Танк як сігнал да перамір'я

І зноў падступны Захад падбіраецца да нашых межаў! Падбіраецца, падбіраецца, ды ўсё ніяк не падбярэцца. Лукашэнка зноў загаварыў пра ўзброеную эскалацыю на мяжы. Аднак на гэты раз не літоўскай, а польскай. І ўжо не з джыпамі, а з танкамі «Леапард».

zou8_62gwio.jpg


Відэазапіс фрагмента сустрэчы з генпракурорам Расіі Ігарам Красновым апублікаваў тэлеграм-канал «Пул першага». Разважаючы пра нелегальную міграцыю, пакуль яшчэ кіраўнік Беларусі заявіў, што «з нелегальнай міграцыяй палякі на мяжы з Беларуссю будуць змагацца з дапамогай танкаў "Леапард"». Напэўна, вы здзівіцеся такому. Але як змагацца з танкамі супраць мірных жыхароў, я не ведаю. Проста шукаюць любую нагоду, каб прасунуць свае войскі бліжэй да нашых межаў. Чытай — межаў Саюзнай дзяржавы», — лічыць Лукашэнка.

Ён выказаў гатоўнасць да далейшай эскалацыі сітуацыі. Паводле яго слоў, Расія таксама мае магчымасць умацаваць мяжу, аднак спачатку Варшава будзе папярэджаная. «Мы гэта ўсё бачым і, натуральна, будзем вельмі жорстка на гэта рэагаваць. Мы яшчэ пачакаем некаторы час, папярэдзім іх. Ну а потым у нас ёсць што прасунуць бліжэй да межаў. І ў нас, і тым больш у Расійскай Федэрацыі. Тут мы будзем дзейнічаць жорстка, не гледзячы ні на якую крытыку з іх боку. Мы ведаем, чаго яны хочуць», — сказаў ён.

Ваяўнічай рыторыкай Лукашэнкі нікога не здзівіць, гэта ўжо далёка не ў першы раз. Аднак ці значыць гэта, што ён сапраўды будзе рухаць «сёе-тое» да польскай мяжы?

Па-першае, нават неадмыслоўцу зразумела, што сучасная вайна змянілася. Яна праходзіць зусім не ў танкавай плоскасці. Узяць хоць бы той жа канфлікт у Нагорным Карабаху: дзесяцігоддзі Арменія і Азербайджан абменьваліся артылерыйскімі ўдарамі той ці іншай ступені інтэнсіўнасці, абвінавачваючы адно аднаго ў парушэнні мірных дамоўленасцей. Але «гарачы канфлікт» у выніку вырашылі не танкі і гарматы, а турэцкія беспілотнікі. Тут рухай «сёе-тое», не рухай — вынік будзе аднолькавым.

Па-другое, дзіўна, на чым трымаецца ўпэўненасць Лукашэнкі, што Расія будзе нешта рухаць да польскай мяжы. Пакуль яшчэ Беларусь — гэта суверэнная дзяржава, і рух расійскіх войскаў па яе тэрыторыі некалькі ўскладнены. Нават ва ўмовах агульнага вайсковага блоку — АДКБ. Таму што дапамога саюзніку прадугледжваецца толькі ў выпадку непрыхаванай вайсковай агрэсіі ў яго бок (што, дарэчы, не дапамагло Арменіі у тым жа Карабахскім канфлікце).

Ну і па-трэцяе, вядома, цяпер далёка не тая сітуацыя, каб Расія праз Лукашэнку «бадалася» з NATO. Наадварот, цяпер як ніколі Расіі патрэбная стабільнасць у рэгіёне. Таму што цана на газ у Еўропе зашкальвае, а да ўключэння ў працу «Паўночнага патоку-2» ёй зусім не ў тэму спыненне транзіту газу па беларускай тэрыторыі. А гэта непазбежна здарыцца ва ўмовах збройнага канфлікту.

Я думаю, што ў Расіі гэта разумеюць вельмі добра. Таму на ваяўнічую рыторыку Аляксандра Лукашэнкі там адрэагуюць з іранічнай усмешкай.

Безумоўна, словы Лукашэнкі пра «пагрозу з Захаду» накіраваныя не на ўнутранага слухача, а на вонкавага, і нездарма ён размаўляў пра гэта з расійскім генпракурорам. Проста Лукашэнка чарговым разам спрабуе прадаць сябе Расіі як адзінага «абаронцу» заходніх расейскіх межаў ад вонкавага ўварвання. Ход не новы, ён ужо набіў аскому, і гэтая пласцінка даўным-даўно заезджаная. Але чаму б, у адсутнасць іншых аргументаў, не паспрабаваць прасунуць яе яшчэ раз?

Відавочна, што Лукашэнка па-свойму рыхтуецца да перамоў з Пуціным. Прычым да перамоў зусім не па запланаваным на 4 лістапада Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы. Пакуль беларускі кіраўнік расцякаўся думкаю перад расійскім генпракурорам, Крэмль паведаміў, што ВДС пройдзе ў фармаце тэлеканферэнцыі. А значыць, там складана будзе нешта ўрачыста падпісаць.

Верагодней за ўсё, ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі — гэта сігнал Маскве да перамір'я. Ужо занадта «заіскрыла» ў беларуска-расійскіх адносінах у медыйным плане. Спачатку на беларускага партнёра наязджае НТВ, потым «зліваюцца» даныя УЦДГМ, якія сведчаць пра нізкую народную падтрымку тых, хто называе сябе беларускай уладай, потым беларуская прапаганда пераходзіць на асобы і «праязджае» непасрэдна па Уладзіміры Уладзіміравічы Пуціне з яго «бункерам» і «ботаксам».

А ў адказ — інтэрв'ю Ціханоўскай на «Эхо Москвы». Як сігнал Лукашэнку: «Мы знойдзем, з кім дамаўляцца, і без цябе».

Што на гэта можа адказаць «прэзідэнт сілавікоў»? Вядома, толькі апеляваць да іх жа, сілавікоў. Але паколькі ні ў «Эхо Москвы», ні ў НТВ не зашлеш брыгаду ГУБАЗіКа, то застаецца толькі выкарыстоўваць рэсурс галоўнакамандуючага: «пасунуць сёе-тое куды-небудзь» з армейскай маёмасці.

Так, пакуль Лукашэнка кантралюе войска, ён можа заяўляць Маскве, што менавіта ён з'яўляецца гарантам бяспекі заходніх межаў. Усё-ткі ён галоўнакамандуючы. Але падобна, што іншых аргументаў у размове з усходнім «саюзнікам» у яго проста не засталося. Больш няма чым даказаць сваю карысць.

Таму ваяўнічая рыторыка ў дачыненні да Захаду і падкрэсліванне «выканання саюзніцкага абавязку», — гэта просты пасыл Крамлю: «Давайце мірыцца». Як і яго ж заявы, што, маўляў, гэта «дрэнныя СМІ» ўбіваюць клін паміж ім і Пуціным.

Хоць варта паглядзець, хто ж кантралюе гэтыя «дрэнныя СМІ». У расійскім выпадку (НТВ і «Эхо») — гэта «Газпром медыя», якое наўрад ці чхне без дазволу Крамля. А ў беларускім — дзяржаўныя прапагандысты, якія таксама не высмаркаюцца без дазволу «зверху».