Сівіцкі: Мы набліжаемся да новага крызісу ў адносінах Мінска і Масквы

Апошнія падзеі ў беларуска-расійскіх адносінах пакідаюць шмат пытанняў, даць адказы на якія бакі пакуль не спяшаюцца.

neft2_121.jpg


«Філін» паразмаўляў з палітычным аналітыкам Арсенем Сівіцкім пра тое, куды рухаюцца Масква і Мінск. І ці атрымаецца бакам прыйсці да адзінага меркавання перад падпісаннем саюзных праграм.

Галоўнае пытанне, якім цяпер задаюцца эксперты — ці быў спланаваны выпад у дачыненні да Пуціна на беларускім ТБ, а таксама сліў сацыялагічных дадзеных УЦДГМ, ці гэта была выпадковасць.

— Мне здаецца, што гэта не выпадковасць, — кажа Арсень Сівіцкі. — Па сутнасці, мы набліжаемся да новага крызісу ў адносінах Мінска і Масквы. І гэты крызіс абумоўлены тым, што Мінск так і не змог вырашыць задачу абмену сваёй геапалітычнай лаяльнасці на фінансавую і палітычную падтрымку з боку Крамля.

А з іншага боку — Мінск не пераканаў Крэмль адмовіцца ад планаў па ўмяшанню ва ўнутраныя справы праз навязванне параметраў транзіту ўлады.

Масква не адмаўляецца ад першапачатковых планаў выкарыстаць беларускі крызіс для кіраванай змены рэжыму.

Супярэчнасці гэтых пазіцый не былі знятыя ў выніку папярэдніх перамоваў Лукашэнкі і Пуціна. Цяпер гэтыя супярэчнасці выходзяць з-пад кантролю. У выніку Мінск ідзе на эскалацыю, каб прыцягнуць увагу з боку Масквы, і дамагчыся новай сустрэчы.

Крэмль адказвае злівам звестак сацапытанняў і інтэрв'ю Ціханоўскай «Эху Москвы», якое з'яўляецца нефармальным каналам уплыву Крамля. Усё гэта з'яўляецца прадвеснікам новага крызісу.

— Але ці можа беларускі бок, ва ўмовах замаразкі стасункаў з Захадам, дазволіць сабе канфрантацыю і з Расіяй?

— Беларуская ўлада ўвязалася ў рызыкоўную гульню. Трэба ўлічваць, што Крэмль ад самага пачатку планаваў умяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі. Спачатку пад падставай прэзідэнцкіх выбараў, а потым — палітычнага крызісу.

Цяперашнія паводзіны адлюстроўваюць псіхалогію беларускіх уладаў, якія знаходзяцца ў такой абкладзенай крэпасці. Яны эскалуюць стасункі як з Расіяй і Захадам, але ў іх няма рэсурсаў гэтую эскалацыю кантраляваць.

Я не выключаю, што сённяшняя напружанасць можа быць часткай гульні, якая накіравана на вяртанне да шматвектарнага балансавання. І, каб паслаць сігнал Захаду, трэба агаліць супярэчнасці з Расіяй. Мінск неаднаразова ўжываў гэты прыём. Але ў цяперашніх геапалітычных умовах ён можа не спрацаваць.

Заходнія сталіцы замест дыялогу з Лукашэнкам могуць пайсці ўсталёўваць кантакты з Масквой для супольнага развязання беларускага палітычнага крызісу.

У цэлым, было чакана, што да канца 2021 года супярэчнасці паміж Мінскамп і Масквой дойдуць да такога крызісу. Для гэтага ёсць мноства перадумоў. Галоўнае — Лукашэнка так і не выканаў «сочынскія дамоўленасці» верасня 2020 года.

Плюс да ўсяго санкцыйны ціск ператварае беларускі рэжым у таксічны актыў для Расіі. Ёсць рызыка, што з наступнага года заходнія санкцыі супраць Беларусі будуць распаўсюджаныя і на Расію.

У Масквы абмежаваны ліміт часу па прымусе Лукашэнкі да палітычных трансфармацый. Той фармат, які выбралі беларускія ўлады, з захаваннем моцнай прэзідэнцкай рэспублікі, хутчэй за ўсё стане пралогам да новага сістэмнага крызісу.

Справа ў тым, што рэферэндум не вырашае праблемы легітымацыі беларускага рэжыму як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне, у тым ліку і для Крамля. Масква зацікаўленая, каб Беларусь стала парламенцкай або парламенцкай-прэзідэнцкай рэспублікай. Гэта значыць павінна быць дэмакратызацыя сістэмы, а не кансервацыя, як прапануецца ўладамі цяпер.

— Яшчэ адна важная тэма — гэта будучае пасяджэнне дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, дзе павінна адбыцца падпісанне 28 саюзных карт. Ці ёсць шанцы, што нічога падпісана так і не будзе?

— Я не здзіўлюся, калі праграмы не падпішуць. І звязана гэта з тым, што Мінск не змог канвертаваць свой подпіс пад дакументамі ў фінансавую падтрымку Крамля.

Падпісанне не дае ніякіх прывілеяў Беларусі з пункту гледжання захавання прэферэнцыйных сістэм паставак расійскіх энерганосьбітаў, не дае безбар'ернага доступу на расійскі рынак. Больш за тое, нават выкананне саюзных праграм не гарантуе гэтага ў будучыні.

Расія таксама не вельмі зацікаўленая ў падпісанні гэтых карт. У прыярытэтах Расіі — інтэграцыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, усе асноўныя актыўнасці па адзіным рынку энерганосьбітаў адбываюцца менавіта ў тым напрамку.

Уявіце, канцэпцыя адзінага рынку газу ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза будзе распрацавана раней, чым у рамках саюзных праграм! Таму гэтыя праграмы губляюць сэнс для абодвух бакоў.