SIC SEMPER TYRANNIS! Так заўсёды з тыранамі? Насамрэч — не

Далёка не заўжды тыранаў чакае «справядлівая» (у агульным разуменні) кара.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Як прадэманстравала адно нядаўняе даследванне, 49% дыктатараў жылі “доўга і шчасліва” ды памёрлі ва ўласным ложку. Яшчэ 11% паміралі пасля таго, як мірна перадалі ўладу іншым. Так, мірная перадача ўлады дыктатарамі і тыранамі бывае, нягледзячы на тое, што нас старанна імкнуцца пераканаць у адваротным. З астатніх 7% загінулі ў бітвах. 4% скончылі жыццё самагубствам. Прыкладна столькі ж памёрлі ў турме. 9% атрымалі смяротны вырак у выніку судовых працэсаў і былі пакараныя. І толькі 8% загінулі ад рук забойцаў.

Шмат хто лічыць, што апошні варыянт з’яўляецца прымальным метадам барацьбы з тыраніяй, ратавання народу і аднаўлення “справядлівасці”. Чамусьці ў людзях трывала сядзіць вера, што гвалтоўная смерць тырана здольна вырашыць усе праблемы. Прыгадацьмем хаця б знакаміты выраз пра “снайпера”, які “выратуе Беларусь”. Але, як можна пабачыць па прыведзеных вышэй лічбах, гэты метад досыць рэдка сустракаўся. І нават у тым выпадку, калі тыраны гінулі ад рук забойцаў, ці заўжды гэта клала канец тыраніі і пакутам народа?

Першыя тыраназабойцы

Першымі вядомымі тыраназабойцамі ў гісторыі былі Гармодыюс і Арыстагітон. Жылі яны ў Афінах у VI стагоддзі да нашай эры. У горадзе ў той час панаваў тыран Гіпіяс, які пераняў уладу ў свайго бацькі — такога ж тырана Пісістрата. Ня тое, каб Гіпіяс быў страшным людажэрам ці вар’ятам-самадурам. Але ў сваім тыранскім статусе ён дазваляў сабе свавольнічаць, як дазвалялі сабе гэта рабіць і ягоныя бліжэйшыя родзічы.

Аднойчы брат Гіпіяса Гіпарх пачаў заляцацца да маладога і сімпатычнага Гармодыюса. Для тых часоў і традыцыяў гэта не было чымсці звышнатуральным і сацыяльна непрымальным. Адносіны паміж маладым хлопцам, які яшчэ ня меў барады, і дарослым мужыком нават мелі нейкае ўзвышанае адценне. Але праблемай было тое, што ў Гармодыюса ўжо быў дарослы таварыш — Арыстагітон. Заляцанні брата тырана былі адрынуты.

Гіпарх у адплату публічна зняважыў увесь род Гармодыюса. Той вырашыў, што адплатай за гэта мусіць быць толькі смерць. Разам з Арыстагітонам яны склалі змову, і пад час Панафінейскага свята закалолі Гіпарха проста на вуліцы.

Тыранія ад гэтага ў Афінах ня скончылася. У адрозненне ад жыцця Гармодыюса, якога забілі тут жа ахоўнікі Гіпарха. І ў адрозненне ад жыцця Арыстагітона, якога таксама забілі, але ўжо пасля доўгіх катаванняў, бо Гіпіяс хацеў даведацца, хто яшчэ ўдзельнічаў у змове. Сам Гіпіяс, па пасведчаннях антычных аўтараў, пасля гібелі брата зрабіўся тыранам у поўным сэнсе гэтага слова. З’явілася параноя, боязь замахаў і, адпаведна, рэпрэсіі і забойствы, ахвярамі якіх рабіліся тыя, хто выклікаў хоць нейкія падазрэнні.

Гэта, па выніку, і прывяло да таго, што тыранія зрабілася надзвычай не папулярнай (хоць наўрад ці менавіта гэта было непасрэднай мэтай тыраназабойцаў). Праз некалькі год пасля забойства Гіпарха спартанскія войскі выгналі Гіпіяса з Афінаў пад ухваленне саміх афінянаў. Але не спяшайцеся рабіць выснову, што нейкія знешнія сілы дапамогуць пазбавіцца дыктатуры. Хто ратуе дзевушку ад дракону, той яе і вячэрае. Спартанцы праз некаторы час вырашылі, што дэмакратычныя Афіны будуць надта небяспечнымі канкурэнтамі для Спарты. І паспрабавалі вярнуць тыранію Гіпіяса, выцягнуўшы яго з Персіі, дзе той хаваўся. Давялося грэкам цвёрда казаць, што больш тыранію яны на сваёй зямлі не пацерпяць. А спартанцам давялося гэтае цвёрдае слова пачуць. І прыняць яго.

Гіпіяс і ў далейшым спрабаваў вярнуць сабе ўладу. Ён прыняў удзел у персідзкім нашэсці на Грэцыю, якое было ну вельмі небяспечным і цяжкім выпрабаваннем для афінянаў. Шмат хто з іх далучыўся да ўзброенай барацьбы супраць персаў менавіта праз сваё нежаданне больш бачыць над сабой тыранаў. Сам Гіпіяс, кажуць, памёр у хуткім часе пасля знакамітай бітвы пры Марафоне. Але памёр, усё ж, сваёй смерцю, а не ад рукі народнага мсціўца.

Хоць пасля забойства Гіпарха тыранія толькі ўзмацнілася, а сам Гіпарх пры гэтым фігуруе ў антычных гісторыкаў зусім не як тыран, а як заступнік філосафаў і паэтаў, які стрымліваў свайго брата-тырана ў найгоршых ягоных памкненнях, грэкі зрабілі культ з Гармодыюса і Арыстагітона і іхняга ўчынку. У іхні гонар была створана знакамітая скульптурная група, якая адлюстроўвала парыў да свабоды праз зброю. Само забойства тыранаў зрабілася ў грэчаскай палітычнай філасофіі грамадзянскім абавязкам.

Тым ня менш, у далейшым у розных грэчаскіх полісах існавалі разнастайныя тыранічныя рэжымы. І мала хто з тых тыранаў зрабіўся ахвярай забойцаў, якія прагнулі свабоды. А смерці тых, хто ўсё ж рабіўся ахвярай замаху, часцяком не прыводзілі да вызвалення. Як і ў выпадку з забойствам Гіпарха, тыраназабойцаў чакала смерць, а тыранія рабілася яшчэ больш жорсткай.

Тыраназабойцы Гармодыюс і Арыстагітон. Рымская копія з грэчаскага арыгіналу. Неапаль, Нацыянальны археалагічны музей

Тыраназабойцы Гармодыюс і Арыстагітон. Рымская копія з грэчаскага арыгіналу. Неапаль, Нацыянальны археалагічны музей

Шчаслівы дыктатар

Рым таксама мае сваю гісторыю барацьбы з тыранамі. У той жа год, калі з Афінаў прагналі Гіпіяса, рымляне зверглі апошняга свайго цара (які кіраваў тыранічна, і родзічы якога таксама нарабілі шмат крыўды рымлянам). І хоць той, як і Гіпіяс, жыцця свайго пры гэтым не згубіў, і таксама спрабаваў вярнуць сабе ўладу, Рым на доўгі час зрабіўся рэспублікай. Пакуль у пачатку І стагоддзя да нашай эры гвалт у палітыцы (як ён туды пракраўся — асобная гісторыя) не нарадзіў першага рымскага тырана.

Ім быў Люцыюс Карнеліюс Сула па мянушцы “Фелікс” — “Шчаслівы”, які шчасліва і тыранічна кіраваў дзяржавай. Ён упершыню у рымскай гісторыі сілай зброі захапіў уладу ў Вечным Горадзе. Менавіта ён першым прыдумаў абвяшчаць сваіх палітычных праціўнікаў (ды й ня толькі іх) людзьмі па-за законам. Іхнія імёны ўносіліся ў адмысловыя спісы (праскрыпцыі), пасля чаго за забойства такіх людзей прызначалася ўзнагарода, а іхняя маёмасьць канфіскоўвалася. Гэтакі люстэркавы варыянт абавязку забіваць тыранаў. Ахвярамі праскрыпцыяў зрабіліся, па некаторых падліках, больш за тры тысячы чалавек. А колькі народу загінула ў грамадзянскіх войнах, распачатых Сулай, і казаць цяжка.

Тым ня менш, сам Сула ахвярай забойцаў не зрабіўся. Больш за тое, ён, урэшце, па сваёй уласнай волі адмовіўся ад улады (яшчэ адно прывітанне тым, хто верыць, што такога не бывае). Больш за тое, ён паабяцаў прадставіць апраўданні ўсім сваім дзеянням, калі нехта вырашыць падаць на яго ў суд. Праўда, да гэтага не дайшло. Прыблізна праз год пасля сваёй “адстаўкі” Сула памёр сваёй смерцю. І хоць некаторыя антычныя аўтары прыводзяць страшныя сімптомы хваробы, ад якой былы дыктатар пакутаваў у апошнія сваі дні, хутчэй за ўсё, смерць ягоная была куды менш пакутлівай. Аповеды пра гніючае цела і полчышчы вошай, якія літаральна грызлі цела былога дыктатара, з’яўляюцца спробай хоць крыху падагнаць сапраўдную гісторыю пад нашыя ўяўленні аб справядлівасці.

Сула сваёй дзейнасцю даў старт непрыхаванай узброенай барацьбы за ўладу ў Рыме. Пры гэтым былі як людзі, якія імкнуліся зрабіцца тыранамі, так і людзі, якія марылі тыраніі не дапусціць. І чамусці лічылі, што забойства тыранаў – самы надзейны дзеля гэтага спосаб.

У гэтым быў перакананы, напрыклад, Марк Юніюс Брут, які быў нашчадкам таго Брута, што быў лідэрам барацьбы супраць апошняга рымскага цара. І хоць продак не запляміў сябе забойствам, нашчадак вырашыў, што менавіта яно выратуе Рымскую рэспубліку. 15 сакавіка 44 году да н. э. ён і некалькі іншых змоўшчыкаў атакавалі Юліюса Цэзара, якога вінавацілі ў памкненнях да аднаўлення манархіі і тыраніі.

Калі справа была завершанай, Брут выйшаў да рымскіх сенатараў і, па некаторых пасведчаннях, прамовіў фразу: “Sic semper tyrannis!” (“Так заўжды з тыранамі!”) Што, па ягоным разуменні, мусіла гучаць канчатковым выракам тыранам і іхнім спробам падначаліць народ, і адначасова пазначаць трыюмфальнае вяртанне да Рэспублікі. Але ў рэчаіснасці ён анічога не прамовіў. А калі і прамовіў, дык ніхто яго не пачуў. Бо сенатары, якія былі ў шоку ад таго, што адбылося, узнялі гвалт і пачалі разбягацца хто куды.

Вызваленне праз забойства? Не

Залішне казаць, што забойства Цэзара ня выратавала рымскай рэспублікі. І забойствы іншых тыранаў, такіх як Калігула ці Нэрон, не вярнулі рымлянам свабоду. Відавочна, што для гібелі тыраніі аднаго забойства тырана зусім не дастаткова.

Гэта пацвярджаюць і больш блізкія да нас часы, нягледзячы на, часамі, на высокія пасады змоўшчыкаў і добрую падрыхтоўку замаху. Напрыклад, Рафаэль Трухільё, які з 1930 па 1961 быў дыктатарам у Дамініканскай Рэспубліцы, быў забіты ў выніку змовы генералаў. Але хоць сам замах быў добра падрыхтаваны і завяршыўся поспехам, да падзення дыктатуры ён не прывёў. Непасрэдныя ўдзельнікі змовы былі пакараныя смерцю (як і ў выпадку з іхнім далёкім папярэднікам Арыстагітонам, іх папярэдне падверглі катаванням), сотні іншых трапілі пад рэпрэсіі. Толькі праз некалькі месяцаў, пад ціскам з боку ЗША, дыктатуры сям’і Трухільё прыйшоў канец.

У памкненні пакараць тырана смерцю прысутнічае яшчэ адзін момант. Далёка не заўжды людзі бываюць салідарны ў пытанні: а каго лічыць тыранам, годным смерці? Даволі шмат, у тым ліку, і ад суайчыннікаў, даводзіцца чуць такія вызначэнні ў адрас самых розных людзей. Зразумела, што часцяком тыя, хто кідае іншым абвінавачанні ў тыраніі, нават у думках не ўспрымаюць свае пагрозы ўсур’ёз. Але заўжды могуць знайсціся людзі з разладам у галаве, якія ўспрымуць іх акурат як кіраўніцтва да дзеяння. Прычым, ніхто не прадкажа, супраць каго — абвінавачанага ці абвінаваўцы – будзе накіравана іхняе дзеянне. Вось накаціла нейкаму хлопцу ў Японіі пабачыць у асобе былога прэм’ера краіны Сіндза Абэ заступніка небяспечнай рэлігійнай секты. І 8 ліпеня 2022-га Абэ зрабіўся ахвярай “тыраназабойцы”.

Яшчэ адной характэрнай ілюстрацыяй таму можа служыць гісторыя аднаго з самых вядомых і шанаваных прэзыдэнтаў Злучаных Штатаў Амерыкі – Авраама Лінкальна. Сярод ягоных заслугаў – адмена рабства, перамога ў вайне з Канфедэрацыяй, мадэрнізацыя амерыканскай эканомікі. Ён, дарэчы, лічыў маральна апраўданым забойства тырана, ад улады якога народ працяглы час церпіць пакуты. Дык вось, Джон Уілкіс Бут застрэліў Лінкальна менавіта праз тое, што лічыўтаго тыранам. Па прызнані Бута, пасля стрэлаў у прэзідэнта ён прамовіў тую самую фразу:Sicsempertyrannis”. Бо ён быў перакананы ў неабходнасці вынішчаць тыранаў. Як і ў тым, што Лінкальн з’яўляўся адным з іх.

Нават калі смерць таго, хто лічыўся тыранам, суправаджалася падзеннем ягонага рэжыму (хоць, хутчэй, наадварот), гэта зрэдку прыносіла шчасце і спакой нацыям. 14 ліпеня 1958-га ў Іраку адбыўся вайсковы пераварот супраць маладога (23-гадовага) караля Файсала ІІ. Хоць сам кароль не адзначыўся аніякімі злачынствамі і нават загадаў сваёй гвардыі не ладзіць супраціў мяцежнікам, яго і чальцоў ягонай сям’і расстралялі ў той жа дзень у двары ягонага палацу. Ходзяць чуткі, што перад смерцю іх пасадзілі на кол, целы рассеклі на часткі, а галовамі потым гралі ў футбол. Шчасця іракцам гэта не прынесла. Праз некалькі год у краіне ўсталявалася дыктатура Садама Хусэйна. І нават ягоная смерць на шыбеніцы не пазбавіла краіну праблемаў.

Другі прыклад — прасавецкі кіраўнік АфганістануНаджыбула. Калі войскі талібаў сілай зброі зверглі ягоны рэжым, захопленага Наджыбулу вылягчалі, працягнулі па вуліцах Кабулу і павесілі. Афганцы радаваліся гэтаму як здзяйсненню сваіх самых запаветных мараў. Ці дапамагло гэта іхняй краіне?

Тое ж можна казаць і пра смерць Муамара Кадафі, да якой так любяць апеляваць нашыя аматары жорсткіх метадаў. Так, лівійцы задаволілі сваю прагу помсты тырану. Але трывалага міру і развіцця гэта не прынесла. Краіна прайшла ўжо праз дзве грамадзянскія вайны, і хоць у 2020-м было дасягнутае хісткае перамір’е, палітычны крызіс працягваецца (а разам з ім – эканамічны і сацыяльны). 

Смерць дыктатара, канечне, дае выйсце нянавісці і здавальняе прагу помсты. Але ці дастаткова гэта для таго, каб жыццё змянілася да лепшага? Ці вартае здавальненне прагі помсты і такое аднаўленне “справядлівасці” (ён забіваў, так трэба і яго забіць) тых праблемаў і той крыві, якія амаль непазбежна пральецца ў выніку? Ці вартае выйсце пачуццю нянавісці працяглага крызіса ў краіне?

Як бачым, гісторыя дэманструе, хутчэй, адваротныя вынікі. Магчыма, гэта адбываецца менавіта таму, што прага помсты і нянавісць — гэта акурат тыя пачуцці, якімі тыранія і харчуецца. Таму пры жаданні пазбавіцца дыктатуры варта ня даць гэтым пачуццям апанаваць сабой, хоць процістаяць ім неверагодна складана. А дзеля гэтага памятаць, што забойствя ды іншы гвалт — гэта наўпроставы шлях у пекла. Якое, у адрозненне ад Царства Нябёснага, досыць лёгка пабудаваць на зямлі.