясочніца — у нас свая. 

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

У нашай пясочніцы «Газпром» — нацыянальны здабытак з рынкавай капіталізацыяй на 13 ліпеня ў 4 690 695 159 808 расійскіх рублёў.

Колькі ж гэта будзе ў доларах? Дзелім на 90,5 — і атрымліваем 51,8 мільярда долараў. Шчыра скажам, не вельмі ўражвае. Як тут ні прыгадаць абяцанне старшыні праўлення ААТ «Газпром» Аляксея Мілера, якое ён даў у чэрвені 2008 года ўдзельнікам Еўрапейскага дзелавога кангрэса. Тады ён пераконваў, што кампанія, якую ён узначальваў, стане на працягу сямі-васьмі гадоў найбуйнейшай у свеце, а яе капіталізацыя перавысіць трыльён долараў.

На той момант капіталізацыя складала 360 мільярдаў долараў — гэта значыць, была ў сем разоў даражэйшай, чым цяпер. Такі слаўны вынік дзейнасці аднаго з самых аўтарытэтных расійскіх менеджараў пад апекай яго пецярбургскага сябрука Уладзіміра Пуціна.

Гісторыя Мілера — менеджара чымсьці нагадвае гісторыю фрыгійскага цара Мідаса (кіраваў у VII ст.да н. э.), толькі ўзятая з адваротным знакам. Усё, да чаго, паводле міфа, датыкаўся Мідас, ператваралася ў золата, а ўсё, да чаго датыкаецца Мілер, абясцэньваецца. Зрэшты, на яго прафесійнай кар’еры гэта ніяк не адбіваецца.

Англасаксы заўсёды так ваююць


Фразеалагізм «англічанка гадзіць» паўстаў у XIX стагоддзі ў сувязі з абвастрэннем руска-брытанскіх адносін. Англічанка ў той час валодала імперыяй, у якой ніколі не заходзіла сонца. А калі і трываць ад каго-небудзь брыдасці, дык ад самага магутнага суперніка.

Але паводле вынікаў Першай сусветнай вайны месца на вяршыні Алімпу англічанка саступіла свайму амерыканскаму дзядзьку Сэму. Іх саюз пасля 24 лютага 2022 года набыў выбуховую папулярнасць, што пацвярджае статыстыка публікацый, якія змяшчаюць слова «англасакс» у самай папулярнай газеце Беларусі. На 14 ліпеня 2023 года пошукавік налічыў такіх 381, прычым толькі 67 з іх былі апублікаваныя да пачатку «спецаперацыі», гэта значыць за 21 год існавання сайта, і 314 — пасля. Адчуваеце дынаміку?

Аднак гэта колькасная характарыстыка. Што тычыцца характарыстык якасных, то няма нічога дзіўнага ў тым, што тон задае той, каму ў нас і належыць яго задаваць: «Мацнейшыя за гэты страх — англасаксонская прагнасць і прага заваёў, вядомая з самых старажытных часоў. Прыродныя багацці і прасторы ўсходнеславянскіх зямель да гэтага часу не даюць ім заснуць» (30.06.2023).

А мы яшчэ думаем, чаму попыт на снатворныя сродкі і ў Амерыцы, і ў Вялікабрытаніі зашкальвае! Не спіцца англасаксам. Усё ніяк паміж сабой не дамовяцца наконт чарговага перадзелу прыродных багаццяў усходніх славян.

А зрэшты, калі яны нашы багацці дзялілі? Рэшткі ведаў школьнага курсу гісторыі адказаць мне на гэтае пытанне не дазваляюць. І ў Першую сусветную, і ў Другую сусветную вайну англасаксы былі саюзнікамі ўсходніх славян. Аднак не выключана, я нешта блытаю. Але мне можна дараваць — я ж не прафесійны гісторык.

Аднак жа вернемся да самай саліднай газеты краіны, да яе апошняга артыкула, які змяшчае ўпадабанае «залатымі пёрамі» беларускай журналістыкі слова:

«Цяпер зразумела, хто менавіта і за што канкрэтна вядзе вайну? А што ваююць жывымі ўкраінцамі — дык англасаксам не прывыкаць. Заўсёды так ваююць. І ніхто з іх, англасаксаў, на самай справе ўкраінцаў у прыватнасці і славян наогул паўнавартаснымі людзьмі не лічыць».

Паўнавартаснымі людзьмі ўкраінцаў, відаць па ўсім, лічаць у Крамлі. Ад таго і закупляюць у Іране тысячамі ўдарныя беспілотнікі Shahed. З паўнавартаснымі інакш не справіцца.

Краявід з вокнаў кабінетаў БІСД


Расія, калі хто яшчэ не ведае і нават пра тое не здагадваецца, — гэта будучыня планеты, прычым не асобнай яе часткі, а ўсёй Зямлі — ад полюса да полюса. Бо ўсе рэсурсы тут. Пра тое, як у Расіі ўмеюць імі распараджацца, было згадана на прыкладзе «Газпрома».

Цяпер уявіце, што адбудзецца, калі дзейнічаць Расія пачне не ў адзіночку, а ў рамках інтэграцыйнага праекта ЕАЭС. Уявілі? Для пазбаўленых здольнасці маляваць шырокімі мазкамі карціну найбліжэйшай будучыні, падзялюся варыянтам аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Аляксея Аўдоніна.

Выдыхніце і трымайцеся мацней за крэсла. На думку аналітыка, у найбліжэйшыя два-тры гады «Захад паспрабуе навязаць нам сваю мадэль свету, якая пабудаваная на паняволенні». Але яна, нібы «Тытанік», што наляцеў на айсберг, разаб’ецца аб нашу мадэль, заснаваную на супрацоўніцтве. Канчатковы вынік «будзе ў выглядзе далейшага банкруцтва многіх заходніх кампаній».

А чаго вы чакалі? Этап у гісторыі чалавецтва, калі моцныя развіваліся за кошт слабых, завяршыўся. Ва ўсялякім разе, з вокнаў кабінетаў БІСД выразна праглядаецца магчымасць суцэльнага раўнапраўнага ўзаемадзеяння ўсіх з усімі.

Але, як казаў палітык, чые помнікі ўсё яшчэ ўпрыгожваюць цэнтральныя плошчы беларускіх гарадоў, «перш, чым аб’ядноўвацца, і для таго, каб аб’яднацца, мы павінны спачатку рашуча і выразна размежавацца». Гэты працэс і назіраецца. Бабулька Еўропа не толькі рашуча адгароджваецца ад Саюзнай дзяржавы санкцыйнымі і іншымі бар’ерамі, але і выразна ўмацоўвае ўнутранае адзінства.

Чарговая хваля галоўнага сацыялагічнага даследавання грамадскай думкі жыхароў ЕС — Еўрабарометр — прайшла ў чэрвені. Нягледзячы на тое, што 61% апытаных заявілі, быццам вайна ва Украіне мела сур’ёзныя фінансавыя наступствы для іх асабіста, а 83% адзначылі яе наступствы для нацыянальнай эканомікі, 75% падтрымалі нарошчванне выдаткаў на абарону і 88% выступілі за прадастаўленне гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад вайны.

Такім чынам, праблема паўторнага выкарыстання еўрапейцамі туалетнай паперы, якая так усхвалявала чуллівых прадстаўнікоў палітычнага класа Беларусі ў пачатку 2022 года, вырашылася. Праменьчык святла ў канцы еўрапейскага тунэлю бліснуў. Дай Божа, не апошні.