Валерый Карбалевіч: Адносіны паміж Беларуссю і Расіяй сталі нашмат складаней, назапашваюцца супярэчнасці
Ці будуць падпісаныя 4 лістапада саюзныя праграмы?
Яшчэ ў пачатку верасня падчас прэс-канферэнцыі ў Маскве
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што дамовіліся адносна
падпісання саюзных праграм. Нават назвалі дату — 4 лістапада, калі ў Расіі
адзначаецца Дзень народнага адзінства.
Але чым бліжэй дзень Х, тым менш аптымістычных заяў чуваць з абодвух бакоў. Ці будуць падпісаныя ў бліжэйшы час дадзеныя праграмы? З гэтым пытаннем «Салідарнасць» звярнулася да палітолага Валерыя Карбалевіча.
— Сапраўды, тут вельмі шмат нявызначанага. Было паведамленне, што міністры замежных спраў мелі зносіны адносна пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета, але пра дату нічога не паведамлялася. Здаецца, што дата ўсё яшчэ да канца не вызначана. І тым больш не вызначана, дзе ўсё гэта будзе адбывацца — у Мінску ці Маскве.
Ёсць пытанні па парадку дня. Нядаўна «Коммерсант» паведамляў, што бакі пакуль не гатовыя падпісаць гэтыя 28 праграм. На карысць
дадзенай версіі сведчыць тое, што саюзныя праграмы так і не былі апублікаваныя,
хоць было абяцанне зрабіць гэта.
Яшчэ адна дэталь — пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў
абароны Беларусі і Расіі. Там на Лукашэнку і Пуціна ўскладваюцца новыя абавязкі,
а менавіта — зацвярджэнне Ваеннай дактрыны. Расійскі міністр Шайгу чамусьці
назваў гэтую дактрыну новай, хоць ёй ужо тры гады.
Вельмі цікава наконт падаўжэння тэрмінаў размяшчэння двух
расійскіх ваенных аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі. Шайгу заявіў, што бакі
падпісалі дакументы адносна іх, а вось БелТА пра гэтыя аб'екты нічога не паведамляе.
На сайце Мінабароны Беларусі наогул напісана, што бакі толькі абмеркавалі, а не
падпісалі дакументы. Тут таксама ёсць пэўныя нестыкоўкі.
Я б яшчэ прыгадаў, што Пуцін не прыехаў у Мінск на саміты
СНД і ЕАЭС, хоць раней Пяскоў паведамляў, што ў графіку прэзідэнта Расіі такі
візіт быў. Усё гэта кажа аб напружанасці ў адносінах.
Адным з пунктаў напружанасці я б назваў сітуацыю з «Комсомольской правдой». Я б не сказаў, што гэта адзіны супярэчлівы момант, але ён таксама існуе і вельмі важны. Пра «Камсамолку» ўспамінаў і міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, наведваючы Мінск. Ён казаў пра дадзеную сітуацыю з Макеем. Такая пазіцыя беларускага боку ў дадзеным пытанні трохі здзівіла Маскву.
Мне здаецца, што стасункі паміж краінамі сталі нашмат
складаней, чым гэта было нават у верасні, калі Пуцін і Лукашэнка сустракаліся ў
Маскве. Пасля гэтага ж сталі назапашвацца супярэчнасці.
Я б успомніў, што Лукашэнка не прыняў у сябе міністра
Лаўрова, калі той знаходзіўся ў Мінску, хоць, здавалася б, ён гатовы прыняць
самага заняпалага расійскага губернатара. А тут цэлы міністр замежных спраў.
Гэта было вельмі дзіўным.
Непадпісанне праграм было б скандалам. Бакі ўжо аб'яўлялі, што аб усім дамовіліся, нават правялі прэс-канферэнцыю, а тут раптам нічога не падпісалі. Калі яны не дамовяцца да 4 лістапада, то могуць проста перанесці дату Вышэйшага дзяржсавета. Могуць спаслацца на пандэмію, тым больш, што ў Расіі міні-лакдаўн да 7 лістапада.