Святлана Ціханоўская ў эфіры «Эхо Москвы»: пакуль баюся ехаць у Расію, бо беларусаў экстрадуюць вельмі лёгка
Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю радыёстанцыі «Эхо Москвы» паразважала пра плён заходніх санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння, а таксама ацаніла перспектывы дыялога ўлады і апазіцыі. Некаторыя тэзісы інтэрв'ю прыводзіць «Свабода».
![d12b3d74_1c9c_4d07_a03a_ebd945a7d2dc_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg d12b3d74_1c9c_4d07_a03a_ebd945a7d2dc_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/d12b3d74_1c9c_4d07_a03a_ebd945a7d2dc_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра рэвалюцыю
Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю «Эхо Москвы» выступіла супраць рэвалюцыйнай змены ўлады ў краіне:
«Я супраць такога сцэнара, я яго не падтрымліваю. Мабыць,
ува мне гаворыць жанчына, у першую чаргу. І я разумею, што пры такіх падзеях
ахвяры непазбежныя, шматлікія ахвяры, асабліва калі рэжым Лукашэнкі гатовы
страляць. А мы ведаем, што яны гатовы забіваць людзей. Таму я не хацела б
ахвяраваць беларусамі ў такім захопе».
Пра санкцыі
«Санкцыі маглі б мець нашмат большы эфект, калі б прадстаўнікі рэжыму не маглі прыехаць у Расію і ўзяць крэдыты. А яны могуць. Таму давайце задамо пытанне прадстаўнікам Крамля: ці вартае яно таго?» — сказала Святлана Ціханоўская.
З яе пункту гледжання, новы чалавек ва ўладзе на аснове
ўзаемавыгаднай і адкрытай пазіцыі толькі палепшыць гандлёвыя, эканамічныя
адносіны Беларусі з Расіяй. «Чаму ў Маскве думаюць, што пасля Лукашэнкі ўсё
будзе кепска?» — перапытала яна.
Пра Пуціна
Таксама Святлана Ціханоўская паразважала, ці можа прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін стаць мадэратарам размовы паміж ёй і Лукашэнкам або яго прадстаўніком.
«Вядома, можа, як і прадстаўнікі іншых краін. Дзеля таго,
каб дамоўленасці, якія будуць выказаныя на перамовах падчас дыялога, усімі
прымаліся і былі, прадстаўнікі іншых краін, якія гэта фіксуюць, каб далей не
ўзнікала пытанняў».
Пра Расію
Сама Святлана Ціханоўская ў адказ на пытанне, ці баіцца яна прыязджаць у Расію, адказала, што так.
«Пакуль што баюся, бо была там аб’яўленая ў вышук. Вядома,
пагроза арышту застаецца — беларусаў, якія выехалі на тэрыторыю Расіі,
экстрадуюць вельмі лёгка».
Пра памылкі
Журналісты «Эхо Москвы» таксама пацікавіліся, ці можна было зрабіць штосьці інакш падчас пратэстаў пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў.
«Напэўна, па-іншаму было нельга. Мы рабілі, не хачу казаць
слова "рэвалюцыя", але так і ёсць, зыходзячы з бягучых падзей. Адзінае, чаго
недаацанілі ў той момант, — гэта неадэкватнасць улады. Я, слова гонару, была
ўпэўненая: так званая ўлада ўбачыць сотні тысяч людзей на вуліцах і зразумее,
што час ужо весці дыялог з беларусамі, а не ўтрымліваць уладу сілай. Прымаць
рашэнні для людзей, а не для аднаго чалавека».
Пра новыя выбары
Святлана Ціханоўская заявіла, што не плануе больш балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах — найперш таму, што не мае палітычных амбіцый. На яе перакананне, шмат вартых людзей, якія здольныя ўзяць на сябе кіраўніцтва краінай.