Тэхнічная ці палітычная адсутнасць? Пасол Кітая не прыйшоў на «Усебеларускі народны сход»
Пасла Кітая Се Сяоюна не было сярод іншых дыпламатаў на «Усебеларускім народным сходзе».

Се Сяоюн, фота БелТА
Пры гэтым вядома, што адпаведнае запрашэнне, як і кіраўнікі астатніх дыпмісій, Сяоюн атрымаў. «Згодна з пратакольнымі правіламі, беларускі бок аднолькава ставіцца да ўсіх кіраўнікоў дыпламатычных місій», — адказалі ў Міністэрстве замежных спраў на пытанне «Нашай Нівы».
Яшчэ ў панядзелак, 8 лютага, БелТА публікавала вялікае інтэрв'ю кітайскага пасла.
Ці магчыма, што пасол не захацеў ісці праз рызыку каронавіруса? Кітайцы дома праводзяць у гэтым сэнсе строгую палітыку. Але гэтая версія выглядае спрэчна — вядома, што дыпламаты не цалкам самастойныя ў сваіх дзеяннях, бо выконваюць загады свайго міністэрства. Кітайцы тут наздвычай кансерватыўныя — пасол можа праігнараваць мерапрыемства ў іншай краіне, калі з «цэнтра» не прыйшло каманды туды ісці.
Як было ў мінскім выпадку, незразумела.
Вядома, што нягледзячы на ўзнёслую палітычную рыторыку, наша гандлёвае сальда з Кітаем застаецца адмоўным, парк «Вялікі камень» працягвае існаваць у эмбрыянальным стане.
Ëсць падставы меркаваць, што Кітай расчараваны зрывам уступлення Беларусі ў Сусветную гандлевую арганізацыю. Акрамя таго, Кітай негатыўна ўспрымае канфлікт Лукашэнкі з Польшчай, Літвой і Украінай, бо для рэалізацыі іх канцэпцыі «Пояса і шляху» важна, каб Беларусь мела добрыя адносіны з суседзямі з выйсцем да мора.
Варта адзначыць, што Кітай падтрымлівае роўныя і даволі цесныя эканамічныя сувязі з Украінай, якая атрымала свабодны доступ на прэміяльны еўрапейскі рынак.