Літва падоўжыць мандат на ўдзел арміі ў ахове мяжы з Беларуссю


Рашэнне аб удзеле літоўскіх вайскоўцаў
у ахове мяжы з Беларуссю будзе падоўжанае
на час крызіснай сітуацыі.


Пра гэта ў аўторак у эфіры нацыянальнага радыё LRT заявіў міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас, паведамляе АФН са спасылкай на ТАСС.

«Узгоднены перыяд дапамогі арміі памежнікам заканчваецца ў кастрычніку. Ён будзе падоўжаны яшчэ на некалькі месяцаў. У прынцыпе такі парадак захаваецца да таго часу, пакуль у краіне дзейнічае рэжым экстрэмальнай сітуацыі ў сувязі з нелегальнай міграцыяй», — сказаў ён.

Кіраўнік абароннага ведамства не выключыў, што да дапамогі памежнікам будзе прыцягнута больш вайскоўцаў. «Накіруем столькі вайскоўцаў, колькі будзе неабходна, гатовыя павялічваць сваю прысутнасць у раёне мяжы. Патрэба ў асабістым складзе усталёўваецца пры ўдзеле памежнай службы», — адзначыў міністр.

У канцы верасня Анушаўскас заяўляў, што літоўская армія накіравала на мяжу з Беларуссю ў дапамогу Службе аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы каля 1,2 тыс.вайскоўцаў. У сярэдзіне кастрычніка міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ паведаміла, што ўдзел арміі ў ахове мяжы будзе ўзмоцнены, дадатковая колькасць складзе да 64 вайскоўцаў у суткі.

Частка камандзіраваных вайскоўцаў — да 150 чалавек — задзейнічаная на працах па будаўніцтве загароды на мяжы. Большасць сумесна з пагранічнікамі ўдзельнічае ў патруляванні і ахове месцаў размяшчэння нелегальных мігрантаў.

З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. У Вільні лічаць, што міграцыйны крызіс справакаваны Мінскам, і называюць гэта гібрыднай атакай на Літву за палітычную лінію па падтрымцы беларускага народа.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: