Штэфан Фюле: Беларусь — самая вялікая таямніца Еўропы
Еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле наведаў Беларусь з двухдзённым візітам. За гэты час у яго адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, віцэ-прэм’ерам ураду Андрэем Кабяковым, кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле наведаў Беларусь з двухдзённым візітам. За гэты час у яго адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам
Лукашэнкам, віцэ-прэм’ерам ураду Андрэем Кабяковым, кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці
Беларусі.
У размове з еўракамісарам, якая доўжылася ледзьве не да дванаццатай гадзіны ночы, узялі ўдзел такія дзеячы, як Яраслаў Раманчук, Аляксандр Мілінкевіч, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі (варта
адзначыць, што гэтыя палітыкі ўжо пазіцыянуюць сябе як патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты на наступных выбарах), а таксама Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і
Аляксандр Казулін.
«Чакаецца, што да верасня-кастрычніка Еўрасаюз выпрацуе дакумент кшталту «дарожнай карты» ў дачыненнях з Беларуссю, у якім будуць прапісаны абавязацельствы Бруселя і
Мінска», — паведаміў намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і зазначыў, што Штэфан Фюле выслухаў прапановы беларускіх апазіцыянераў па ўключэнню
ў гэты дакумент тых ці іншых пунктаў.
Таксама еўракамісар даў паўгадзіннае інтэрв’ю Беларускаму тэлебачанню, падчас якога распавёў пра перспектывы развіцця Еўрасаюза, магчымасці, якія дае ратыфікаванае Лісабонскае пагадненне, а
таксама пра надзейнасць беларускай мяжы ў справе барацьбы з міжнародным тэрарызмам. Што да Беларусі, то, па словах Штэфана Фюле, наша краіна з’яўляецца «самай вялікай
таямніцай Еўропы». Беларуская таямніца, з пункту гледжання еўракамісара, хаваецца не ў больш танных нафце і газе, якія пастаўляюцца з Расіі, і нават не ў прапановах ЕС з самымі найлепшымі
намерамі. «Вельмі адукаванае грамадства з шырокім кругаглядам» — вось у чым Штэфан Фюле бачыць «таямніцу Беларусі».
Еўракамісар заклікаў афіцыйны Мінск «скарыстацца магчымасцю» і ўмацаваць стасункі Беларусі і Еўрасаюза. Двухбаковае ўзаемадзеянне, па словах Фюле, залежыць ад таго, наколькі краіна
паважае тое, што ёсць асновай «Усходняга партнёрства», — вяршэнства закона, належнае кіраванне, дэмакратыя і правы чалавека. Еўрасаюз чакае, што ў Беларусі не будзе
палітзняволеных, а выбары будуць прызнаныя свабоднымі і справядлівымі.
Што да чэрвеньскай «газавай вайны» Беларусі і Расіі, у выніку якой часткова пацярпелі некаторыя еўрапейскія дзяржавы, то спадар Фюле заклікаў вырашаць падобныя праблемы на
двухбаковым узроўні, а не за кошт еўрапейскіх спажыўцоў.
На прэс-канферэнцыі па выніках візіту Штэфан Фюле адзначыў, што ўсе краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнёрства» ацэньваюцца Еўрасаюзам «не з пункту гледжання іх гістарычных
адметнасцей», але на падставе таго, «ці ёсць пазітыўны прагрэс, імкненне і амбіцыі дзяржавы да рэформаў». «Чым больш дзяржава гатова рэфармаваць краіну, тым
большую падтрымку яна можа чакаць ад нас», — заявіў еўракамісар.
«Выбары з’яўляюцца дэмакратычнай пячаткай на замежным пашпарце краіны. Беларусі вельмі патрэбна гэта пячатка, — падкрэсліў Штэфан Фюле. — Падчас сустрэч мы таксама
гаварылі пра смяротнае пакаранне, бо Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне ў дачыненні да ўласных грамадзян».
Зараз у Бруселі распрацоўваецца так званы «Сумесны прамежкавы план», які, па словах еўрачыноўніка, з’яўляецца не прававым, але палітычным дакументам. «Гэта наша
спроба стварыць рамкі для білатэральных зносінаў ЕС і Беларусі», — адзначыў Штэфан Фюле.
Еўрасаюз па-ранейшаму чакае паляпшэння сітуацыі ў Беларусі па пяці пунктах — гэта адсутнасць палітычных зняволеных, свабода асацыяцый, свабода прэсы, адмена смяротнага пакарання і выкананне
рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па правядзенню выбараў.
Штэфан Фюле паведаміў, што на парадку дня двухбаковых стасункаў важным з’яўляецца пытанне спрашчэння візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. «Зараз у Бруселі вядзецца падрыхтоўка
прапановаў для мандата дэлегацыі Еўрасаюза на перамовах па рэадмісіі, па спрашчэнню парадку выдачы віз. Больш грунтоўнае абмеркаванне гэтага пытання ў Бруселі чакаецца ў верасні-кастрычніку бягучага
года», — адзначыў еўракамісар. Паводле яго слоў, працэдура спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў можа распачацца ўжо пры канцы 2010 года.
Еўракамісар не пажадаў раскрываць журналістам падрабязнасці сваіх сустрэч з кіраўніком дзяржавы і высокімі службовымі асобамі краіны. Пра сваю сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам Штэфан Фюле толькі
заўважыў, што «гэта была адкрытая і шчырая размова як пры тэлекамерах, так і без іх». Але звярнуць увагу ўсё ж ёсць на што, калі глядзець сюжэт пра сустрэчу Фюле з Лукашэнкам,
паказаны дзяржаўнымі тэлеканаламі.
Прэзідэнт Беларусі літаральна ашаламіў высокага еўрапейскага госця сваімі рэзкімі выказваннямі. «Мы не ўпадзем, не будзем поўзаць на каленях ні перад кім — ні перад вамі, ні перад
Расіяй, ні перад Амерыкай… Давайце дамовімся, што галоўнае — гэта наш суверэнітэт, бяспека і незалежнасць нашай краіны… У імя гэтай незалежнасці мы будзем рабіць усё. Мы
не будзем бегаць па Еўропе, Амерыцы, Расіі, браць у вас грошы… Хачу папярэдзіць ад залішніх чаканняў: Беларусь будзе рухацца сваім шляхам», — сказаў як адрэзаў афіцыйны
беларускі лідэр. Тут кіраўнік дзяржавы меў на ўвазе пазіцыю чакання, якую занялі многія еўрапейскія і расійскія палітыкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Штэфан Фюле яўна разлічваў на іншую атмасферу прыёму — варта ўзгадаць, з якім імпэтам у Мінску сустракалі такіх «еўразуброў», як Хав’ер Салана і Беніта
Ферэра-Вальднер. Цяпер, улічваючы чарговае беларуска-расійскае сезоннае абвастрэнне, еўракамісару таксама можна было б разлічваць на цеплыню з боку беларускага прэзідэнта. Але атрымалася наадварот
— Аляксандр Лукашэнка быў рэзкі, адназначны і бескампрамісны. Можна толькі здагадвацца, пра што гаварылі Лукашэнка і Фюле за зачыненымі дзвярыма, але, гледзячы па настрою еўракамісара на
выніковай прэс-канферэнцыі, асаблівага поспеху яго візіт у Мінск не меў, і новага прарыву ў дачыненнях Беларусі і Еўрасаюза не адбылося.