Развод і кухня напалову?
Пакуль мы засяродзіліся на ўнутраных праблемах, па-за ўвагай засталіся цікавыя і, магчыма, вызначальныя для нашага далейшага лёсу падзеі.
Напрыклад, днямі ў Бішкеку адбылася сустрэча кіраўнікоў урадаў ЕўрАзЭС. На ёй беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў упікнуў Расію ў тым, што яна не спрыяе інтэграцыйным працэсам. У прыватнасці, Кабякоў сказаў, што не бачыць рэальных поспехаў у інтэграцыі на прасторы ЕўрАзЭС, і быў «вымушаны канстатаваць, што двухбаковая нарматыўная база не выконваецца».
Як прыклад, ён прывёў нашу нафтагазавую спрэчку з Расіяй. «Мы паставілі задачу рэалізаваць фундаментальнасць свабоды перасоўвання тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, якія з’яўляюцца базісам нашага эканамічнага саюза. Вымушаны канстатаваць, што ствараюцца ўсё новыя перашкоды і бар’еры... Добра, хай будзе пакуль розніца ў коштах на газ. Мы дамовіліся пры падпісанні Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, што яна будзе паступова ліквідаваная да 2025 года. Але чаму гэтая розніца так рэзка расце — не на 1%, не на 5% і нават не на 10%? Розніца ў цэнах паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй вырасла з 38% у пачатку 2014 да 110% у 2016 годзе. Чаму пасля стварэння ЕАЭС замест паступовага скарачэння розніца стала амаль у тры разы вышэй? Якая свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы тут можа быць?» — задаўся пытаннем Кабякоў.
І атрымаў адлуп ад кіраўніка ўраду Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Той заклікаў краіны, якія ўваходзяць у ЕўрАзЭС (чытай, Беларусь), не пераносіць праблемы двухбаковых адносін на шматбаковую пляцоўку Саюза, не ператвараць працэс інтэграцыі ў «закладніка» нацыянальных інтарэсаў асобных дзяржаў. «Толькі што гэта з поспехам прадэманстраваў беларускі бок», — заўважыў ён.
Як падкрэсліў Мядзведзеў, гэта «падобна на шантаж: ці паўплывайце, ці мы нічога не падпішам», і параіў Кабякову «не практыкавацца ў падліках» на кошт расійскага газу. «Давайце наўпрост, без хітрыкаў: калі б некаторыя краіны, прысутныя тут, не ўваходзілі ў склад нашага Саюза, або выйшлі б з яго, яны куплялі б цяпер газ па еўрапейскіх коштах... І не трэба нічога даказваць і практыкавацца ў падліках, усё было б значна даражэй, — сказаў Мядзведзеў, і дадаў: — Тут ніхто нікога сілком не трымае».
Карацей, два прэм’еры пасварыліся, як базарныя бабулькі, у стылі «сам дурань». Але фразы кшталту «давайце не практыкавацца ў падліках» і «тут ніхто нікога сілком не трымае» могуць пацягнуць за сабой даволі сур’ёзныя наступствы.
Напрыклад, усім вядома, што еўрапейскі кошт газу, як і кошт транзіту, зараз вызначаецца на мяжы з Германіяй — такая завядзёнка засталася з часоў савецкага Савета эканамічнай узаемадапамогі — эканамічнага аб’яднання краін Варшаўскай дамовы. У часы перабудовы і «параду суверэнітэтаў», як вядома, сканаў СССР. СЭУ і Варшаўскі блок — разам з ім. І некаторыя эканамісты, напрыклад, кіраўнік Інстытута трансфармацыі грамадства, прафесар нацыянальнай акадэміі кіравання Украіны Алег Соскін лічыць, што кошт на газ (і на яго транзіт) павінен вызначацца на мяжы новых незалежных дзяржаў.
Такім чынам, кошт транзіту расійскага газу ў Еўропу па Беларусі павінен каштаваць 6–7 еўра за 100 кубічных метраў на 100 кіламетраў, а не прыкладна два — два з паловай долары, як сёння.
Давайце Расія заплаціць нам за 20 гадоў функцыянавання на нашай тэрыторыі двух сваіх вайсковых аб’ектаў РЛС пад Вілейкай і Ганцавічамі. І тады паглядзім, хто каго «сілком трымаць не будзе».
У той жа час міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц ласкава запрасіў у Беларусь кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта, каб наладзіць адносіны паміж дзвюма краінамі «ў сферы паставак прадуктаў», і паабяцаў гарантаваць яму бяспеку падчас гэтага візіту. «З задавальненнем сустрэнем, пакажам нашы прадпрыемствы, раскажам пра ўсё. Трэба ж неяк сустракацца, трэба дамаўляцца», — сказаў Заяц.
На пытанне, ці можа ён гарантаваць, што Данкверт вернецца на радзіму пасля візіту ў Беларусь, Заяц адказаў: «Несумненна! Вядома, адправім». Ён растлумачыў, што Беларусь — прававая і бяспечная дзяржава, якая можа гарантаваць «бяспеку любому, хто заехаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».
Але, улічваючы, што зараз МУС РБ актыўна «капае» на крымінальную справу супраць Данкверта, апошні ехаць у гасцінную краіну адмовіўся. Маўляў, мэта запрашэння не ясная (хаця паглядзець на месцы, як вырабляецца беларуская прадукцыя і якія тут дзейнічаюць стандарты — куды ж ясней!) і пытанняў, якія трэба абмеркаваць пры асабістай прысутнасці Данкверта ў Беларусі, няма. Нават нягледзячы на тое, што на сакавік запланаваная сумесная калегія Беларусі і Мінсельгаса Расіі, дзе плануецца абмеркаваць пастаўкі айчыннай прадукцыі ў Расію. Расійскаму боку была накіраваная прапанова правесці яе да 10 сакавіка, але гэтая прапанова пакуль засталася без адказу.
Магчыма, Данкверт разумее, што «адпраўка назад» — не ў кампетэнцыі спадара Зайца. Тое, што яго тут «прымуць і адправяць», сумневаў, канешне, не выклікае. Выклікаюць сумневы, як, калі і ў якім выглядзе будзе ажыццяўляцца гэтая адпраўка. Баўмгертнера, урэшце, таксама адправілі ў Расію — толькі пасля працяглай адседкі ў «амерыканцы» і ў кайданках.
І па-ранейшаму застаецца цікавы момант з сустрэчай Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Планавалася, што яна пройдзе месяц таму — 9 лютага. Менавіта на тую дату быў запланаваны Вышэйшы дзяржсавет Беларусі і Расіі. Але «з-за несупадзення графікаў» ён быў адкладзены. І новая дата яшчэ не вызначана, паведаміў прэс-сакратар кіраўніка расійскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.
Пры гэтым Пяскоў адзначыў, што тэма развіцця ЕАЭС «з’яўляецца прыярытэтнай для Пуціна, які надае вялікае значэнне ўдзелу РФ у гэтым аб’яднанні».
Прыярытэт для любога разумнага чалавека азначае першасную справу. І чаму абодва кіраўнікі ўжо месяц не могуць знайсці часу для першаснай справы? Не такая, значыць, яна ўжо і першасная.
Можа сапраўды Расія і Беларусь хутка развядуцца? Прынамсі, пасля гэтага колькасць спрэчак і сварак гарантавана знізіцца.