Пётр Кузняцоў: «Гэта быў вельмі важкі сігнал афіцыйнаму Мінску»

Калі аднесці інтэрв'ю Ціханоўскай «Эху» да жанру «медыйнай дыпламатыі», то яно ў відавочны плюс прыхільнікам пераменаў, мяркуе аналітык.

9b5cc5e246f6775adc7220be720d575c.jpg


— Цалкам чакана інтэрв'ю бачыцца не чыста медыйнай падзеяй, а больш палітычным кейсам, — піша Пётр Кузняцоў. — Венядзіктаў, па-першае, прама кажа, што выказванні Ціханоўскай прачытаюць людзі, да якіх яна, магчыма, і звяртаецца. Па-другое, ён задае шэраг вельмі прынцыповых пытанняў, пры гэтым падкрэслівае, што размаўляе з ёй, як з лідаркай дэмакратычных сіл у цэлым.

Гэта значыць, адказы на гэтыя пытанні і іх трактоўкі і маюць на ўвазе некаторае агульнае ўражанне. Па-трэцяе, ён размаўляе з ёй з пазіцыі не абстрактных разважанняў, а вельмі канкрэтна і прагматычна, шматкроць падкрэсліваючы моманты цікавасці Расіі. Гэта значыць, ён ставіць яе ў рамкі: «Расія — вось такая, ад вашых пажаданняў у нас нічога не зменіцца, і што вы збіраецеся з гэтым усім рабіць?»

І я б сказаў, што, нягледзячы на анансаваны «народны» характар інтэрв'ю, тыпу «накідайце пытанняў» і заявы, што размова будзе для расійскай шырокай аўдыторыі, характар некаторых паднятых тым вельмі далёкі ад інтарэсаў абывацеля.

У некаторых момантах складваецца ўражанне, што Венядзіктаў спрабуе Ціханоўскую троліць, ці хаця б выставіць у непрывабным святле, як, напрыклад, у тэме пра заклікі да санкцый. На самой справе, гэта не зусім так. Галоўны рэдактар «Эха» — сапраўдны медыйны і воўк, і ліса ў адным твары. Калі б перад ім была задача выставіць яе ў нявыгадным святле, яна была б вырашана без праблем. На справе ж, ён вядзе гутарку так, што, задаючы вострыя пытанні, дае ёй дастаткова магчымасцяў выходзіць з іх з высока паднятай галавой.

І асобным пунктам у сувязі з апошнім адзначу, што адным банальным пытаннем «чый Крым?» Ціханоўскую можна было вельмі выразна і востра рубануць як палітыка. Таму што адказ «украінскі» аўтаматычна закрываў бы для яе расейскі вектар палітыкі (і так не моцна адкрыты, але ў тэорыі ўсё ж яшчэ магчымы), а адказ «расійскі» стаў бы моцным ударам па іміджы прынцыповага дэмакратычнага палітыка. Сыход ад адказу стаў бы найгоршым рашэннем з усіх бакоў. Аднак такога пытання не прагучала. І гэта можа шмат пра што гаварыць.

Асобна хочацца сказаць некалькі слоў пра паводзіны і адказы Ціханоўскай.

Прычапіцца, калі б хацелася, абсалютна няма да чаго. У адказ на выстаўленую рамку «Расія — такая, і Крэмль — такі», яна выбудоўвае сваю прынцыповую рамку: «Ёсць інтарэсы Беларусі». Адначасова яна прамаўляе важны стратэгічны момант: «Мы нікуды адзін ад аднаго не падзенемся». Ёй удаецца адсекчы ўсе магчымыя падазрэнні ў русафобіі, пераканаўча спасылаючыся на настроі беларускага грамадства, якія могуць быць дзесьці не вельмі прарасійскімі, але і антырасійскімі дакладна не з'яўляюцца.

І на гэтым фоне пераканаўча гучыць галоўны яе мэсэдж, які ў інтэрв'ю быў і прагавораны, і прыняты абодвума бакамі (гэта важна, таму што размова праходзіла не ў фармаце допыту або апытання, а, хутчэй, у фармаце абмену думкамі): пры тым, што ў Беларусі няма русафобіі, што мы нікуды адзін ад аднаго не падзенемся, што ў абодвух бакоў ёсць інтарэсы — супрацоўніцтва ўсё роўна выйграе, таму што існуючы фармат — зусім не варыянт. Ён супярэчыць і інтарэсам беларускага народа, і інтарэсам Расіі, паколькі ніякія прынятыя цяпер дамоўленасці беларусамі ў будучыні прынятыя не будуць.

Кароткае рэзюмэ. Калі сапраўды аднесці інтэрв'ю да жанру «медыйнай дыпламатыі», то яно ў відавочны плюс прыхільнікам пераменаў. Ціханоўскую не спрабавалі знішчыць, Ціханоўскай абмалявалі атрымальнікаў яе мэсэджа, перад Ціханоўскай паставілі шэраг стратэгічных і прынцыповых пытанняў.

Ціханоўская была на належным узроўні і здолела выйсці на досыць кампрамісную для абодвух бакоў рыторыку.

Пры мінімалістычным раскладзе, гэта быў проста сігнал афіцыйнаму Мінску, але нават калі так, гэта быў вельмі важкі сігнал. Пры аптымістычным раскладзе, інтэрв'ю можна разглядаць нават як папярэднія «агледзіны» патэнцыйнага боку дыялогу.

Так што, як бачым, працэсы, як ні круці, ідуць.