Лідары дэмакратычных сіл Беларусі просяць ЕС даць Беларусі мільён доз вакцыны ад COVID-19
Лідары дэмакратычных сіл Беларусі выступілі з сумеснай заявай, у якой распавялі, што накіравалі ліст кіраўніцтву краін Еўрасаюза і арганізацыі COVAX з заклікам аказаць Беларусі дапамогу і прадставіць як мінімум мільён доз вакцыны ад каронавіруса.
Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Таццяна Хоміч, Валерый Кавалеўскі і Андрэй Ткачоў запісалі сумеснае відэа, у ім яны распавялі пра свой зварот па дапамогу, і папрасілі беларусаў «насіць маскі, прышчапляцца даступнай вакцынай, пазбягаць публічных месцаў, па магчымасці заставацца дома і берагчы сябе», піша REFORM.by.
У заяве сказана, што ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі спатрэбіцца толькі прыняць дапамогу.
Нагадаем, учора Лукашэнка заявіў, што не бачыць сэнсу завозіць у Беларусь заходнія вакцыны ад COVID-19. Найперш з-за таго, каб яго апаненты не мелі магчымасці выехаць за мяжу.
«Нам падкідваюць вось гэтыя оппы ідэю: завязіце “Пфайзер”, хай будзе, “Джонсан-Джонсан”, там, “Мадэрна” і іншае ... Для чаго? Каб яны маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды, да сваіх, атрымліваць інструкцыі. Каб выехаць на Захад — вось для чаго ім трэба. Едзьце туды і там вакцынуйцеся», — сказаў ён.