НТВ атакаваў Лукашэнку, СТВ — Пуціна. Паміж афіцыйным Мінскам і Крамлём — маленькая інфармацыйная вайна

Эксперты НТВ прыйшлі да высновы, што кіраўнік Беларусі занадта дорага абыходзіцца Расіі і стварае для яе лішнія праблемы. Масква паслала сігнал беларускаму кіраўніку, які зацягвае выкананне абяцанняў.


На тыдні ў праграме «Месца сустрэчы» на НТВ шмат увагі надалі дзеянням Лукашэнкі. Прычым кіраўніка Беларусі жорстка раскрытыкавалі, піша Салідарнасць. Лукашэнку абвінавацілі і ў інспіраванні крызісу з нелегальнымі мігрантамі на межах з Еўрасаюзам, і ў правядзенні палітычных рэпрэсій унутры краіны.

Запрошаныя эксперты прыйшлі да высновы, што кіраўнік Беларусі занадта дорага абыходзіцца Расіі і стварае для яе лішнія праблемы.

У адказ вядучы дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Яўген Пуставой у сваёй перадачы «Палітыка без гальштукаў і купюр» параўнаў Лукашэнку з лідарамі іншых краін, якія, як ён выказаўся, падчас пандэміі каронавіруснай інфекцыі хаваюцца па бункерах.

Як заявіў Пуставой, Лукашэнка «не хаваўся ад народу па бункерах, а ад міністраў і журналістаў з дапамогай тэлеканферэнцый». Таксама, паводле яго слоў, у Беларусі «абышлося без лакдаўнаў, без бяздумнага каранціну». У яшчэ адной рэпліцы пра Лукашэнку Пуставой адзначыў, што ў таго «бяссонныя ночы і перажыванні адбіваліся на твары. Ботаксам не карыстаецца», адзначае Радыё Свабода.

Прозвішчаў тых, з кім параўноўваецца Лукашэнка, Пуставой не назваў, але згадкі «бункера» і «ботаксу» нярэдка гучаць у выказваннях расійскіх апазіцыянераў пра прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У перыяды абвастрэння сітуацыі з эпідэміяй у Расіі — такіх, як цяпер — Пуцін амаль не праводзіць публічных мерапрыемстваў, аднак праводзіць нарады з дапамогай тэлеканферэнцый. Кабінет без вокнаў, у якім знаходзіцца Пуцін, пры гэтым параўноўваюць з бункерам.

Беларускі эксперт Ягор Лебядок у інтэрв'ю каналу BalaganOFF адзначыў, што пакуль яшчэ «лёгкія ўкусы» з боку «расійскай прапаганды» не выпадковыя. Па яго меркаванні, да анансаванага падпісання пакета з 28 саюзных праграм па паглыбленні інтэграцыі 4 лістапада застаецца менш за два тыдні, але Лукашэнка «спрабуе ўсё спусціць на тармазах».

Газета «Коммерсант» паведаміла, што бакі пакуль не гатовыя падпісаць дакументы.

Лебядак нагадаў, што нягледзячы на абяцанне ніхто так і не ўбачыў змест саюзных праграм, «выклалі толькі бездапаможныя тэзісы».

Эксперт звярнуў увагу, што прэзідэнт Расіі не прыляцеў на нядаўні саміт СНД і ЕАЭС у Мінск: «Пуцін не прыедзе ў Беларусь, пакуль у яго не будзе нейкай перамогі — хоць бы дробнай. Падпісанне інтэграцыйных карт стала б перамогай, якую ён мог бы адсвяткаваць. Для расійцаў важная фармалізацыя дамоўленасцяў».

Тым часам Лукашэнка тармозіць не толькі падпісанне саюзных праграм, але і канстытуцыйную рэформу, правядзенне якой ён абяцаў Маскве. Хоць рэферэндум па ёй павінен адбыцца ўжо ў лютым.

Лебядок патлумачыў пазіцыю кіраўніка Беларусі: «Лукашэнку няма сэнсу прадаваць інтэграцыйныя карты і рэферэндум адначасова. Ён спрабуе адцягнуць, спадзяючыся, што нешта здарыцца — можа, у Расіі пачнуцца нейкія праблемы».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: