Рэванш правага паўшар’я

Уся кніжна-пісьмовая культура — гэта логацэнтрызм. Імкненне чалавека да праўды таксама тыповая праява логацэнтрызму. Сучасныя дзеці авалодваюць кампутарам раней, чым пачынаюць чытаць, што спрыяе «кліпаваму мысленню».



pausharje_1.gif

Днямі маёй суседкай у аўтобусе апынулася немаладая жанчына. Пачалі размаўляць. Яна, нягледзячы на сталы ўзрост, працягвае працаваць у школе настаўніцай малодшых класаў. 53 гады педагагічнага стажу — гэта сапраўды істотна. Тут ёсць пра што распытаць. На маё галоўнае пытанне пра адрозненні цяперашніх першаклашак ад іх аднагодкаў пачатку 60-х гадоў атрымаў чаканы адказ: «Сучасным школьнікам цяжка засяродзіцца на словах настаўніка».

Чаму такі адказ быў для мяне чаканы, я і паспрабую растлумачыць у гэтай «Азбуцы паліталогіі».

«Вось гэта заб’е тое»

Адкрыем Евангелле ад Яна і прачытаем першы радок: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог».

Першы пераклад гэтага радка на славянскую мову ажыццявілі Кірыл і Мяфодзій. Менавіта яны паняццем «Слова» пераводзілі грэчаскі «Логас». Далей пад «Логасам» мелі на ўвазе і закон сусветнага развіцця, і нейкую Вышэйшую Сілу, што кіруе сусветам. Пазней, у працах хрысціянскіх мысляроў, сам «Логас» атаясамліваўся з Сынам Бога, Ісусам Хрыстом.

Сучасны чалавек — прадукт логацэнтрычнай культурнай сістэмы. Яна сцвердзілася ў I тысячагоддзі да н.э., і цэнтральным яе элементам з’яўляецца слова. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што мы думаем словамі.

Уся кніжна-пісьмовая культура — гэта логацэнтрызм. Але і імкненне чалавека да праўды таксама з’яўляецца тыповай праявай логацэнтрызму, як і звычка ўсталёўваць нормы і выбудоўваць іерархіі.

З «дзяцей прыроды», якія жывуць дзе-небудзь у джунглях Амазонкі або пустынях Аўстраліі, аўтарытарную дзяржаву не пабудаваць (маем на ўвазе, зразумела, уяўны эксперымент). А з «чалавека савецкага», які складае аснову беларускай «большасці», такая дзяржава атрымліваецца як бы сама сабой. Ні «рукі Крамля», ні іншых таямнічых «рук» для гэтага не трэба, бо логацэнтрык не можа жыць па-за жорсткай іерархічнай структурай.

У рамане Віктора Гюго «Сабор парыжскай Божай Маці» ёсць раздзел «Вось гэта заб’е тое». Што такое «гэта», якое выступае ў ролі забойцы? І што такое «тое», над чым навісла смяротная пагроза? Звернемся да тэксту рамана: «Гэта быў страх духоўнай асобы перад новай сілай — кнігадрукаваннем. Гэта быў жах і здзіўленне служыцеля алтара перад друкарскім станком Гутэнберга, што выпраменьвае святло. Царкоўная кафедра і манускрыпт, вуснае слова і слова рукапіснае білі трывогу ў роспачы перад словам друкаваным... <...> Гэта азначала, што новая сіла зменіць старую сілу; іншымі словамі — друкарскі станок заб’е царкву».

Апасенні літаратурнага персанажа (святара) былі недарэмнымі. Друкарскі станок зрабіў даступнай адукацыю не толькі для абраных, што дазволіла паставіць «вытворчасць» адукаваных людзей на паток. Адукаваных — а значыць, тых, хто рацыянальна думае, хто не прымае нічога на веру.

Пры дасягненні крытычнай масы «чалавека рацыянальнага» сярэднявечная Еўропа рашуча ступіла ў Новы час. Гістарычную статыку змяніла дынаміка. Перамены ў эканоміцы, палітыцы ў сацыяльнай сферы пасыпаліся як з рога дастатку. Логацэнтрызм атрымаў другое дыханне. Гэта ў пачатку Слова было ў Бога, і ён валодаў ім на правах манапаліста. Але пасля вынаходніцтва друкарскага станка патэнт на права карыстацца словам атрымалі тысячы адукаваных людзей: палітыкаў, пісьменнікаў, журналістаў.

Шмат літар

«Усё мінае, пройдзе і гэта», — сказана ў кнізе Эклезіяста. Размова з настаўніцай у аўтобусе пацвердзіла слушнасць старазапаветнай мудрасці. Сучасным вучням цяжка засяродзіцца на словах. «Гэта» ў чарговы раз забівае «тое». Забівае на чарговым вітку развіцця. Учорашні забойца сам стаў ахвярай. Прыйшла яго чарга. Экран (тэлевізара, кампутара, смартфона) забівае друкарскі станок.

Не выключана, што ўсплёск цікавасці да друкаванага слова ў гады перабудовы варта разглядаць у якасці яго лебядзінай песні. Дваццаць гадоў таму, паводле дадзеных НІСЭПД, толькі 2% беларусаў не чыталі газет (гл. табліцу). У сакавіку 2012 года колькасць «нечытачоў» складала чвэрць ад дарослага насельніцтва. І гэта пры тым, што 58% рэспандэнтаў скарацілі колькасць газет і часопісаў, якія яны выпісваюць, у параўнанні з 1991 годам, у той час як павялічылі — толькі 5%.

Калі верыць адзінаму палітыку, «мы ліміт рэвалюцый вычарпалі ў мінулым стагоддзі». Сцвярджэнне спрэчнае. Але ў тым, што мы жывем у эпоху экраннай рэвалюцыі, сумнявацца не даводзіцца.

Экранная рэвалюцыя, паводле культуролага Андрэя Пеліпенкі, «выступае адным з планаў выяўлення захаду і распаду логацэнтрычнай культурнай парадыгмы, г.зн. глабальнага культурна-гістарычнага этапу ў чалавечай гісторыі». Яе феномен не варта зводзіць да інфармацыйных тэхналогій. Гаворка ідзе пра феномен агульнакультурны. Феномен, што мяняе не толькі ўмовы жыцця чалавека, але і самога чалавека.

На нашых вачах нараджаецца новы культурна-гістарычны суб’ект. Тэкст ён не ўспрымае — шмат літар, разбірацца з якімі няма ні часу, ні жадання.

«Людзі Слова» супраць «людзей Лічбы»

Не ведаю, пашанцавала мне і маім сучаснікам, або ўсе мы з’яўляемся таварышамі па няшчасці, але на нашых вачах завяршаецца чарговы этап у псіхафізіялагічнай эвалюцыі чалавека.

Для далейшага прасоўвання наперад мне спатрэбіцца звярнуцца да паняцця «міжпаўшарная асіметрыя». Спадзяюся, большасці чытачоў вядома, што з левым і правым паўшар’ямі ў чалавека звязаны два тыпы мыслення — абстрактна-лагічнае і прасторава-вобразнае адпаведна. Левае паўшар’е мозгу адказвае за моўныя здольнасці. Яно кантралюе мову, здольнасць да чытання і пісьма, запамінанне фактаў, датаў, імёнаў і іх напісанне. Правае паўшар’е спецыялізуецца на апрацоўцы інфармацыі, якая выяўляецца не ў словах, а ў сімвалах і вобразах.

Адно з паўшар’яў, як правіла, з’яўляецца дамінуючым. Якое? Прапаную эксперымент. Усё, што трэба, — гэта адкласці газету ўбок і папляскаць у ладкі. Папляскалі? Калі зверху апынулася правая рука, то гэта дакладная прыкмета дамінавання левага паўшар’я, калі левая рука — правага паўшар’я.

Чалавек атрымаў у спадчыну ад прыроды дамінаванне правага паўшар’я. Таму для пераходу ад першабытнага стану да стану цывілізаванага (г.зн. да логацэнтрычнай культуры), спатрэбілася змяніць дамінантнае паўшар’е. Канчатковы рэвалюцыйны скачак быў здзейснены ў Заходняй Еўропе ў эпоху Рэнесансу і Рэфармацыі. У новаеўрапейскай цывілізацыі прынцып дамінавання левага паўшар’я дасягнуў свайго апагею.

Але сёння мы назіраем рэванш правага паўшар’я. На змену «людзям Слова» прыходзяць «людзі Лічбы», носьбіты так званай «кліпавай свядомасці». Сучаснае дзіця авалодвае кампутарам раней, чым вучыцца чытаць. У выніку такой ракіроўкі фармуецца свет, у якім спачатку было не Слова, а Малюнак (сімвал, вобраз).

Свет, пабудаваны з выпадковым чынам падабраных малюнкаў — гэта свет, пазбаўлены маральных, інтэлектуальных і іншых аўтарытэтаў. Апошні піск моды ў свеце кліпавай свядомасці — Instagram.

Рэгіструйцеся і калекцыянуйце лайкі. Калі ваша актыўнасць у сеціве не атрымлівае належнай увагі, не адчайвайцеся. У два клікі інтэрнэт дапаможа вам пазнаёміцца з тэхналогіямі падняцця асабістага рэйтынгу шляхам накруткі лайкаў.

«Пустая марнасць — усё марнасць». Тут я зноў звярнуўся да цытавання кнігі Эклезіяста. Але як прыемна мітусіцца, расстаўляючы і атрымліваючы лайкі!

Падводзіць баланс яшчэ рана

Загніванне капіталізму — любімая тэма савецкіх прапагандыстаў. І яны мелі рацыю. Капіталізм у яго заходнім варыянце пачаў загніваць. Аднак механізм загнівання апынуўся прынцыпова іншы. У «агульнага крызісу капіталізму» нечакана выявіўся антрапалагічны складнік, што праявіўся ў фарміраванні новага тыпу культурнага суб’екта.

У адрозненне ад свайго папярэдніка (логацэнтрыка) прадстаўнік новай натуральнасці не гатовы ахвяраваць чым-небудзь істотным дзеля ісціны. У палітыцы гэта праяўляецца ў адсутнасці пасіянарнасці. Немагчыма сёння ўявіць фанатыкаў, якія ваююць пад сцягам Еўрасаюза, але сабраць фанатыкаў пад зялёным ісламскім сцягам зусім не складана.

У цэлым жа падвесці баланс плюсаў і мінусаў ад рэваншу правага паўшар’я не так і проста. Мы ўжо адзначалі схільнасць логацэнтрыка да іерархіі. Таму яго сыход з гістарычнай арэны створыць масу праблем для аматараў выбудоўваць «вертыкалі» ўлады.

Не ведаю, ці будзе пакаленне цяперашніх першаклашак жыць пры камунізме, але жыццё пры аўтарытарызме (а тым больш за пры неататалітарызме) ім не пагражае. І яшчэ адна істотная дэталь: правае паўшар’е адказвае за творчасць. А гэта якраз тое, чаго не хапае сёння большасці з нас.