У інтэрнэце з'явіліся закрытыя даныя сацапытанняў у Беларусі для МЗС Расіі
Цэнтр «Дасье Чарнова» заяўляе, што гэта сапраўдныя даныя апытання, адзначае «Еўрарадыё».

У інтэрнэт «злілі» закрытыя апытанні дзяржаўнага Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі ў Беларусі для расійскага МЗС. Пры гэтым варта адзначыць, што УЦВГМ не мае ліцэнзіі на правядзенне палітычных апытанняў у Беларусі.
Па выніках апытання Ціханоўская, Бабарыка і Калеснікава
лідзіруюць у спісе палітыкаў, да якіх беларусы ставяцца лепш за ўсё. З замежных
палітыкаў беларусы найбольш добра ставяцца да Меркель.
З ліку мясцовых палітыкаў беларусы горш за ўсё ставяцца да
Качанавай, Лукашэнкі і Макея. З замежных палітыкаў — да Пуціна і Зяленскага.
Вынікі даследавання таксама паказалі, што 76% апытаных
беларусаў выступаюць за рашучыя эканамічныя рэформы, а 66% — супраць аб'яднання
з Расіяй. Пры гэтым да саюзнай дзяржавы ў большасці сваёй ставяцца станоўча.
71% апытаных адмоўна ставяцца да блакаванняў СМІ, арыштаў і
ціску на журналістаў. 65% лічаць дрэннай навіной асуджэнне Віктара Бабарыкі на
14 гадоў.
Пры гэтым па некаторых пытаннях у беларускага грамадства
няма кансенсусу. Напрыклад, па БелАЭС, санкцыях i Дні народнага адзінства.

Аналітык Серж Харытонаў лічыць, што «вынікі апытання адлюстроўваюць тэктанічныя змены, якія адбыліся ў беларускім грамадстве за паўтара года. Беларусь стала на шлях Чэхаславакіі і краін Балтыі ў канцы 1980-х. Зацяжная барацьба з дыктатурай завершыцца поўным крахам таталітарызму і замацаваннем праеўрапейскай нацыянальнай палітыкі».


