Што вядома пра здарэнне з беларускім самалётам ва Украіне
З'яўляюцца новыя падрабязнасці пра здарэнне з беларускім самалётам ва Украіне. Еўрарадыё сабрала ўсе звесткі, якія вядомыя на сённяшні дзень.
Здарэнне адбылося ў пятніцу, 21 кастрычніка. Прэс-служба авіякампаніі «Белавія» ў той жа дзень паведаміла, што Боінг 737-800 выконваў рэйс В2-840 Кіеў — Мінск. З міжнароднага аэрапорта «Жуляны» ён выляцеў у 15.25, на борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу. Праз 11 хвілін, калі самалёт знаходзіўся ў 50 км ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі, украінскі дыспетчар з Кіева загадаў тэрмінова вярнуцца назад у «Жуляны», ён паведаміў, што прычыны паведамяць на зямлі. Паводле паведамлення прэс-службы авіякампаніі, «таксама было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі». Камандзір экіпажу Віктар Шышло ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь-1» гэта пацвердзіў. Паводле яго слоў, экіпаж мусіць выконваць каманды дыспетчара.
У 15.55 «Боінг» прызямліўся ў «Жулянах». Украінскія праваахоўнікі затрымалі аднаго з пасажыраў, грамадзяніна Арменіі. Пазней стала вядома, што гэта — вядомы актывіст «Антымайдана», крытык цяперашніх украінскіх уладаў, блогер Армен Мартырасян, які жыве ў Маскве. Праз дзве гадзіны яго вызвалілі і а 19-й гадзіне іншым рэйсам «Белавіі» ён выляцеў у Мінск. Цяпер Мартырасян кансультуецца з юрыстамі наконт інцыдэнта ва Украіне.
Пасля дазапраўкі самалёт «Белавіі» ў пятніцу ў 16.37 выляцеў у Беларусь. У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» ён прызямліўся ў 17.33. У той жа дзень беларуская авіякампанія заявіла, што мае намер патрабаваць з украінскага боку кампенсацыю за страты, нанесеныя ў сувязі з вяртаннем самалёта ў «Жуляны».
У суботу, 22 кастрычніка, у Міністэрства замежных справаў быў выкліканы часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун, якому ўручылі ноту пратэсту. У ёй адзначаецца, што ў Мінску чакаюць афіцыйных прабачэнняў Кіева. Таксама патрабуецца кампенсацыя ўсіх фінансавых затрат і выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку.
Тым часам прадстаўнік Службы бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук заявіў, што самалёт авіякампаніі «Белавія» вярнулі ў кіеўскі аэрапорт, каб пераканацца, што няма пагрозы бяспецы Украіны. Ён абверг інфармацыю пра тое, што пілоту пагражалі падняць знішчальнікі, назваў яе «абсурднай». Аднак намеснік гендырэктара «Белавіі» Ігар Чаргінец у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ падкрэсліў, што пагроза была і цяпер у Мінску вывучаецца аўдыёзапіс размовы экіпажу з украінскім дыспетчарам (гл. відэа).
Цалкам верагодна, што ўкраінскі бок заявіць пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў дыспетчарам і прынясе прабачэнні Беларусі за здарэнне з самалётам.
Паводле euroradio.fm