Разуменне — гэта таксама дзеянне

Чалавек савецкі выдатна зарэкамендаваў сябе на лесапавале і перамяшчэнні грузаў з дапамогай тачкі. Але па меры ўскладнення вытворчых працэсаў ён сутыкнуўся з непераадольнымі праблемамі.



popyt_1.gif

Тэма сталінізму, якую я закрануў у папярэдняй «Азбуцы паліталогіі», нечакана запатрабавала працягу.

У мяне няма ні часу, ні асаблівага жадання сядзець у сацыяльных сетках. Але з гадамі робішся больш сентыментальны, і я вырашыў адшукаць праз «Аднакласнікаў» сваё школьнае каханне. Пошук быў паспяховы. Наша радасць была ўзаемнай. Абмяняліся фатаздымкамі, пахваліліся поспехамі дзяцей і ўнукаў.

Яна выкладае эканоміку ў адным з абласных універсітэтаў. Я таксама вырашыў надзьмуць шчокі і паслаў яе сваю апошнюю «Азбуку паліталогіі» («Вынаходнікі пагроз»). Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць, што мяне, безумоўна, узрадавала — чалавек я пыхлівы. Але ўжо пасля чытання першага абзаца радасць змянілася на супрацьлеглае пачуццё.

Цытую: «Немагчыма адназначна даць вызначэнне гэтаму твору, які складаецца з каскаду разгромных, злосных, прасякнутых нянавісцю да ўласнай краіны артыкулаў (азбук), якія абапіраюцца на ўсім вядомыя і ўжо прызнаныя народам агіднымі, негатыўныя гістарычныя моманты яе развіцця. У Германіі таксама шмат чаго было. Але яны не займаюцца самабічаваннем... Прызналі... І ўсё. Чаго яшчэ там вышукваць і капацца ў мінулых праблемах. Усё ўжо «выкапана» і зразумела...»

Пасля такога ўступлення канцоўку лісты прадказаць было нескладана: «Стасавацца мы не зможам, хаця б у сілу таго, што я тваю пазіцыю не прыму ніколі».

Не варта цешыць сябе

Быў такі фільм пра Джэймса Бонда — «Ніколі не кажы «ніколі». Выдатная парада. Тым не менш я ёй не скарыстаўся і аднакласніцы не адказаў. Бессэнсоўна было ўступаць у дыскусію. «Карціну свету» дарослага чалавека змяніць практычна немагчыма. Яна працуе як фільтр, што надзейна адбракоўвае ідэалагічна чужую інфармацыю.

Я ўжо прыводзіў прыклад з сястрой, якая ў сакавіку 2014 года заявіла пра гатоўнасць з аўтаматам у руках абараняць рускіх у Крыме. Яна, натуральна, не скарысталася маёй парадай набраць у інтэрнэце чатыры словы: «Дагестан», «рабы», «цагляныя заводы».

Культура, як сцвярджае культуролаг Андрэй Пеліпенка, — вялікі маніпулятар. Выбіральнасць гістарычнай памяці або адсутнасць такой наглядна гэта пацвярджае.

 Што значыць немцы «прызналі... І ўсё»? Нічога па ўласнай ініцыятыве прызнаваць яны не збіраліся. Прынцып «мая хата з краю» — універсальны, асабліва калі надыходзіць час адказваць за зробленае.

Вось і давялося саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі распрацаваць праграму дэнацыфікацыі, якая падзяліла ўсіх немцаў на пяць катэгорый («Закон № 104»): 1 — галоўныя вінаватыя, 2 — вінаватыя, 3 — нязначна вінаватыя, 4 — спадарожнікі і 5 — невінаватыя.

 Але працэс дэнацыфікацыі пакараннем вінаватых не абмежаваўся. Далей быў здзейснены комплекс мер па перавыхаванні, канчатковай мэтай якіх было выкараненне духу нацызму і дэмакратызацыя грамадства.

У сучаснай Германіі любая прапаганда нацызму забароненая. Немагчыма ўявіць сабе немца, які разгульвае з партрэтам Гітлера. Няма юрыдычнай забароны на папулярнае ў мінулым імя Адольф. Аднак ніхто сёння не называе гэтым імем хлопчыкаў у Германіі. Гэты, здавалася б, другасны факт ілюструе паспяховасць дэнацыфікацыі.

На жаль, на паслядоўную дэсталінізацыю ні савецкая наменклатура, ні яе постсавецкія спадкаемцы не пайшлі. Незавершанасць дэсталінізацыі ў Беларусі фіксуюць сацыялагічныя апытанні. Да расійскага ўзроўню павагі да «правадыра народаў» беларусы пакуль што не дацягваюць. Па дадзеных Лявада-Цэнтра, у сакавіку 2015 года да Сталіна з павагай ставіўся кожны трэці расіянін. У Беларусі дзейнасць Сталіна ацанілі «вельмі высока» 13% і «высока» — 12% (НІСЭПД, снежань 2009 года).

Але адносна нізкая колькасць прыхільнікаў Сталіна ў Беларусі — следства задаволенасці ўзроўнем дзяржаўнага патэрналізму, які падтрымлівае адзіны палітыка (АП). Аднак ва ўмовах надыходзячага крызісу даходы насельніцтва будуць няўхільна зніжацца. Незадаволенасць выльецца ў ідэалізацыю мінулага, неад’емнай часткай якога і з’яўляецца Сталін.

Інстытут «нахілення»

Шорт-ліст ідэальных палітыкаў у чэрвені 2008 года (НІСЭПД) узначалілі Уладзімір Пуцін (31%), Аляксандр Лукашэнка (25%), Пётр Машэраў (24%) і Пётр I (19%). У яго ніжняй часткі апынуліся Вацлаў Гавэл (4%) і Лех Валенса (2%).

Паглядзім на гэтую расстаноўку прыярытэтаў з пункту гледжання перспектыў рэфармавання беларускай мадэлі. Наяўнасць «моцных асоб» у верхняй частцы спісу саму магчымасць рэфармавання не адмяняе. Не, беларусы не супраць рэформаў, але толькі такіх, якія ажыццяўляюцца ўладай зверху.

Звернемся зараз да спісу краін па ВУП на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасці за 2014 год, падрыхтаванага МВФ. Чэхія ў гэтым спісе апынулася на 38-м месцы ($ 29,9 тыс.), Польшча — на 46-м ($ 25,1 тыс.), Расія — на 49-м ($ 24,8 тыс.) і Беларусь — на 64-м ($ 18,1 тыс.). Здавалася б, эканамічныя поспехі краін павінны былі адбіцца на папулярнасці іх лідараў, але па факце залежнасць атрымалася адваротнай.

Чалавек савецкі расстаўляе прыярытэты, зыходзячы са сваёй сістэмы каштоўнасцяў, і ў гэтай сістэме палітычныя лідары ацэньваюцца не па эканамічнай эфектыўнасці, а па здольнасці атрымліваць вялікія перамогі. Менавіта таму ветэраны, якія перажылі мясарубку сталінскіх пяцігодак, і ходзяць з партрэтамі свайго вусатага куміра, а беларускае заканадаўства ім гэтага не забараняе.

Прыгледзімся больш уважліва да дзеянняў «моцных асобаў», якія ў нас прынята лічыць рэформамі. «Сапраўдная рэформа, — адзначае гісторык Юрый Півавараў, — не разбурае наяўны свет, а пераўтварае яго, удасканальвае. <...> Іншымі словамі, сапраўдная рэформа стварае інстытуты і працэдуры, у якіх актуалізуецца схаванае ў старых формах новае, патэнцыйнае. Рэформа — гэта ўпарадкаванне новых магчымасцяў, новага балансу сіл і іншае».

Пры такім падыходзе кіпучая дзейнасць Пятра I не падпадае пад характарыстыку рэфарматарства. Усе яго навацыі мелі сваім галоўным вынікам далейшае закабаленне насельніцтва Расійскай імперыі.

Але вернемся ў сучаснасць. У снежні 2014 года 20% рэспандэнтаў былі згодныя з тым, што рэформы ў Беларусі паспяхова развіваюцца. Пры гэтым 28% успрымалі АП як палітыка, які «павольна, але рашучае ідзе па шляху рэформаў». У студзені 2007 года такую ацэнку падзялялі 39% (НІСЭПД).

Сапраўдныя рэформы, нагадаю, ствараюць інстытуты і працэдуры. Хто б спрачаўся. Возьмем, да прыкладу, Дэкрэт №5. Яго асноўная ідэя — прымусіць кіраўнікоў працаваць. Па меркаванні АП, яны ў нас занадта разбоўталіся: «Хочу делаю, хочу не делаю, выгонят, там где-то у меня структурки частные, под кого-то зарегистрированы, у кого-то детки, у кого-то еще кто-то в частных структурах, не пропаду».

Дэкрэт №5 і закліканы закрыць гэтую дзірку. Ён дазваляе «нахіляць» кіраўніка любога ўзроўню, адначасова надзяляючы яго правам «нахіляць» сваіх падначаленых.

Улічваючы, што колькасць занятых у эканоміцы склала ў красавіку бягучага года 4 459,7 тысячы чалавек, і практычна ўсе яны трапляюць пад катэгорыі альбо начальнікаў, альбо падначаленых, можна смела гаварыць пра ўвядзенне ў Беларусі інстытута «нахілення». Працэдуры, якія рэгламентуюць яго працу, і пералічаныя ў Дэкрэце № 5.

Даведка: паводле аднаго з заснавальнікаў сучаснай інстытуцыйнай тэорыі, нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта, «інстытуты — гэта набор фармальных правілаў, нефармальных абмежаванняў і механізмаў іх прымусовага ажыццяўлення».

Дысцыпліна — гэта важна

Паводле азначэння, якое прыпісваецца Уінстану Чэрчылю, Сталін прыняў Расію з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай. У перакладзе на мову «Азбукі паліталогіі» сталінізм — гэта шлях расійскай цывілізацыі з традыцыйнага свету да масавага грамадства, г. зн. у сучаснасць. Гэты шлях у складзе дружнай сям’і савецкіх народаў прайшлі і беларусы.

У працэсе руху і быў сфармаваны чалавек новага тыпу («чалавек савецкі» ў тэрміналогіі Лявада-Цэнтра). Няздольнасць прымаць чужую пазіцыю — адна з яго базавых характарыстык.

Чалавек савецкі выдатна зарэкамендаваў сябе на лесапавале, перамяшчэнні грузаў з дапамогай тачкі і ў цэхах прамысловых гігантаў пры выкананні элементарных тэхналагічных аперацый. Але па меры ўскладнення вытворчых працэсаў ён сутыкнуўся з непераадольнымі праблемамі. Заадно праблемы сталі памнажацца ў дзяржавы, якая першапачаткова імкнулася «дагнаць і перагнаць Амерыку». Прыйшлося ёй зніжаць планку да «падтрымання ядзернага парытэту з верагодным праціўнікам».

Распад СССР чалавек савецкі ў яго беларускім варыянце не толькі змог паспяхова перажыць, але і правесці свайго кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў 1994 годзе.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што ўдзячны АП прыклаў максімум намаганняў для ўзнаўлення «чалавека савецкага» — павелічэння сваіх прыхільнікаў. Няпростая гэта задача — веславаць супраць мэйнстрыму. Інакш уладу не ўтрымаць.

Але калі колькасць «чалавека савецкага» робіцца празмернай, варта чакаць непрыемнасцяў. Попыт на перасоўванне грузаў з дапамогай тачкі ўпаў, а выконваць тэхналагічную дысцыпліну наш герой так і не навучыўся. Тут я зноў дазволю сабе цытаванне: «Это очень важно: производственная дисциплина, а в основе ее лежит технологическая дисциплина. Не будет этой дисциплины — ни один руководитель ничего не сделает».

Адзін не зробіць. Аднак кіраўнік, чый патэнцыял шматкроць узмоцнены Дэкрэтам №5, здольны вырашыць задачы любога ўзроўню.

* * *

Скончу гэту «Азбуку паліталогіі», як і пачаў, цытатай аднакласніцы: «На жаль, ты не паказваеш ніякага шляху пераадолення цяжкасцяў у нашай краіне. Ты не дапамагаеш знаходзіць правільныя шляхі і рухацца па іх...»

Грэшны. Каюся. Да знаходжання правільных шляхоў я не дарос. Вось і даводзіцца здавольвацца спробамі зразумець рэальнасць, у якой выпала жыць. А разуменне — «гэта таксама дзеянне, прычым больш істотнае, чым удзел у тых ці іншых прамых грамадзянскіх акцыях» (Леў Гудкоў).