Пётр Кузняцоў: Мяркуючы па тым, што прарываецца наверх, адбываецца нешта вельмі сур'ёзнае

Заснавальнік «Моцных навін», аналітык Пётр Кузняцоў асэнсоўвае паведамленне галоўрэда «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава пра «магчымае» інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай.

06_kuznetsov_rv7nb_logo_1.jpeg


— Гэтае расійскае медыя не з'яўляецца адным з самых адыёзных, хутчэй, наадварот, яно досыць ліберальнае — піша Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале. — Аднак тое, што радыёстанцыя напрамую звязана з «Газпрамам», — сакрэт палішынеля. З той жа оперы сакрэт, з кім звязаны «Газпрам».

Як медыйшчык я вельмі добра разумею, што інтэрв'ю ў пэўных СМІ і з пэўнымі ўдзельнікамі — гэта такі своеасаблівы жанр дыпламатыі. Ні да чаго не абавязвае, але як бы намякае. Тым больш, Аляксей Венядзіктаў нават не сказаў, што размова абавязкова будзе, пакуль яна «магчымая». І гэтым «магчыма» на адпаведнай мове Масква відавочна дае зразумець Мінску: магчыма многае.

Няма сумневаў у тым, што сённяшні анонс — працяг распачатай медыйнай сутычкі паміж Мінскам і Крамлём.

Дык вось, мяркуючы па ўсім, у Крамлі на асобы вырашылі не пераходзіць, а дзейнічаць выключна ў палітычным рэчышчы. Таму што тое, што адбываецца, вельмі цяжка разумець інакш, як практычна прамы палітычны сігнал.

Наогул, у беларуска-расійскіх стасунках апошнім часам адбываецца вельмі шмат усяго: гэта і вельмі дзіўная «злітая» беларуская сацыялогія УЦДГМ, з якой можна рабіць якія заўгодна высновы, — але ўсе яны будуць не на карысць як Лукашэнкі, так і Пуціна, прытым першапрычынай такога ўзаемнага фэйла бачыцца якраз існуючы статус-кво, у якім другі падтрымлівае ва ўладзе першага.

Гэта і канфлікт вакол «Камсамолкі», і інфармацыйная «заруба», якую мы апошнім часам назіраем.

Ніякіх сумневаў у тым, што ўсё пералічанае — толькі вяршыня айсберга, няма. Самае галоўнае адбываецца за кулісамі, і мы гэтага не бачым. І, мяркуючы па тым, што прарываецца наверх, адбываецца нешта вельмі сур'ёзнае і вострае для абодвух бакоў.

Тут самі сабой напрошваюцца некаторыя здагадкі. У прыватнасці, немагчыма абысці ўвагай рэферэндум, які павінен хутка адбыцца. І ад якога Масква на пачатковым этапе, мяркуючы па зробленых заявах, чакала ледзь не трансфармацыі ўсёй беларускай палітычнай сістэмы, а вось Мінск на этапе «тут і цяпер», мяркуючы па ўсім, і блізка не падышоў да разумення таго, што павінна атрымацца «на выхадзе».

Адзінае, да чаго ён прыйшоў, — да разумення, што ў сутнасці сваёй у краіне не павінна змяніцца нічога.

Фундаментальныя супярэчнасці паміж Пуціным і Лукашэнкам існавалі вельмі даўно. Не лішнім будзе ўспамінаць, на якой высокай антырасійскай ноце беларускі кіраўнік праводзіў кампанію 2020 года. Да пэўнага моманту беларуская ўлада ў той перыяд абаранялася менавіта ад нейкіх расійскіх пагроз, пра якія, мяркуючы па ўсім, была дасведчаная лепш за нас.

Пуціну пасля жніўня-2020 было вельмі зручна падтрымаць Лукашэнку проста таму, што ўсё выглядала так, што той у яго ў руках і «нікуды не падзенецца». І можна надыктаваць патрэбны табе фармат развіцця сітуацыі, і ўсё будзе так, «як трэба». У Мінску ж гэтую падтрымку выкарыстоўвалі для таго, каб выйграць час, задушыць пратэст і адчуць сябе больш упэўнена.

І цяпер, мяркуючы па ўсім, сітуацыя заходзіць на чарговы круг. Які можа прывесці да чаго заўгодна.