Святлана Ціханоўская: Тыя, хто знаходзяцца цяпер ва ўладзе ў Беларусі, разумеюць, што палітыка аднаго чалавека вядзе ў прорву

Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю, якое выйшла на сайце выдання «Эхо Москвы» выказалася пра стасункі з Расіяй і пра выхад з палітычнага крызісу ў Беларусі.

photo_2021_07_17_17_22_01.jpg


«Мець такога партнёра для Расіі вельмі нявыгадна — абсалютна непразрыстага. Раней Лукашэнка гуляў паміж Захадам і Усходам, цяпер гэта немагчыма, таму што заходнія краіны выступілі супраць беззаконня і гвалту. Беларусь стала рэгіёнам пастаяннага канфлікту, а нам хацелася б, каб Крэмль адыграў канструктыўную ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ў Беларусі. Мы хочам працягваць стасункі з Расіяй, мы ж нікуды ад вас не падзенемся, як і вы ад нас. Нам трэба працягваць нашы эканамічныя і прамысловыя адносіны. Але з нелегітымным прэзідэнтам гэта проста немагчыма, кожнае яго рашэнне не мае ніякай юрыдычнай сілы. Каб захаваць нармальныя адносіны з Беларуссю, трэба прыняць волю беларускага народа», — прыводзіць вытрымкі з інтэрв'ю REFORM.by.

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў удакладніў: у выпадку паспяховага транзіту ўлады, ці будуць прызнаныя крэдыты і бонусы, якія пад подпіс Лукашэнкі давала Масква.

«Усё, што падпісвалася паміж рэжым і іншымі краінамі пасля 9 жніўня можа быць перагледжана, калі гэтыя дамоўленасці шкодзяць Беларусі як краіне» — адказала Ціханоўская.

Сярод іншага Венядзіктаў пацікавіўся, якім яна бачыць транзіт улады.

«Тыя, хто знаходзяцца цяпер ва ўладзе ў Беларусі разумеюць, што палітыка аднаго чалавека вядзе ў прорву, і ў рэжыме ўжо ідуць працэсы незадаволенасці палітыкай Лукашэнкі. І вось гэты ціск прывядзе да таго, што будуць непазбежныя перамовы. Перамовы паміж уладай, якая ўтрымліваецца з дапамогай гвалту і беларусамі, дэмакратычнымі сіламі. У нас створаны Каардынацыйны савет, прадстаўнікі якога могуць удзельнічаць гэтых перамовах, і на гэтых перамовах мы абмяркоўваем, як адбываецца транзіт улады, хто становіцца ля стырна на транзітны перыяд, якім чынам будзе арганізавана кіраванне дзяржавай пасля новых выбараў. ...Асноўная ўмова для перамоваў — спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў», — сказала яна.

«Перамовы з Лукашэнкам», — удакладніў Венядзіктаў у эфіры.

«Перамовы з ключавымі фігурамі ва ўладзе. ...Калі так здарыцца, што ён будзе за вобразным сталом перамоваў, то прыйдзецца перагаворвацца. Але існуюць такія пляцоўкі, як АБСЕ, напрыклад, і на іх могуць быць прадстаўнікі рэжыму, дэмакратычных сіл. Я лічу, што ў дваццаць першым стагоддзі гэта самы дзейсны і мірны спосаб змяніць уладу», — адзначыла Ціханоўская.